БЕЛАРУСАМ ТРЭБА ПАЗЬБЯГАЦЬ УЗАЕМАДЗЕЯНЬНЯ З АНТЫБЕЛАРУСКІМ РЭЖЫМАМ

(Кастрычніцкіі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

14 кастрычніка сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Наперадзе новыя задачы і новыя вызваньні” (апублікаваны). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Выступоўцы павіншавалі ўсіх сяброў Партыі з пасьпяховым завяршэньнем пэўнага этапа палітычнай дзейнасьці — перамогай Народнага Байкоту над фальшывым акупанцкім рэжымам. Гэта ёсьць перамога ўсяго нашага народу над антыбеларускай дыктатурай. Ахвярная палітычная і асьветніцкая праца нашых актывістаў дала вынік — абсалютная большасьць грамадзтва супрацьпаставілася рэжыму, не дапамаглі ні пагрозы, ні гвалт, ні рэжымныя правакацыі.

Пазыцыя непрыняцьця народам дыктатуры настолькі відавочная, што шэраг даўно засьведчаных псэўдаапазыцыйных крытыкаў байкоту раптам зьмянілі тон і лексіку і падаліся гукаць “за байкот”. Што праўда, некаторыя зь іх цяпер пачалі арыентаваць наша грамадзтва на ўдзел “у наступных выбарах 2015 года”. На гэта патрыёты-фронтаўцы кажуць, што трэба зрабіць так, каб наступныя выбары адбыліся ўжо без гэтага рэжыму, у вольнай і дэмакратычнай Беларусі.

У прапагпндысцкай паніцы рэжым нават аддаў на “спаленьне” (правал) частку сваёй агентуры, асабліва за межамі Беларусі. Напрыклад, старшыня Інфармацыйнага бюро “Салідарнасьць зь Беларусьсю” ў Варшаве, ранейшая менская камсамольская рэдактар Ю. Слуцкая прыкладае намаганьні, каб даказаць польскаму грамадзтву, што “выбары ў Беларусі адбыліся, а байкот праваліўся”. Але намаганьні гэтыя марныя (нават на Захадзе). Людзі абмяркоўваюць выбарчы фарс і робяць адназначныя высновы: у Беларусі няма парляманта; асобы, якіх рэжым прызначыў “дэпутатамі” зьяўляюцца ўзурпатарамі заканадаўчай улады ў нашай акупаванай краіне. Яны нясуць крымінальную адказнасьць за свае дзеяньні разам з тымі, хто іх прызначаў. Беларускі народ і нашую дзяржаву гэтыя асобы не прадстаўляюць.

Многія пытаюцца цяпер: а што далей? Трэба даводзіць нашаму грамадзтву, што за Народным Байкотам фальшывых выбараў павінен настаць этап Народнага Байкоту нелегітымнага рэжыму. Там, дзе гэта магчыма, людзі павінны пазьбягаць узаемадзеяньня з дыктатурай: не ўдзельнічаць у дыктатарскіх мерапрыемствах, паварочвацца плячыма да бонзаў гэтага рэжыму, ня ўдзельнічаць у іхных фальшывых сьвятах ды “ўрачыстасьцях”.

Беларусам трэба адэкватна трактаваць групоўку большых і меншых узурпатараў улады як крымінальную групоўку, якая захапіла наш Дом — Беларусь і выконвае загады варожай і чужой нам маскоўскай імпэрыі. Гэтыя крымінальнікі павінны апынуцца ў ізаляцыі ад мільёнаў нашых людзей. Без людзкой падтрымкі, працы і народнага даверу дыктатура абавязкава абваліцца. А тады трэба будзе распачынаць працэс аднаўленьня Беларусі, нармалізацыю нашага чалавечага, нацыянальнага і дзяржаўнага жыцьця. Выйсьце з тупіка магчымае праз Народны Байкот рэжыму, праз змаганьне зь ім і праз адраджэньне нацыянальнай культуры і мовы, якое павінны зьдзяйсьняць самы людзі насуперак злачыннай палітыцы русіфікацыі.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны пацьвердзілі, што асноўнымі наведвальнікамі выбарчых участкаў на мінулым выбарчым шоў былі прадстаўнікі бюракратыі, залежныя катэгорыі грамадзтва і вельмі пажылыя людзі. Але яны ніяк не маглі даць статыстычнай перавагі рэжыму, які заганяў грамадзтва на фальшывае галасаваньне. Па ўсёй краіне мільёны выбаршчыкаў прынялі ўдзел у пераможным Народным Байкоце. Ужо на наступны дзень людзі, размаўляючы з калегамі на працы і з суседзямі, пераканаліся, што яны былі ўдзельнікамі агульнанароднага рушаньня супраціву шалёнай дыктатуры. Беларускі народ абараніў свой гонар ва ўмовах, калі рэжым быў ужо перакананы, што яму ўдалося растаптаць усё сьвятое, жывое і нацыянальнае ў душах нашых людзей. Рэжым пацярпеў паразу, у дыктатуры няма будучыні.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

14 кастрычніка 2012 г.