МАСКІ-ШОЎ: ДЗІЎНАЯ “АКЦЫЯ САЛІДАРНАСЬЦІ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ”

22 красавіка Сеціва паведаміла пра падзею ў Варшаве. Тамака адбыўся вулічны канцэрт пад аптымістычным назовам “Салідарныя з Беларусьсю”. Цікава, што аўтары паведамленьняў не паведамлялі, што за музыка гучала са сцэны, хто арганізаваў гэтую падзею. Затое ўсіх назіральнікаў-рэпарцёраў зацікавіў “фотафакт”, які яны з задавальненьнем перадавалі чытаючай публіцы. На фота ў Сеціве (напрыклад, на старонцы “Нашай Нівы”) бачная даволі вялікая маса маладых людзей. Над імі ўзьняты адзін Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. А ў першых шэрагах стаяць гледачы з тварамі, закрытымі папяровымі маскамі. Колер масак — бел-чырвона-белы. Да гэтай гамы дадазены таксама некалькі штрыхоў, якія стылізаваным чынам перадаюць выяву вусаў. Атрымалася на выгляд ці то кур'ёзна, ці то злавесна. У Варшаве няма прычыны хаваць свае твары, каб не патрапіць пад рэпрэсіі, Польшча — дэмакратычная краіна. Чаму ж некалькі дзесяткаў маладых людзей схавалі свае твары, і гэты натоўп выглядае, як нейкія штампаваныя іншапланецяне з апавяданьняў Станіслава Лема? Надта ж дзіўная атрымалася “акцыя салідарнасьці з Беларусьсю”.

Нагадаем, што на акцыях салідарнасьці з народам паняволенай краіны прынята з пашанай ставіцца да нацыянальна-дзяржаўных сымвалаў гэтай краіны (тым больш, калі яны забаронены акупацыйным антынародным рэжымам). Традыцыйна грамадзяне прыязнай краіны выходзяць на такія акцыі пад сваім нацыянальным сьцягам і пад сьцягам краіны, зь якой яны дэманструюць сваю салідарнасьць. У Варшаве ж гэтым разам ўсё выглядала, як нейкі псэўдаапазыцыйны моб-шмоб, з элемэнтамі падлеткавага арыгінальнічаньня. Мяркуем, што вусатая маска — гэта злы шарж на Лукашэнку. Шаржыстам падалося, што гэта будзе сьмешна. Але чаму яны наляпілі лукашэнкаўскія вусы на бел-чырвона-белую сымволіку, якую дыктатар люта ненавідзіць і зьнішчае? Нагадаем, што беларусам, якія былі салідарныя з польскім народам у часы прамаскоўскай хунты Ярузэльскага-Кішчака, не прышло б у галаву вырабляцца ў шаржыраваных масках з рысамі начальнікаў хунты на фоне польскай бела-чырвонай сымволікі. Беларусы да такой формы “салідарнасьці” проста не дадумаліся б.

І ўсё ж, хто дадумаўся да “масак-шоў” у Варшаве? Няўжо польскія арганізатары? А можа ім гэта падказалі канторскія зухі з такзваных “беларускіх цэнтраў” і “цэнтрыкаў”, якіх у Польшчы цэлая плойма пад кіраўніцтвам адыёзных постацяў кшталту Слуцкай, Кобеца і іншых? Гэта ёсьць іхны псэўдаапазыцыйны стыль — ператвараць у прафанацыю ўсё сьвятое і беларускае, перакручваць і дурыць, хлусіць і цынічна рагатаць. Яны могуць быць задаволенымі, іхны моб-шмоб “удаўся”, пра яго паведамілі ў Сеціве, нават забыўшыся паведаміць пра галоўнае.

Прыкра ўсё гэта. Няўжо няма ў Польшчы ураўнаважаных людзей, якія б зразумелі, што гэта гнюснасьць і надралі б вушы яе носьбітам?

Юрка Марозаў