ЦІ ВАРТА ІСЦІ Ў НІКУДЫ БЕЗ НАДЗЕІ ПАТРАПІЦЬ ТУДЫ?

Ёсць дзьве галоўныя прычыны, якія не дазваляюць разумным і прыстойным людзям удзельнічаць у сумніўных выбарах з ужо вядомым адмоўным для беларускага народа вынікам.

Прычына першая. У Беларусі не існуе паўнамоцны парлямант як вышэйшы прадстаўнічы і адзіны заканадаўчы ворган дзяржаўнай улады. Яго ліквідацыя пачалася ў 1995 годзе, калі ў Вярхоўны Савет 12-га скліканьня былі ўведзены ўзброеныя войскі, якія прымянілі фізічную сілу да дэпутатаў, аб'явіўшых галадоўку ў знак пратэсту супраць правядзеньня па ініцыятыве прэзідэнта ганебнага рэфэрэндуму аб ліквідацыі беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, аб замене дзяржаўных сымвалаў савецкімі, аб наданні прэзідэнту права распускаць парлямант, аб эканамічных стасунках з Рсеяй. Завершана ліквідацыя парляманту была ў лістападзе 1996 года пасля незаконна праведзенага рэфэрэндума, у выніку якога была зьменена Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і ліквідаваны прынцып падзелу ўлады ў нашай краіне. Здзейсьнена гэта было гвалтоўнымі мэтадамі.

Пасля таго, як А. Лукашэнка прызначыў рэфэрэндум, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, усе рашэньні якога, паводле закона, зьяўляюцца абавязковымі і перагляду не падлягаюць, 4 лістапада 1996 года прыняў рашэньне: прызначаны рэфэрэндум аб змяненьні Канстытуцыі ня можа быць прызнаны законным, паколькі поўнасьцю супярэчыць артыкулу 78 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якім засьведчана, што парадак правядзеньня рэспубліканскіх рэфэрэндумаў вызначаецца законам. На той момант у нашай краіне законам не прадугледжваўся парадак змяненьня і дапаўненьня Канстытуцыі праз рэфэрэндум. Такім правам быў надзелены выключна Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, у той час Канстытуцыйны Суд ужо адзначыў, што А. Лукашэнка злоўжывае сваімі паўнамоцтвамі, выдаючы указы, якія не адпавядаюць Канстытуцыі і іншым законам. На той момант Канстытуцыйны Суд прызнаў такімі 18 указаў прэзідэнта.

Нягледзечы на рашэнне Канстытуцыйнага Суда, А. Лукашэнка, ў парушэнне Канстытуцыі і Закона “Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) у Рэспубліцы Беларусь,” выдаў 5 лістапада 1996 года Указ № 455, у якім сам вызначыў парадак уступлення ў сілу рашэньняў рэспубліканскіх рэфэрэндумаў аб змяненьні і дапаўненьні Канстытуцыі, а 7 лістапада 1996 года ён выдаў Указ № 459, згодна зь якім усе вынікі рэфэрэндума будуць насіць абавязковы характар.

Пасля завяршэньня ўсіх незаконных дзеяньняў па ўнясеньні змяненьняў у Канстытуцыю, А. Лукашэнка замест Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь стварыў дзьве, падкантрольныя яму палаты, якія не маюць нічога агульнага з сапраўдным парямантам, бо пазбаўленыя галоўных прыкмет і функцый парлямэнта.

