СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

9-10 жніўня Лукашэнка куражыўся на экранах тэлевізараў. Сатана заклаў капсулу ў фундамэнт будоўлі Чарнобылю №2 у Астраўцы. Ён быў у вясёлым гуморы, казаў, што “з атама вырастае культура, адукацыя і ўсё астатняе”. Начальства, сабранае вакол яго, і некалькі купак адабранай мясцовай публікі ківалі галовамі ў знак свайго атамнага “адабрам-с”. Сцэна атрымалася макабрычная. Многія людзі, пабачыўшы гэта, да канца зразумелі, якую сьмяротную пагрозу народу і чалавецтву нясе гэты сатанінскі, антычалавечы рэжым.

На наступны дзень начальнік рэжыма выступаў на розныя тэмы. Ён празрыста намякнуў, што з “выбарамі ўжо ўсё вызначана”, маючы на ўвазе, што ў палатнікі пройдуць усе заплянаваныя і адабраныя асобы. Ён прайшоўся па “оппозіціі”. Па-рознаму абзываў яе, разам з сваёй тэлегэбельсаўшчынай распавядаў, як “оппозіціонеры” кормяцца з чужых фондаў і як раскрадаюць гэтыя фонды. Толькі начальнік рэжыму забыўся паведаміць, што гэтая “оппозіція” зьяўляецца часткай ягонага рэжыму. Мэта ўтрыманьня гэтай прадажнай публікі — дэзарыентацыя беларускага і міжнароднага грамадзтва.

* * *

Аналіз паказвае, што “спэцапэрацыя з швэдскімі мядзьведзікамі” была распрацавана хутчэй за ўсё ў Маскве, на Лубянцы — знаёмы стыль, там любяць такое. Знайшлі швэдскіх дурачкоў, аплацілі іхнія авіяпаслугі і пад тандэтны “моб-шмоб” з цацкамі разбурылі адносіны зь яшчэ адной цывілізаванай краінай, далі лукашызму зачэпку для ўшчыльненьня міжнароднай ізаляцыі Беларусі.

Але назіраецца яшчэ адзін аспэкт штучнага скандалу. Усьлед за папяровымі бусьлікамі, джынсовай парцянкай на дручку і палотнішчам Эўразьвязу ў шэраг “новай сымволікі беларускага змаганьня” настойліва навязваюцца плюшавыя мядзьведзікі. “Мядзьведзік — сымвал нашай барацьбы і дэмакратыі!” — гукае падстаўная і аплочаная публіка. Цацкі з мікраскапічнымі плакацікамі “за демократію” і “протів діктатуры” фатаграфуюць у цэнтры Менску, падаючы гэта як акт народнага супраціву. Зь мядзьведзікамі ў руках пазіруюць на “акцыі супраціву” у цэнтры Варшавы Бандарэнка, Радзіна і іншыя запісныя прамаскоўскія дзеячыкі. Гэтай “сымволікай” яны спрабуюць адсунуць у бок сьвятыя сымвалі нашага народу: Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і Пагоню. Але і гэтая правакацыя праваліцца, як праваліліся і папярэднія правакацыі з бусьлікамі і джынсой.

* * *

Патрыёты, якія распаўсюджваюць інфармацыю за Народны Байкот апошнімі днямі сустрэліся з новым відам лукашыстоўскай містыкі. Калі сам не пабачыш, не пачуеш, то не паверыш, але факты назіраюцца ў рэчаіснасьці. Да фронтаўцаў імпэтна набліжаюцца асобы розных узростаў (у асноўным жанчыны) і пачынаюць сваю “контракцыю”. На слабай якасьці расейскай мове (усё гэта мясцовыя людзі) яны выдаюць свой маналёг: “Вы неправільна дзелаеце! Нехарашо! Опомнітесь, православныя! Каждая власть ад Бога! Ізвестно уже, што еслі не станет Лукашенко і Філарета, то канец! Асфальт будет плавіцца, канец наступіт...”

Бачна, што “наша православная організація” (як называе РПЦ Лукашэнка) часу не марнуе і прамывае мазгі некаторым беларусам. Акупацыйная сістэма цудоўна разумее, што яе існаваньне магчымае толькі ў згаданым “містыкамі” дуалізме начальніка антыбеларускага рэжыму і начальніка мясцовай РПЦ. Як не выратаваць адно, то прападзе і другое. Тут у збочанай кемлівасьці ім не адмовіш. А беларусам трэба больш уважліва прыгледзецца да ўсяго гэтага ды зрабіць высновы.

