СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

Беларусы просяцца ў лукашысцкую турму

Такіх сцэнаў яшчэ ня бачыла зямля беларуская. Фронтаўцы распавялі пра трагічны эпізод, які адбыўся ў Горках на Магілеўшчыне. Там ёсьць вялікае беспрацоўе нават сярод маладых і поўных сілаў людзей. Многія вярнуліся з “заробкаў”, па якія яны езьдзілі ў Расею. Там іх бязьлітасна эксплуатавалі, выкарысталі, грошай заплацілі па мінімуму або зусім не заплацілі, але далі курс лекцый аб тым, што ў Расею на заробкі езьдзіць больш ня трэба. Моладзь апынулася ў безвыходным становішчы. Адзін такі малады беларус, які ўжо ня мог трываць голаду і бадзяньня, падышоў на вуліцы Горак да міліцэйскага патруля. Ён прасіў аформіць на яго пратакол “за што заўгодна” і забраць яго ў КПЗ. Змучаны чалавек прасіў: “Забярыце. На нарах хаця б спаць можна пад дахам і есьці даюць...” Такія паведамленьні паступаюць, зрэшты, з розных рэгіёнаў краіны.

“Сабачая кампанія “Гавары праўду”

12 чэрвеня на старонцы Радыё Свабода зьявіўся вельмі адэкватны тытул — “Сабачая кампанія “Гавары праўду”. Маладзёны з гэтай “Говправду”, вядомыя пад крыптонімам “Zmena”, у чарговы раз ізгаляліся на вуліцах Менску. Яны вывелі на ходнікі сабак, якія трымалі ў сабачых зубах плакаты з надпісамі “Свободу Беляцкому”, “Свободу Статкевичу”, “Свободу Дашкевичу”. Атрымалася, як заўсёды, “русскоязычно” ды “прыкольна”. Абсурдных мобаў-шмобаў з удзелам дурачкоў на дзьвюх нагах гэтай гоп-кампаніі падалося недастаткова, яны пачалі засвойваць анімалістычны жанр. Прафанацыя палітычнага змаганьня працягваецца.

Паміж паханамі і кліентамі няма непаразуменьняў

Пра такіх палякі кажуць: “on nie byl milym czlowiekiem”. Маецца на ўвазе пасол РФ у Менску А. Сурыкаў. Прычым, такая ёмістая характарыстыка тычыцца ня толькі зьнешняга выгляду і паводзінаў. Абласны расейскі начальнік (у якога да таго ж тырчаць з-пад пінжака залатыя гэбоўскія пагоны) з першага дня паводзіць сябе ў Беларусі “как хозяін”. Ён лічыць, што яму ня трэба ні з чым крыцца. Таму ўважліва пасачыць за ім, паслухаць яго вельмі карысна для беларусаў.

Пад крамлёўскія фанфары ў сувязі з вяртаньне на царства Пуціна і “маўклівымі пратэстамі” вакол гэтай цырымоніі беларусы неяк расслабілі ўвагу і на імгненьне забыліся пра імпэрскую праграму паняволеньня Радзімы. А сп. Сурыкаў узяў ды рэзка вярнуў усіх на глебу рэалізму. 14 чэрвеня ён даў прэс-канфэрэнцыю ў Менску і нагадаў пра неабходнасьць увядзеньня “адзінай валюты” (расейскага рубля) у Беларусі, пра неабходнасьць прыняцьця “канстытуцыйнага акту” (так называецца імі праект інкарпарацыі Беларусі ў Расею). На наступны дзень на Радыё Свабода прагучаў цікавы тытул — “Шпілеўскі абвяргае Сурыкава”. “Незалежная журналістыка” распавяла, як гнеўна абверг пасла Сурыкава “старшыня дзяржаўнага мытнага камітэту РБ” А. Шпілеўскі.

Мы думалі, што гэты Шпілеўскі выступіў супраць планаў Масквы па разбурэньню нашай нацыянальнай валюты і нашай нацыянальнай дзяржавы. Аказалася, што лукашыстоўскі чыноўнік пра гэта аніслова не сказаў. Яму проста не спадабалася, што Сурыкаў згадаў быў пра махінацыі рэжыму з нафтай, атрыманай з Расеі. Вось і ўсё. У астатнім паміж паханамі і кліентамі няма непаразуменьняў.

У Гомлі ля гатэлю “Надежда”

14 чэрвеня Сеціва паведаміла пра даволі даўно забытую постаць нашага грамадзкага жыцьця — Вінцука Вячорку. У Гомлі адміністрацыя гатэлю “Надежда” адмовіла яму і П. Садоўскаму ў памяшканьні для правядзеньня сустрэчы з публікай. Сустрэча адбылася ў іншым месцы. Сталічныя госьці распавядалі пра беларускую мову, тапаніміку, гісторыю. Прысутным спадабалася.