Па-першае, палаты не зьяўляюцца адзіным заканадаўчым ворганам краіны, як гэта ёсць ва ўсіх дэмакратычных краінах, і як гэта было ў далукашэнкаўскай Беларусі. У сёньняшняй Беларусі дэкрэт прэзідэнта, паводле артыкула 2 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”, які прыняла палата прадстаўнікоў, па сваёй юрыдычнай сіле абвешчаны роўным з законам. Гэта дазваляе прэзідэнту прымаць дэкрэты, якія могуць супярэчыць законам, але яны не могуць быць кваліфікаваныя як незаконнныя, бо яны ўжо набылі такі ж самы юрыдычны статус, як і законы. У такіх умовах палаты не здолеюць забяспечыць выкананьне, прынятых імі законаў, нават тады, калі гэтага пажадаюць. Праўда, такое жаданьне, па вядомых прычынах, у іх не можа ўзьнікнуць. У выніку наша краіна стала жыць не па законах, прымаемых парлямантам, а па дэкрэтах і указах прэзідэнта.

Па-другое, палаты пазбаўлены права кантролю над выкананнем дзяржаўнага бюджэту, а таксама права кантролю над выкарыстаньнем дзяржаўнай маёмасьці. Фармальна палаты кожны год прымаюць Закон “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь”. Але яны не маюць права кантраляваць яго выкананьне. У іх нават няма адпаведнага воргана парлямантскага кантролю, як гэта ёсць у парлямантаў усіх дэмакратычных краін, і як гэта было ў Беларусі пад час дзейнасьці Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня, калі галоўным ворганам фінансава-эканамічнага кантролю ў дзяржаве была Кантрольная палата Рэспублікі Беларусь, падпарадкаваная парляманту.

Сёньня ў Беларусі функцыі кантролю над выкананьнем дзяржаўнага бюджэту ўскладзены на Камітэт дзяржаўнага кантролю, падпарадкаваны прэзідэнту. Паміж гэтым Камітэтам кантролю і той Кантрольнай палатай Рэспублікі Беларусь ёсць вельмі істотная розніца. Старшыню Кантрольнай палаты большасцю галасоў прызначала Сэсія Вярхоўнага Савета краіны (калектыўны ворган), і толькі яна (Сэсія) магла вызваліць яго ад пасады. Таму Старшыня Кантрольнай палаты ў сваёй дзейнасьці быў незалежны ад дзяржаўных асоб, кіраваўся толькі Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам “Аб Кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь” і іншымі актамі заканадаўства.

Старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю прызначае і вызваляе ад пасады прэзідэнт, таму ў сваёй дзейнасьці Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю поўнасьцю залежыць ад волі адной асобы. У такіх умовах немагчыма нават уявіць, што Камітэт дзяржаўнага кантролю можа дазволіць сабе арганізаваць праверку эфектыўнасці выкарыстаньня бюджэтных сродкаў, або дзяржаўнай маёмасьці прэзідэнтам ці яго адміністрацыяй.

Дарэчы, Кантрольная палата Рэспублікі Беларусь уваходзіла ў міжнародны (INTASAE) і эўрапейскі (EURASAE) ворганы парляманцкага кантролю. Актыўна і плённа зь імі супрацоўнічала, але ў 1996 годзе Кантрольная палата была ліквідавана А. Лукашэнкам пасля таго, як пачала па даручэньні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь праверку эфэктыўнасьці выкарыстаньня дзяржаўных сродкаў і дзяржаўнай маёмасьці ва Ўпраўленьні справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Па-трэцяе, палаты не зьяўляюцца прадстаўнічым ворганам улады, паколькі яны не абіраюцца шляхам дэмакратычных выбараў, што засьведчана шматлікімі групамі назіральнікаў, уключаючы еўрапейскіх і міжнародных. Таму ніводныя выбары, якія праводзяцца ў Беларусі пасля 1996 года, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю як дэмакратычныя.

Ліквідацыі парламента ў значнай ступені паспрыяла непрынцыповая пазіцыя часткі дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня, якія здрадзілі прынцыпам дэмакратыі і сваім выбаршчыкам, калі дабраахвотна перайшлі на службу рэжыму ў створаную ім палату прадстаўнікоў. У палату іх ніхто не выбіраў. Туды яны былі прызначаны на падставе пададзенай заявы. Спіс тых 110 дэпутатаў “Народная Воля” друкавала 23-25 лістапада 2010 года.

