СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

29 сакавіка Радыё Свабода паведаміла пра “сустрэчу эўракамісара Штэфана Фюле з лідэрам руху “За свабоду” А. Мілінкевічам”. На сустрэчы абмяркоўвалася праграма мадэрнізацыі Беларусі. Раней, памятаем, гэтага А. Мілінкевіча называлі “адзіным дэмакратычным лідарам Беларусі”. Так яго ўжо даўно ніхто не называе, бо ён такім ня быў і ня ёсьць. Таму слухачы-чытачы Радыё ў камэнтарах пачалі пытацца, а чаму Мілінкевіч, а хто яго ўпаўнаважваў на такія перамовы? Пытаньні застаюцца рытарычнымі.

Можна задаць, аднак, галоўнае пытаньне А. Мілінкевічу. Пра якую гэта ён з Фюле мадэрнізацыю? Яны што, не разумеюць, што пад акупацыйным рэжымам у Беларусі ня можа быць ніякой мадэрнізацыі? Што мадэрнізацыя і ўсё астатняе магчымыя толькі пасьля вырашэньня галоўнага нацыянальна-дзяржаўнага пытаньня — ліквідацыі лукашызма, яго вертыкалі і прамаскоўскага рэжыму ў цэлым.

* * *

30 сакавіка ў Сеціве зьявіліся паведамленьні пад тытулам “Газпром” нацэліўся на беларускую электраэнэргетыку” (http://news.tut.by/economics/281784.html). Інтэрнэт-газэта TUT.By так падала гэтую навіну: “На мінулым тыдні намесьнік старшыні ўправы расейскага холдынгу Андрэй Круглоў заявіў пра жаданьне разгледзець магчымасьці супрацоўніцтва з Беларусьсю ў гэтай сфэры”.

Злачынная палітыка рэйдэрскага захопу беларускай народнай маёмасьці падаецца маскоўскімі драпежнікамі пад словаспляценьнем “жаданьне разгледзець магчымасьці супрацоўніцтва”. “Супрацоўніцтва” паміж крымінальнікам і аб'ектам (ахвярай) крымінальнага нападу — гэта арыгінальна сфармулявана. Што ж, стыль выказваньняў і дзеяньняў даўно знаёмы. Расейскі бандыцкі капітал вызначыў яшчэ адзін важнейшы сэктар нашай эканомікі як мэту пакрокавай акупацыі нашай краіны. Ня трэба быць вытанчаным экспэртам, каб зразумець, што захоп Масквой нашай электраэнэргетыкі будзе азначаць поўны акупанцкі кантроль над беларускім энэргазабесьпячэньнем. Масква будзе эксплуатаваць нашую энэргасістэму і спэцыялістаў, атрымліваць свае дывідэнты, а наш народ будзе аплочваць шалёныя кошты за электраэнэргію. Да таго ж, у Масквы будзе яшчэ адзін рычаг гвалтоўнага ўзьдзеяньня на нашу краіну. Зразумела, што антыбеларускі рэжым-лукашызм прадасьць за бясцэнак нашую чарговую народную каштоўнасьць. Гэта ёсьць рэжым нацыянальна-дзяржаўнай здрады.

* * *

Апошнімі днямі Лукашэнка зрабіў некалькі прыкметных публічных выступаў. Паслухаць-пачытаць цікава, таму што ў іх — пра наша жыцьцё. 30 сакавіка ён абвясьціў праграму суцэльнай прыватызацыі і доўга займаўся акцёрскім мастацтвам перад сваімі міністрамі і тэлекамэрамі. “Калгасны трагік” шматслоўна пераконваў, што, прыватызуючы, “трэба не забывацца, што ўсё гэта народная маёмасьць” і г.д. Калі раней многія людзі яшчэ ўслухоўваліся ў ягоныя бясконцыя “рэчытацівы”, то цяпер ухапілі самае галоўнае і ўстрывожыліся. Пахан і ягоны абшчак заявілі, што зьбіраюцца распрадаваць нашую народную маёмасьць. Такім чынам, уся балбатня пра “сацыялістычную мадэль” і “захаваньне савецкай спадчыны” аказалася проста балбатнёй, як і папярэджвалі грамадзтва патрыёты-фронтаўцы. Грунтоўна разрабаваўшы Беларусь, хунта выходзіць на апошні этап здачы нашай краіны і ўсяго, што ёсьць у ёй, у крывавыя рукі бандыцкага капіталу. Паводле ранейшых падзеяў у гэтай сфэры, можна з упэўненасьцю сказаць, што разпродаж будзе зьдзяйсьняцца за бясцэнак, паводле сістэмы мафійных “адкатаў” і бандыцкага валюнтарызма. Чый жа гэта бандыцкі капітал?

