ЗАМЕЖНЫ ДРУК (13–14.06.2012)

Дзікі натоўп

13 чэрвеня 2012 г. нямецкая газэта “Der Spiegel” паведаміла пра тэлефанаваньне Пуціна прэм'еру Польшчы Туску. Пуцін папракаў Туска ў тым, што польскія ўлады дапусьцілі зьбіцьцё расейскіх футбольных заўзятараў у Варшаве. Маўляў, Польшча адказная за ўсё.

Наш камэнтар: Пуцін забываецца пра адказнасьць Масквы. Як толькі шматтысячная арава маскоўскіх фэнаў села на трыбуны стадыёна ў Варшаве, яна ўзьняла і расьцягнула над сабой каласальны транспарант з надпісам “This is Russia” (“Гэта Расея”) і з выявай гіганта з нажом у руках”. У выніку некалькі тысячаў фэнаў, накрытых палотнішчам, не маглі нармальна сачыць га гульнёй на полі. Але ім і ня трэба было. Яны прыехалі ў Эўропу дэманстраваць сваю імпэрскую пыху з агрэсіўнай і дзікай, зусім не спартовай сымволікай.

Варшаўская паліцыя даволі эфэктыўна абараніла гэты натоўп ад народнага гневу. Але наступныя гарады і краіны, куды паедзе дзікі натоўп, ужо будуць адпаведна рыхтавацца да сустрэчы маскаля.

Юрка Марозаў


Дзікая імпэрыя

13 чэрвеня 2012 г. летувіская газэта “Kauno Diena” напісала, што Грузія зьвярнулася ў Міжнародны суд па правах чалавека. Грузія абвінавачвае Расею ў масавай высылцы грузінскіх імігрантаў з Расеі ў 2006-08 гг. Тады тысячы грузінаў, у тым ліку старыя і дзеці, былі выдалены з Расеі падчас дыпламатычнага канфлікту, які потым перарос у ваенную агрэсію Расеі супраць Грузіі.

Наш камэнтар: Дзікая імпэрыя ўразіла тады сваімі паводзінамі ўвесь сьвет. Масква спрабавала справакаваць грузінскі народ сваім хамствам. Калі ня выйшла, то Крэмль кінуў на Грузію свае войскі. Але і тут ня выйшла, бо народ мужна бараніў радзіму і выклікаў гэтым салідарнасьць іншых народаў.

Алесь Хадасевіч


Тупіковая пуцінская палітыка ў Сірыі

14 чэрвеня 2012 г. угорская газэта “Magyar Hirlap” напісала пра трагедыю ў Сірыі. Францыя заявіла, што ў Сірыі адбываецца грамадзянская вайна. ЗША заявіла пратэст супраць таго, што Расея ўзбройвае сірыйскі рэжым, які забівае свой народ. Былі абнародваны зьвесткі аб тым, што ў Сірыю накіроўваюцца на расейскіх караблях баявыя верталёты для Асада. Расейскі міністар МЗС Лаўроў абвінаваціў Захад у тым, што ён узбройвае сірыйскіх паўстанцаў.

Наш камэнтар: З заявай пра расейскія верталёты выступіла дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан. Такім чынам правалілася крымінальная трансакцыя Масквы па выратаваньні антычалавечага рэжыму Асада. Цывілізаваны сьвет ўвачавідкі ўбачыў злачынныя дзеяньні Масквы. Арабскія народы не хаваюць сваёй нянавісьці да Крамля і ягонай імпэрыі. Тупіковая і дурная пуцінская палітыка...

Алесь Хадасевіч


Ходзяць кругамі пад камандай падстаўных

14 чэрвеня 2012 г. італьянская газэта “Repubblica” апублікавала артыкул пад тытулам “Масква, рэпрэсіі не напалохалі. На плошчы крычалі: “Расея без Пуціна”. Распавядаецца пра шматтысячнае мітынг-шэсьце па Маскве 12 чэрвеня, пра “найбольш харызматычных лідэраў апазыцыі”. Пра тое, як усё было “масава і каларытна” (“massiccia e colorata”).