Прычына другая.

У Беларусі выбарчая сістэма не дэмакратычная. Падлік галасоў не падкантрольны грамадзтву. У такіх умовах рэжым прызначае дэпутатамі толькі сваіх, правераных на лаяльнасць, кандыдатаў. Астатнія проста не маюць ніякіх шансаў перамагчы на такіх выбарах. А. Лукашэнка ўжо даў устаноўку — не меней 30 % дэпутатаў у новым складзе палаты прадстаўнікоў павінны быць людзі, правераныя ў сёньняшняй палаце. На астатнія 60 % таксама будзе падрыхтаваны поўны спіс, узгоднены і ўхвалены кім трэба. Дык няўжо ў кагосці зь беларусаў можа ўзьнікнуць сумненьне, што дадзеная ўстаноўка можа быць не выканана?

Адзіная праблема ў рэжыма — як зацягнуць людзей на выбарчыя участкі, каб сказаць, што адбыліся выбары і выкарыстаць выбаршчыкаў дзеля ўмацаваньня сваіх меркантыльных інтарэсаў.

І вось гэта праблема рэжыма дае беларусам надзею і шанц, паводле трапных слоў неўміручага Янкі Купалы, “не быць скотам”.

Замест заключэньня

1. У сёньняшняй Беларусі парлямант як вышэйшы прадстаўнічы і адзіны заканадаўчы ворган дзяржаўнай улады не існуе. Дзьве існуючыя палаты не маюць нічога агульнага з паўнавартасным парлямантам, бо пазбаўленыя галоўных прыкмет і функцый парляманту. Яны ня здольныя вырашыць ніводнай з праблем, што ўзьнікаюць у краіне. Наадварот, падчас іх існаваньня, колькасьць і вастрыня праблем значна павялічыліся. Вось важнейшыя з гэтых праблем:

— Катастрафічна зьмяншаецца колькасьць насельніцтва Беларусі (кожны год памірае людзей болей, чым нараджаецца).

— У забруджанай чарнобыльскай зоне вырабляецца сельскагаспадарчая прадукцыя, якой атручваюць насельніцтва, у тым ліку дзяцей.

— Насуперак эканамічнай і экалагічнай мэтазгоднасьці ў самай экалагічна чыстай мясцовасьці нашай краіны пачалося будаўніцтва атамнай электрастанцыі па не прайшоўшай выпрабаваньня расейскай тэхналёгіі. Ці не новы Чарнобыль рыхтуецца беларусам?

— Хуткімі тэмпамі расьце алкагалізацыя насельніцтва.

— Разбураецца сістэма нацыянальнай адукацыі.

— Разбураецца беларуская культура.

— У беларускага народа мэтанакіравана адбіраюць беларускую мову — самую эфектыўную зброю ў абароне нацыянальных інтарэсаў. Ніхто з кіруючых асобаў краіны, у тым ліку абедзьвух палат, публічна не ўжывае беларускай мовы — дзяржаўнай мовы краіны, на вяршыні ўлады якой яны апынуліся.

Пералік ня вырашаных дзяржаўных праблем можна бясконца працягваць. Але чаму на гэтыя праблемы ніяк не рэагуе парлямант, з маўклівай згоды якога ўсе гэтыя праблемы ўзьніклі?

2. Перамагчы на недэмакратычных выбарах, дзе падлік галасоў не падкантрольны грамадзтву, ня здолее ніхто, акрамя тых, каго ўжо выбраў рэжым.

Дык навошта разумным і прыстойным людзям удзельнічаць у сумніўных выбарах з ужо вядомым адмоўным для беларускага народа вынікам? Ці ж варта, у каторы раз, наступаць на адны і тыя ж граблі?

Мікалай Крыжаноўскі

дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання, Сябра дэпутацкай Апазыцыі БНФ