Адказ на гэтае пытаньне мы атрымалі на наступны дзень у наступным маналогу “калгаснага трагіка”. Лукашэнка заранёў віншаваў народы з 2-м красавіка, з “днём яднаньня народаў РФ і РБ”. Вось цытаты з віншаваньня: “Союз Беларуси и России стал настоящим флагманом интеграционных процессов на постсоветском пространстве... Уникальные наработки, созданные и приумноженные в рамках союзного строительства с учетом передовых моделей межгосударственных отношений, мы результативно используем в более широких интеграционных форматах”.

Крывавы капітал, які будзе захопліваць нашу краіну, — гэта расейскі капітал, якімі б ён “нэпальскімі бізнэсмэнамі” ні прыкрываўся. Беларусы павінны ўсьвядоміць, што ўсім нам трэба салідарна ратаваць нашую нацыянальную маёмасьць. Спрацоўвае ўнівэрсальная формула: хто аддасьць ворагу сваю мову і культуру, у таго вораг адбярэ і маёмасьць.

* * *

У Смалявіцкім раёне фармуецца і расьце народны супраціў пабудове лукашэнкаўскага “Кітай-гораду” на нашай зямлі. Людзі ўжо ня хочуць баяцца і гуртуюцца, каб абараніць сваю маёмасьць. І вось, як чорцік з табакеркі, на Смалявіччыне зьявіўся і пачаў актыўную дзейнасьць вядомы правакатар А. Дзімітрыеў. Той самы, які першым з шэрагаў псэўдаапазыцыі ўжо ўвечары 19 сьнежня 2010 года, пачаў здаваць дыктатуры сваіх сяброў-“апазыцыянэраў”. Нагадаем, што гэта ён заявіў пасьля жорсткай расправы над паэтам-кандыдатам Ул. Някляевым: “Міліція не віновата...” У якой іншай краіне спэцслужбы хавалі б недзе вельмі глыбока свайго спаленага агента. Але ў нашай акупаванай краіне Дзімітрыеў зноў усплыў і нават пачаў прадстаўляць “беларускую дэмакратыю” на міжнароднай арэне. Але вось для рэжыму ўзьнікла пагроза на смалявіцкім накірунку... Раптам правакатар-“палітык” пераўвасобіўся ў правакатара-“эколага”. Ён пачаў плесьці нейкую структурку з смалявіцкіх людзей, узначаліў яе і пачаў хадзіць па ворганах смалявіцкай раённай улады ды “шукаць праўды” на кітайскі праект.

Разумным людзям зразумела, што рашэньне аб крымінальным засяленьні чужой расай Смалявіцкага раёну прымалася зусім не смалявіцкай раённай уладай. Тут спрацавала вось Масква-Пекін-Лукашэнка. І трэба разглядаць гэты праект як план зьнішчэньня ня толькі Смалявіччыны, але ўсяе Беларусі. То й трэба падымаць усю Беларусь на супраціў гэтаму антынароднаму злачынству, у першую чаргу насельніцтва Менску, мільёны людзей. Але правакатар атрымаў ад сваіх начальнікаў заданьне перавесьці нашу нацыянальную драму ў кулуары правінцыйнага райвыканкаму. Каб пратэстная энэргія і заглохла там, у бессэнсоўных спрэчках з раённай вертыкальлю. Зьдзіўляе, аднак, гэбоўская самаўпэўненасьць і недалёкасьць. Яны сапраўды лічаць беларусаў дурнямі, падсылаюць да іх свайго агента, спрэс абвалянага ў пер'е, і мяркуюць, што людзі пойдуць за гэтым “лідарам”. Трэба гнаць ад сябе гэтых палітычна нячыстых крэатур і арганізоўваць сапраўдны салідарны народны пратэст.

Янка Базыль