Мы радыя, што сп. Вячорка ўрэшце вярнуўся ў мовазнаўства і фальклор, адкуль ён у свой час так неасьцярожна падаўся ў палітыку. У палітыцы ён запомніўся няшчырымі словамі і паводзінамі, схільнасьцю да кодэксу “чего ізволіте”. Пікам ягонай кар'еры быў раскол БНФ у 1999 годзе (разам з групай таварышаў) і жаданьне атабарыцца ў крэсьле старшыні Народнага Фронту. Вячорку папярэджвалі, што пэўныя сілы ім пакарыстаюцца і выкінуць яго прэч з палітыкі. Але ён, старшынюючы ў сваім псэўда-БНФ, на поўным сур'ёзе стаў удаваць з сябе замену Зянону Пазьняку і сапраўднаму Народнаму Фронту. Нічога, аднак, ня выйшла. Зьявіліся маладыя асобы з афіцэрскай выпраўкай начале з А. Янукевічам і такі выкінулі сп. Вячорку прэч з палітыкі.

Спадзяемся, што цяпер гэты “філёляг” можа прынясе грамадзтву якой-небудзь карысьці.

Всех белорусов на парашу

У сярэдзіне чэрвеня ў Менску і іншых гарадах краіны назіраліся брутальныя сцэны. У іх была пэўная прэлюдыя: на працягу некалькіх месяцаў па вуліцах нашых гарадоў езьдзілі вялікія зялёныя ЗІЛы-аўтазакі — апошняе вынаходніцтва антынароднага рэжыму. У вялікую закратаваную будку гэтай паліцэйскай машыны можна закінуць дзесяткі людзей. Падобна, што рэжым дэманстраваў “сваю сілу і рашучасьць” грамадзтву, аддаючы загад гэтаму транспартнаму сродку дыктатуры на фланіраваньне па мірных вуліцах.

Людзі заўважылі гэты рух, але многія падумалі, што гэта “задумана для палітычных, а нас не датычыцца, мы палітыкай не цікавімся”. Але вось прэлюдыя скончылася. 12-13 чэрвеня аўтазакі рэзка тармазілі перад імправізаванымі рынкамі (каля станцый мэтро і пасярод гарадзкіх кварталаў). З аўтазакаў выскаквалі 2-мэтровыя амоны і накідваліся на гандляроў (амаль пагалоўна гэта пажылыя жанчыны, што гандлююць гароднінай, кветкамі і г.д.). Жанчыны кідаліся на ўцёкі, часта пакідаючы свой няхітры тавар. Але паліцэйшчына захоплівала іх і пхала ў аўтазакі.

“Зачысткі” праводзіліся па некальку разоў на дзень. Усё нагадвала захоп закладнікаў падчас нямецкай акупацыі. Крыкі, енкі, плачы... Тыя, хто “палітыкай не цікавіцца”, глядзелі на дзікія сцэны ў поўнай разгубленасьці. Чарговая хваля запалохваньня грамадзтва накрыла ўсіх, не разьбіраючы: і тых што хавалі галаву ў пясок, і тых, якія да гэтага часу яшчэ ня ведалі, , што ў лукашызма ўсе “палітычныя”.

Перакуленыя лукашызмам

Як толькі прагучалі заявы ўдзяржаўленых жулікаў пра неабходнасьць увядзеньня ў Беларусі расейскага рубля, імгненна адрэагавалі дробныя крымінальныя жулікі. Па гарадах і вёсках Беларусі пайшлі групкі крымінальнікаў (часьвей за ўсё цыганкі). Жулікі заходзяць у кватэры і дамы ў асноўным пажылых людзей і прадстаўляюцца работнікамі сацзабесьпячэньня. Яны распавядаюць пра ўвядзеньне ў хуткім часе расейскага рубля і прапануюць свае паслугі: “У абменных пунктах і банках будуць вялікія чэргі, дык мы прапануем вам памяняць выгадна вашы грошы цяпер”. Яны забіраюць у пажылых назапашаныя сумы “на абмен” і зьнікаюць. На жаль, вера ў “сацыяльную дапамогу ад рэжыму” яшчэ існуе ў нашым грамадзтве. Дэмагогія і цынічны падман даўно зрабіліся “маральнай устаноўкай” рэжыму. Жыцьцё, перавернутае лукашызмам дагары нагамі, заблытала нашых людзей, пазбавіла іх здольнасьці адэкватна рэагаваць на падман і пагрозу. Выйсьцем з гэтага тупіка ёсьць народная Беларуская Салідарнасьць, салідарная самаабарона нашага грамадзтва і ліквідацыя антынароднага рэжыму.

Янка Базыль