ІМПРЭЗА Ў ТБК

26 траўня, як звычайна ў апошнюю суботу месяца, у ТБК у Вільні адбылася чарговая імпрэза. За весну ў Вільні адбыўся цэлы шэраг падзеяў зьвязаных з беларускай культурай, а таму асноўнай тэмай імпрэзы была прэзэнтацыя мерапрыемстваў.

На пачатку імпрэзы прэзыдэнт студэнтскае асацыяцыі “StudAlliance” Кірыл Атаманчык прэзэнтаваў сэрыю мерапрыемстваў, арганізаваных асацыацыяй, пад назвай “Беларуская вясна”. У межах гэтае кампаніі адбыўся шэраг фотавыставаў, мастацкіх перфомансаў, а напрыканцы траўня кампанію гучна закончыў канцэрт “Салідарнасьць зь Беларусьсю” на якім выступілі вядомы Берасьцейскі альтэрнатыўны гурт “Сьцяна” і ня меньш вядомы выканаўца хіп-хопа Вінсэнт (які згуляў асноўную ролю ў фільме “Жыве Беларусь”..

Далей мерапрыемства працягнуў віленскі беларускі навукоўца Юрась Юркевіч. Юрась, з дапамогай калегаў, апошнім часам зрабіў велізарную працу па збору невядомых дакумэнтаў часоў БНР. На нашай імпрэзе Юркевіч прэзэнтаваў вялікую колькасьць дакумэнтаў з сабранага матэр'ялу. Сярод дакумэнтаў, здымкі якіх паказваў навукоўца, былі невядомыя дакумэнты Антона Луцкевіча і іншых вядомых беларускіх дзеячоў, БСРГ, беларускіх вайсковых фармаваньняў таго часу, а таксама невядомыя фотаздымкі.

Таксама ў траўні гэтага году ў нашым Таварыстве адбылася надзвычай радасная падзея — споўнілася 92 гады заслужанаму чальцу нашае арганізацыі Ніне Брылеўскай. Спадарыні Ніне Бог даў насычанае падзеямі жыцьцё, доўгі час працавала настаўніцай, ад самага утварэньня ТБК зьяўляецца адданай яго прыхільніцай. Віншуем сп. Ніну зь Днём Народзінаў!

Пятро Шыба

Вільня, 30 траўня 2012 г.