ЛІБЭРАЛІЗМ СУПРАЦЬ ХРЫСЬЦІЯНСТВА АЛЬБО ГРУБАЕ ПАРУШЭНЬНЕ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА НА ЗАХАДЗЕ

Жывучы пад камуністычным таталітарызмам, савецкія людзі былі схільныя ідэалізаваць заходні сьвет, які ўяўляўся ім царствам сапраўднай свабоды і духоўнасьці. Пры сустрэчы з гэтым “царствам” аказалася, што на Захадзе даўно ўжо разгортваецца духоўны крызіс, які выклікаў у грамадзтвах пачварныя працэсы дэзарыентацыі. Фальшывае памкненьне лявацкіх лібэральна-сацыялістычных кіруючых колаў да абсалютнай роўнасьці злачынцаў і ахвяраў, а таксама талерантнасьці да ўсяго чужога і проста да брыдоты прывяло да такой дзікай блытаніны, што многія людзі перасталі ўжо разьбірацца, што ёсьць нармальным, а чаго было б лепш пазьбегнуць у асабістым і грамадзкім жыцьці.

Хрысьціянства як традыцыя, вера, Касьцёл і духоўнасьць застаецца апошнім бастыёнам абароны эўрапейскай цывілізацыі і чалавечнасьці на нашым кантынэнце. Калі б, крый Божа, лібэральная навала абрынула гэтую перашкоду для сваёй неабмежаванай дзейнасьці, то Эўропа стала б на ўскрайку бездані. Не выпадкова, што збачэнцы і ідэолагі збачэнстваў так шалёна атакуюць Хрысьціянства і хрысьціянскіх вернікаў. Пра гэта ўсё часьцей гучаць галасы ў розных эўрапейскіх краінах. Менавіта хрысьціянскія каштоўнасьці зьяўляюцца апірышчам для разумных людзей, якія супраціўляюцца духоўнаму раскладу і сатанізацыі грамадзтва. На гэтых каштоўнасьцях гуртуюцца здаровыя грамадзкія і палітычныя сілы.

Галасы трывогі гучаць у артыкуле з польскай газэты “Rzeczpospolita”, які мы прадстаўляем на нашай старонцы.

Хрысьціянаў у Эўропе дыскрымінуюць

Хрысьціяне на нашым кантынэнце ёсьць большасьцю. Але гэта не бароніць іх ад неталерантнасьці.

Карэспандэнцыя з Брусэлю.

Колькасьць веруючых людзей у Эўропе за апошнія гады вырасла, павялічылася таксама група тых, якія штотыдзень бяруць удзел у рэлігійных абрадах. І большасьць зь іх гэта хрысьціяне. Але пра гэта мы не даведаемся з СМІ — мяркуе Рока Буцільёнэ, прафэсар, палітык італьянскай хрысьціянскай дэмакратыі. Ён узяў удзел у канфэрэнцыі пра дыскрымінацыю хрысьціянаў, арганізаванай учора ў Эўрапейскім Парляманце ў Брусэлі польскімі эўрадэпутатамі і камісіяй эўрапейскіх біскупаў COMECE. Яе ўдзельнікі даводзілі, што хрысьціяне ў Эўропе ўсё часьцей спатыкаюцца з праявамі неталерантнасьці.

Назіральны Цэнтар па неталерантнасьці і дыскрымінацыі ў адносінах да хрысьціянаў у Эўропе ў сваім аналізе на працягу некалькіх апошніх гадоў налічыў каля 700 канкрэтных выпадкаў дыскрымінацыі хрысьціян. Гэта ёсьць акты рознага пляну.

Напрыклад, у Польшчы занатавана з 2009 года шэсьць такіх выпадкаў: адмова ў агульнапольскай ліцэнзіі для Тэлеканала “Трвам”, зьбіцьцё 73-гадовага ксяндза Станіслава Высоцкага невядомымі асобамі ў Сувалках, дэпэша агенцыі Associated Press з закідамі ў гамафобіі ў адрас Касьцёла , забарона арганізаваць канфэрэнцыю ў Познаньскім мэдычным унівэрсітэце на тэму канвэрсійнай тэрапіі для гомасэксуалістаў (вяртаньня іх на гэтэрасэксуалізм), штраф галоўнаму рэдактару тэлепраграмы “Госьць Недзельны” за параўнаньне абортаў з мэдычнымі экспэрымэнтамі ў Асьвенцыме, урэшце канцэрт Мадоны 15 жніўня ў Польшчы на дзень Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. На думку Назіральнага Цэнтру, на канцэрце прагучалі словы, сэнс якіх зьяўляецца абразьлівым для хрысьціянаў, дыскрымінацыйнай была таксама рэкляма канцэрта: “У гэтай краіне няма месца для дзьвюх каралеваў”.

