АКУПАНЦКАЯ РАСПРАВА НАД БЕЛАРУСАМ

Сакратар Управы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Уладзімер Раманцоў апісаў, як супрацоўнікі лукашэнкаўскай міліцыі ўварваліся ў ягоную кватэру і прымусілі зьявіцца на судзілішча ў справе яго адмовы выконваць незаконнае патрабаваньне рэжыму здаць адбіткі пальцаў. Такіх выпадкаў па ўсёй краіне зафіксавана ўжо цэлы шэраг. Трэба адзначыць, што рэжым на працягу апошняга года перасьледуе сп. Раманцова, спрабуючы вымусіць яго. На вялікі жаль, бальшыня грамадзянаў Беларусі паслухмяна выканала гэтую антызаконную працэдуру, замест таго, каб масавым пратэстам сарваць падступны план рэжыму.

Вядома, што рэжымны КГБ РБ зьяўляецца філіялам, падпарадкаваным спэцслужбам чужой дзяржавы — менавіта ФСБ Расеі. Усе дадзеныя на нашых грамадзянаў будуць выкарыстоўвацца маскоўскай канторай, вядомай майстэрствам наладжваць правакацыі. Кампанія татальнай дактыласкапіі дарослага насельніцтва Беларусі незаконная і парушае нашы грамадзянскія правы. Ёсьць яшчэ адна лекцыя па дзеяньнях рэжыму: нельга дапускаць на тэрыторыю свайго пражываньня прадстаўнікоў рэжыму, якія ня маюць санкцыі пракурора. Ня трэба разьлічваць на іхную “ прыстойнасьць” (яе ў іх няма) або, тым больш, на “офіцерскую честь” (яны ня ведаюць што гэта такое). Іхныя дзеяньні ад пачатку да канца прыведзенага эпізоду зьяўляюцца суцэльным парушэньнем закону, учынкамі людзей нізкага разьвіцьця.

Алесь Хадасевіч


Сьвадчаньне спадара Раманцова

Вечарам 6 сакавіка мне патэлефанаваў незнаёмы чалавек і патрабаваў, каб я тэрмінова прайшоў дактыласкапічную рэгістрацыю. Пры гэтым ён дадаў, што сёньня ж прыйдзе да мяне дадому і правядзе гэтую працэдуру. Я, натуральна, адмовіўся і ад рэгістрацыі, і ад візіту незнаёмага мне чалавека. Спадзяваўся, што на гэтым усё і закончыцца. Прыкладна а дзесятай вечара ў дзверы пазванілі. У гэты час павінен быў прыйсьці з трэніроўкі мой сын, і я спакойна адчыніў дзверы. На парозе стаялі два чалавекі, адзін з якіх быў ў форме маёра міліцыі, другі — у цывільным адзеньні.

Яны не назвалі сябе, а чалавек у форме сказаў, што я павінен зараз жа здаць адбіткі пальцаў. Мяне абурылі такія паводзіны. Невядомыя людзі прыйшлі ў кватэру без дазволу, не назвалі сябе і пачалі нешта патрабаваць. Акрамя таго я ведаў, што згодна з дзеючым заканадаўствам, а менавіта, Палажэньнем аб парадку правядзеньня дабраахвотнай і абавязковай дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі, абавязковая дактыласкапічная рэгістрацыя ваеннаабавязаных праводзіцца пры наяўнасьці накіраваньня адпаведнага дзяржаўнага воргана або іншай арганізацыі на абавязковую дзяржаўную дактыласкапічную рэгістрацыю па устаноўленай форме. Такога накіраваньня я не атрымліваў. Пагэтаму ніякіх падстаў, нават фармальных, для праходжаньня дактыласкапіі не было. І я адмовіўся яе праходзіць. Тады чалавек у форме пачаў складаць на мяне пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні па артыкулу 23.4 “Непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў” Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Я патрабаваў, каб людзі назвалі сябе. Чалавек у форме паказаў мне сваё пасьведчаньне. Гэта быў участковы інспектар Цэнтральнага РУУС г. Мінска маёр міліцыі Голуб В.А. А чалавек у цывільным так сябе і не назваў (толькі на судзе 23 сакавіка б.г. высьветлілася, што гэта супрацоўнік РУУС Шантыр Д.П).

Але, нягледзячы на абсурднасьць, Голуб склаў пратакол аб правапарушэньні і паведаміў, што я павінен з'явіцца ў суд Цэнтральнага раёнА г. Мінска а 10 гадзіне 16 сакавіка.

У пратаколе таксама было пазначана, што я павінен з'явіцца ў суд Цэнтральнага раёна г. Мінска 16 сакавіка бягучага года а 10 гадзіне раніцы. Участковы міліцыянер даў указаньні судовай уладзе. Судовае паседжаньне 16 сакавіка адбылося, але прысуд вынесены ня быў, — не з'явіліся “сведкі”-міліцыянты.

Прызначанае на 23 сакавіка паседжаньне адбылося са спазьненьнем. Сьведка Шантыр Д.П. спазьніўся і ўсе павінны былі яго чакаць. Ён адказаў на пытаньні суддзі Якунчыхіна, пасьля чаго быў адпушчаны. Мае аргументы на незаконнасць складзенага пратаколу былі праігнараваны. “Суд” вынес пастанову аб спагнаньні з мяне штрафу ў памеры трыццаці базавых велічынь.

Такое вось цяпер у Беларусі.

Уладзімер Раманцоў