* * *

14 жніўня на сайце сумнавядомай Хартыі-97 можна было прачытаць наступнае паведамленьне. Цытуем: “В Белорусском доме в Варшаве состоялась презентация первых фокус-групп в рамках проекта “Европейский диалог по модернизации Беларуси”. Результаты фокус-групп представил директор аналитического центра “Белорусская аналитическая мастерская” доктор социологических наук Андрей Вардомацкий. (...) Все названные социальные группы, которые участвовали в дистанционном исследовании, уверены в том, что реализация проекта невозможна, так как власть в силу своих амбиций не хочет идти на компромисс с Евросоюзом, а также оппозицией и гражданским обществом. Абсолютное большинство респондентов уверено, что без участия властей модернизировать Беларусь не получится”. (charter97.org/ru/news/2012/8/14/56827/).

Такім чынам, у “Белорусском доме” у Варшаве доктар аналітыкі Вардамацкі паказваў фокусы. Глядзелі на яго і слухалі ягоны спіч роўна 13 асобаў, яшчэ адна асоба ўсё гэта фатаграфавала. “Глыбокадумнасьць” балалаечнага звону імпрэзы проста ўражвае: “власть в сілу своіх амбіцій не хочет ідті на компромісс... без участія властей модернізіровать Беларусь не получітся...” Аказваецца, справа не ў тым, што рэжым у Беларусі акупацыйны і кіруемы Масквой, а ў тым, што ёсьць нейкія “амбіцыі”. А ў прынцыпе без зьнішчальнага антыбеларускага лукашызму не атрымаецца мадэрнізаваць Беларусь. Хто ж гэты “доктар” і начальнік фокус-групаў з “Белдома” у Варшаве? Зазірнем у паведамленьні Сеціва за мінулы, напрыклад, год. Там пачытаем наступнае...

Агенцыя Бела ПАН паведаміла ад 6 студзеня 2011 года: “Независимые эксперты — руководитель Научно-исследовательского центра Мизеса Ярослав Романчук и директор исследовательской лаборатории “Новак” Андрей Вардомацкий — включены в состав межведомственной рабочей группы для выработки плана действий по развитию странового маркетинга Республики Беларусь. Распоряжение о её создании 31 декабря подписал премьер-министр Сергей Сидорский. Как сообщил Я. Романчук, руководителем рабочей группы назначен заместитель министра иностранных дел Евгений Евдоченко. В её состав также вошли представители Минфина и маркетинговых структур Беларуси” (naviny.by/rubrics/politic/2009/ic_news_112_304144/).

Гэтага сп. Вардамацкага рэжым паклікаў на службу разам з сп. Раманчуком. Пры чым, зазначым, калі гэта адбылося — 6 студзеня 2011 года. Адразу пасьля крывавай нядзелі 19 сьнежня 2010 года, калі рэжым разграміў шматтысячную беларускую дэманстрацыю на плошчы Незалежнасьці ў Менску, якая пратэставала супраць сфальшаваных вынікаў прэзыдэнцкіх псэўдавыбараў. У краіне разгарнуліся дзікія рэпрэсіі, а гэтых двух спадароў “з апазыцыі” прэм'ер Сідорскі запрасіў у сваю “фокус-групу”. Вось які фокус! Менавіта тады быў спалены канторскі агент і правакатар Я. Раманчук, які першым назваў мірную дэманстрацыю пратэста “незаконнымі дзеяньнямі” і падтрымаў крывавы пагром, арганізаваны рэжымам. Разам з гэтым “супэрагентам” Сідорскі прызначыў у рэжымную структуру і сп. Вардамацкага. Гісторыя ня ведае, да якіх высноваў дапрацавалася тая “фокус-група” Сідорскага. Але ў выніку “доктар-апазыцыянэр” Вардамацкі ў тым жа 2011 годзе быў пасланы ад “апазыцыі” у Варшаву, у склад “Белорусского дома” разам зь яшчэ шэрагам правераных кадраў рэжыму і спаленай гэбоўскай агентуры. Чым яны там займаюцца, мы бачым на прыведзеным вышэй прыкладзе. Займаюцца яны гэтым за ганарары Эўразьвязу. Эўрабонзы называюць гэта “дапамогай беларускай дэмакратыі”.

Янка Базыль