Тое, што хвалюе абаронцаў, гэта нават не столькі акты нянавісьці або вандалізма ў адносінах да рэлігійных сымвалаў, колькі адсутнасьць рэакцыі грамадзкай думкі. — У Рыме групка лявацкіх дзеячаў выцягнула з касьцёла крыж і разьбіла яго на кавалкі. Публічнага абурэньня не было. Уявім сябе, якая была б рэакцыя, калі б такі акт датычыў сінагогі або мячэці — пацьвердзіў Фларыян Кольфхаўз з Ватыканскага Сакратарыяту.

Хрысьціянскія актывісты наракалі ня толькі на непасрэдныя акты гвалту або неталерантнасьці ў адносінах да веры, але таксама на абмежаваньні, што вынікаюць з усё большай талерантнасьці ў адносінах да меншасьцяў. На іхную думку, небясьпечным ёсьць лёзунг з заклікам да роўнасьці. — Чым больш прасоўваюць роўнасьць, тым большая можа быць дыскрымінацыя. Гэта два бакі аднаго мэдаля — сказаў адзін з арганізатараў канфэрээнцыі Ян Ольбрыхт, эўрадэпутат. Пра тое, як лібэральныя лёзунгі шкодзяць хрысьціянам, казаў Джон Дэйган з Канфэрэнцыі Шатляндзкіх Біскупаў. На ягоную думку, прапанова ўвядзеньня ў заканадаўства шлюбаў паміж асобамі аднаго пола мае парляманцкую большасьць, бо палітыкі баяцца, што іх публічна абвінавацяць у гамафобіі. Ён скардзіўся на гэйскую арганізацыю “Stonwall”, якая дыскрымінуе сваіх праціўнікаў, прызначаючы тытул Фанатыка Года. Ён скардзіўся таксама на выпадкі звальненьняў з працы мэдсёстраў, якія не хацелі асіставаць пры абортах.

Наступнай праблемай, перад якой стаіць хрысьціянства ў Эўропе, зьяўляюцца пастановы Міжнароднага Трыбуналу па правах чалавека ў Стразбурзе. — Мы маем дачыненьне з сытуацыяй, калі аб эвалюцыі каштоўнасьці ў вобласьці правоў чалавека прымаюць рашэньне не палітыкі, якія прайшлі праз выбары, а суддзі, — сказаў Конрад Шыманьскі, эўрадэпутат ад “Права і Справядлівасьці”, адзін з арганізатараў канфэрэнцыі. Найбольш прашумеў у хрысьціянскім сьвеце прысуд, вынесены наконт крыжа ў школьнай залі ў Італіі, на які паскардзілася маці двух вучняў, што паходзіла з Фінляндыі. У судзе першай інстанцыі ў 2009 годзе быў вынесены прысуд, паводле якога гэтая асоба мела рацыю і пастанаўлялася выдаліць крыж. Пасьля апэляцыі італьянскага ўраду, які падтрымалі дзесяць іншых дзяржаваў, у 2011 годзе Вялікая Палата зрабіла іншую выснову. Суддзі вырашылі, што прысутнасьць крыжа ў школе не парушае правоў бацькоў на выхаваньне дзяцей паводле іх перакананьняў і права дзяцей на рэлігійную свабоду, а таксама не парушае Эўрапейскай Канвэнцыі Правоў Чалавека. Гэты вэрдыкт хрысьціянскі сьвет прыняў з аблягчэньнем, але гэта не мяняе крытычнай ацэнкі трыбунала.

— Праблемай міжнародных судоў ёсьць факт, што засядае там усё больш акадэмічных прафэсароў і ўсё менш суддзяў-практыкаў. Яны не разумеюць штодзённай працы суддзяў на месцах, у кантэксьце краіны. І маюць схільнасьць да пашырэньня ідэалогіі. — сьцьвярджае Франсіска Хаўер Барэга, іспанскі юрыст, былы суддзя трыбуналу ў Стразбурзе. На ягоную думку, адзіным спосабам на паратунак трыбунала быў бы адыход ад палітычнай карэкцыі.

Ганна Стаеўска

(Пераклаў з польскай Валеры Буйвал)

Крыніца: польская газэта “Rzeczpospolita”, 2 кастрычніка 2012 г.