ЗАМЕЖНЫ ДРУК (08–12.10.2012)

Перажываў за грошы ў “друга Уга”

8 кастрычніка 2012 г. латвійская газэта “Diena” паведаміла пра перавыбраньне Уга Чавэса на прэзыдэнта Вэнэсуэлы.

Наш камэнтар: Хто-ніхто ў Беларусі таксама сачыў за выбарамі ў далёкай краіне. Людзі заўважылі, як трэсьліся рукі ў начальніка антыбеларускага рэжыму, калі напярэдадні ён выступаў па тэлебачаньню. Начальнік нават прызнаўся публічна: “Я всю ноч не спал!” Так ён перажываў за лёс свайго чарговага “друга”. Людзі кажуць, што напэўна ён перажываў за свае грошы, якія ляжаць у “друга Уга”. Калі б Чавэса правалілі на выбарах, то давялося б зноў перавозіць валюту самалётамі. Але куды? Усе, у каго яна ляжала раней (Мілошавіч, Кадафі), ужо скінуты і не жывуць. Застаўся б толькі Дамаск з “другам Башарам”...

Юрка Марозаў


Грэкі разабраліся

9 кастрычніка 2012 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала з Афін. Туды прыехала канцлер ФРГ Мэркэль дамаўляцца з грэцкім урадам пра рэжым эканоміі. Яе сустрэлі тысячы дэманстрантаў. Былі таксама асобы, што пратэставалі апранутыя ў фашыстоўскія ўніформы і з гітлерскімі сьцягамі ў руках. Людзі крычалі праклён імпэрыялістам і лёзунг “Не дапусьцім чацьверты Райх!”.

Наш камэнтар: Разабраліся грэкі, хто арганізаваў эўрабалаган, хочучы дамінаваць у Эўропе. Памятаюць народы, як немцы хацелі дамінаваць яшчэ пры Гітлеры. Народы не забыліся.

Алесь Хадасевіч


Людзі ў мундзірах

11 кастрычніка 2012 г. бэльгійская газэта “De Standaard” паведаміла пра акцыю французкай паліцыі, якая раскрыла і ліквідавала небясьпечную тэрарыстычную арганізацыю ў габрэйскім прадмесьці Парыжа. Арыштаваны трое маладых мусульманаў, якія былі зьвязаны з міжнароднымі тэрарыстычнымі сеткамі і мелі нават лабараторыю і матэр'ялы для вытворчасьці бомбаў. Усе яны — грамадзяне Францыі, нарадзіліся і вырасьлі тут.

Наш камэнтар: Людзі ў паліцэйскіх мундзірах ліквідуюць тэрарыстычныя сеткі. Грамадзтва ўдзячнае ім за гэта. Але ў той жа самы час іншыя людзі ў мундзірах выдаюць візы, эўрапейскія пашпарты, сацыяльную дапамогу і г.д. тысячам экзатычных асобаў, якія пнуцца ў Эўропу натоўпамі і не хаваюць сваёй нянавісьці да ўсяго эўрапейскага. Грамадзтвы стомлены лібэральным ідыятызмам.

Алесь Хадасевіч


Чарговы кур'ёз нобэлеўскай групоўкі

12 кастрычніка 2012 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала пра прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі міру Эўразьвязу. Газэта камэнтавала падзею так: “Наданьне прэміі заслужанае, але без асаблівага бляску”. Прэмію далі за “умацаваньне міру і стабільнасьці”.

Наш камэнтар: Чарговая кур'ёзная намінацыя Нобэлеўскага камітэту. Кіпу грошай далі адной вельмі багатай міжнароднай арганізацыі, якая перажывае глыбокі крызіс. Зразумела, што гэтым нехта хацеў бы падвысіць аўтарытэт брусэльскай канторы, але падобна, што атрымаецца якраз наадварот. Мільёны людзей будуць сьмяяца і паціскаць плячыма.

Алесь Хадасевіч


У Сірыі

12 кастрычніка 2012 г. нідэрляндская газэта “Algemeen Dagblad” паведаміла, што ў чацьвер сірыйская армія панесла самыя цяжкія дзённыя страты ў баях супраць паўстанцаў: 87 забітых.

Наш камэнтар: калі дзяржыморды дыктатарскага рэжыму пачыналі страляць у бяззбройных мірных дэманстрантаў, ім здавалася, што яны будуць куражыцца бясконца. Але вось народ узброіўся і пачаў страляць у прыслужнікаў дыктатуры. Так бывае часта, калі дыктатура душыць свой народ. Расплата набліжаецца.

Юрка Марозаў


Абсталяваньне для дыктатуры Асада

12 кастрычніка 2012 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” паведаміла з Масквы і Анкары. Расейскі МЗС заявіў, што праверка ў Турцыяй сірыйскага самалёта, які ляцеў у Сірыю з Масквы, “стварыла небясьпеку для пасажыраў”. Анкара адказала, што такія заявы беспадстаўныя. Турэцкая вайсковая авіяцыя прымусіла прызямліцца ў Турцыі самалёт, які ляцеў з Масквы ў Дамаск.

Наш камэнтар: Увесь шум-гам з Масквы выкліканы тым, што туркі знайшлі на борце гэтага цывільнага самалёта вайсковае абсталяваньне, якое маскоўцы загрузілі для дыктатуры Асада. У чарговы раз раскрылася, дзякуючы чыей падтрымцы стаіць яшчэ на нагах і зьнішчае свой народ дзікі прамаскоўскі рэжым Асада.

Алесь Хадасевіч


Эўраміфалогія

12 кастрычніка 2012 г. славацкая газэта “Hospodarske noviny” цытавалі экс-прэзідэнта Францыі Сарказі, які выказаўся на тэму прысуджэньня Нобэля Эўразьвязу. Сарказі сказаў вельмі сур'ёзна: “Калі б распаўся Эўразьвяз, у Эўропе была б вайна...”

Наш камэнтар: Некалі падобнае казалі пра КПСС: “Соловьи запели летом, спасибо партии за это...” На вачах утвараецца эўраміфалогія.

Алесь Хадасевіч