Наш камэнтар: Што ж, тытул абраны рамантычны, італьянскаму рэпарцёру ў Маскве спадабалася. Было сапраўды “каларытна”: шмат чырвоных сьцягоў, побач зь імі сьцягі “чорнай сотні”, нейкая манархічная сымволіка, вясёлкі пэдэрастаў... Пасярод калёнаў бегаў Удальцоў (падобны адначасова на менскіх Вінцучка і Славу Сіўчыка), раздаваў свае камэнтары класік “русской демократіі” Нямцоў. Ксюша Сабчак гэтым разам не прышла... Маскоўцам спадабалася хадзіць кіруемым натоўпам па сваім горадзе і гукаць супраць нялюбага Пуціна. І Пуцін задаволены: цяпер ён можа падсунуць пад нос любому амэрыканцу — а ў нас дэмакратыя, мяне вунь абзываюць па-рознаму і нічога.

Спэктакль разыграны, прызнацца, з уменьнем, Станіслаўскі б нават паверыў. Беларусам кідаецца ў вочы выразнае падабенства зь менскімі псэўдаапазыцыйнымі “маршамі” 2000-х гадоў: “марш свободы-1”, “марш свободы-2”, “марш за хорошую жізнь”, европейскій марш свободы”... Людзі тады пахадзілі на гэтыя шоў (ня так, праўда, масава, як у Маскве), а потым урэшце разабраліся, што вінцучкі-хадыкі-лебедько хватка карыстаюцца імі, водзяць іх па кругу ды зарабляюць сябе халяўныя гранты. Беларусы на гэтыя “маршы” хадзіць перасталі. Можа і да маскоўцаў гэта дойдзе. Трэба было фальшывыя “выбары” байкотам правальваць, цяпер хадзіць кругамі пад камандай падстаўных бессэнсоўна.

Алесь Хадасевіч


Прысуд Бэн Алі

14 чэрвеня 2012 г. ангельская газэта “Independent” паведаміла пра прысуд вайсковага трыбунала ў сталіцы Туніса. Скінуты летась прэзыдэнт краіны Бэн Алі асуджаны на 20 гадоў турмы за “падбухторваньня да гвалту”. Бэн Алі пасьпеў уцячы ў Савудаўскую Аравію. Ягонае падзеньне натхніла народы на Арабскую Вясну.

Наш камэнтар: Мяркуем, што падзеньне лукашызму ў Беларусі будзе сігналам да новай Вясны Народаў у нашым рэгіёне. Няхай лукашыстоўскія злачынцы не спадзяюцца, што пазьбегнуць справядлівага прысуду трыбуналу.

Юрка Марозаў


Чарговы канцэрт эўрапейскай балалайкі

14 чэрвеня 2012 г. славацкая газэта “Hospodarske noviny” апублікавала артыкул пад тытулам “Карані нянавісьці паміж Польшчай і Расеяй”. Цытуем тэкст: “Суседскія адносіны паміж расейцамі і палякамі працягваюцца больш за тысячу гадоў. Яны поўныя канфліктаў і нянавісьці. Нелюбоў узмацнілася ў другой палове 18-га стагоддзя ў выніку трохразовага падзелу Польшчы, калі частку нашых паўночных суседзяў прысабечылі менавіта расейцы.” І г.д.

Наш камэнтар: Вось такая браціслаўская “аналітыка”. Ні беларусаў, ні ўкраінцаў (якія былі і ёсьць сапраўднымі суседзямі Польшчы) гэтыя аналітыкі ня ведаюць. Чарговы канцэрт эўрапейскай балалайкі на тэму гісторыі. А вось беларусы ведаюць, што былі і ёсьць славакі. Нават былі тады, калі Браціслава называлася Прэшаў і была сталіцай Угорскага каралеўства. І тады, калі яна была аўстрыйскім горадам Прэсбургам.

Алесь Хадасевіч