НЯ БЫЦЬ СКОТАМ


Паважаныя людзі! Прыгледзьцеся ўважліва да палкоўніка, які прыслужвае пацанёнку Лукашэнкі. Гэта ж трэба так не паважаць сябе!

На гэтага палкоўніка адзін ў адзін падобныя тыя служкі рэжыму, якіх рэжым выкарыстоўвае для арганізацыі фальшывых выбараў. Гэта такія во прыслужнікі будуць прымушаць студэнтаў, вайскоўцаў, рабочых ісьці на выбарчыя ўчасткі, арганізоўваць масавае датэрміновае і хатняе галасаваньне, фальсіфікаваць вынікі галасаваньня. У гэтую хэўру прыпісаліся і псэўдаапазыцыянэры, якія будуць дурыць людзей, каб зацягнуць на выбарчыя ўчасткі. Падключана цэлая армія “экспэртаў”, “аналітыкаў” і журналістаў, у тым ліку так званых “незалежных”, для ашуканства і хлусьні. Тут зноў абяцаньні: 500 даляраў, падвышэньня пэнсій, стварэньня новых рабочых месцаў і г.д. Раскручаны той жа “лахатрон”, як і ў 2010 годзе перад лукашэнкаўскімі “выбарамі”. Яны думаюць, што людзі забыліся, як іх абабралі пасьля гэтых “выбараў”. Зноў падстаўляюць беларусам свае старыя граблі і чакаюць, што людзі на іх наступяць.

Усім прыслужнікам трэба паслухаць песьню Сяргея Міхалка “Ня быць скотам” на словы Янкі Купалы ( можна знайсьці тут: http://tuzin.fm/content/catalog/mp3/liapis_nia_byc_skotam.mp3). Скацінства ёсьць непавага да людзей. Што значыць ашукваць, фальсіфікаваць і прымушаць усіх да галасаваньня насуперак закону, лічыць людзей “за быдла”? Прыслужнікі, прагматыкі і згоднікі, паспрабуйце глянуць на сябе з боку. Гэта ваша пазыцыя ёсць быдлячая. Куды вас пхнуць, што загадаюць, тое вы і робіце. Прыйдзе час, даволі хутка, і вам будзе сорамна перад сваімі ж дзецьмі. Будзеце апраўдвацца, але людзі, якіх вы лічыце “быдлам”, вам гэтага не даруюць, не забудуць.

Беларусам ня трэба паддавацца на хлусьню і ашуканства такіх прыслужнікаў. Яны дзейнічаюць незаконна. Ня трэба ісьці на фальшывае галасаваньне, гэта наша законнае права. Няхай Лукашэнка і яго рэжым застаюцца самы з сабой. Няхай увесь сьвет пабачыць што “цар” голы, што ўвесь яго “гандаль” беларускай зямлёй, нетрамі, заводамі, маёмасьцю з расейцамі, кітайцамі і прайдзісьветамі незаконны.

Праграма беларусаў: БАЙКОТ РЭЖЫМУ — ЛІКВІДАЦЫЯ РЭЖЫМУ — ВЫБАРЫ БЕЗ ЛУКАШЭНКІ!

Ініцыятыва “Беларуская салідарнасьць”

http://www.biel-ruch.org/