ЗАМЕЖНЫ ДРУК (19–23.10.2012)

Ня трэба фальшывай рыторыкі

23 кастрычніка 2012 г. іспанская газэта “АВС” паведаміла, што ў Турцыі знаходзяцца за кратамі 76 журналістаў. Больш увязьненых журналістаў толькі ў Кітаі і Іране.

Наш камэнтар: Статыстыка сьведчыць пра драматызм змаганьня ў згаданых краінах. Журналісты рызыкуюць, нават гінуць у імя праўдзівай інфармацыі.

На гэтым фоне дзейнасьць мясцовай “незалежнай дэмжурналістыкі” выглядае пустым фарсам і апэрэткай. Напрыклад, заявы гарадзенскага газэтчыка А. Пачобута, які раптам заявіў: “Буду далей пісаць, пакуль не пасадзяць!..”

Сп. Пачобут, зрабіце ласку, не пішыце больш. Вы пішаце розную лухту і няпраўду. Усю сваю кар'еру Вы рабілі супэрмэнаў інфармацыйнага поля з публікі кшталту збачэнца і гэбоўскага правакатара Раманчука і шмат каго іншага. Вы рэгулярна дэзынфармуеце беларускае і польскае грамадзтва пра падзеі ў Беларусі. Займіцеся чым-небудзь іншым, ня трэба фальшывай рыторыкі.

Алесь Хадасевіч


Правалілася ў Беларусі, праваліцца і ў Маскве

19 кастрычніка 2012 г. французкая газэта “Le Figaro” паведаміла з Масквы. Падзею газэта назвала сьведчаньнем “стану маразма і заблытанасьці, у якім занурыўся рух супраціву”. Газэта паведаміла, пра тое, што “туманная пратэстная плынь, якая ўвабрала ў сябе ўсіх ад нацыяналістаў да лібэралаў, а таксама настальгікаў бальшавізма, будзе галасаваць, каб абраць сваіх прадстаўнікоў у Каардынацыйны Савет апазыцыі”. Газэта называе зьяву “гэткім фантомным парлямантам”. Чакаецца, што на галасаваньне зьбярэцца 1500 маніфэстантаў на Трубнай плошчы ў Маскве. Але бальшыня галасуючых мяркуе быць у 50 бюро, рассыпаных у буйнейшых гарадах краіны. Бальшыня можа галасаваць праз Сеціва. Прыдумшчык праекта Л. Волкаў назваў гэта “унікальным досьведам у сьвеце”. Газэта згадвае, што сярод кандыдатаў у Савет ёсьць шахматыст Гары Каспараў, які “ня мае ніякой платформы” і абмяжоўвае сваю барацьбу арганізацыяй “справядлівых выбараў”. Сярод кандыдатаў ёсьць таксама “тэлезорка Ксенія Сабчак”.

Наш камэнтар: Прыдумшчык Волкаў схлусіў. Усё ўжо было прыдумана і адпрацавана ў нас у Беларусі мясцовай псэўдаапазыцыяй, якая дзейнічала паводле гэбоўскага праекта Масквы. Найбольш выразна пацешны рытуал псэўдаапазыцыйных “выбараў” разгарнуўся на рэжымных выбарах 1999 года. Тады, што праўда, псэўдаапазыцыя мела для “галасаваньня” не 50 бюро, а адзін стары аўтобус у Менску. Але ўсяму сьвету псэўды штодня паведамлялі, што “в Беларуссіі проголосовалі ёшчё 600 тысяч человек”. Толькі прынцыповая пазыцыя Беларускага Народнага Фронту і яго лідэра Зянона Пазьняка сарвалі маскоўскі праект поўнай прафанацыі нацыянальна-вызвольнага змаганьня. Прафанацыя з грукатам правалілася. Праваліцца і ў Маскве.

Юрка Марозаў


Бандыцкая псэўда-інфармацыя

21 кастрычніка 2012 г. італьянская газэта “Corriere della Sera” перадрукавала паведамленьне з Масквы. Падчас “антытэрарыстычнай апэрацыі”, праведзенай расейскімі спэцчасткамі ў Інгушэціі, Дагэстане і Чачэніі, былі забіты 49 паўстанцаў і разгромлена 90 базаў паўстанцаў.

Наш камэнтар: Па-першае, ніводнага італьянскага (або іншага замежнага) журналіста на Паўночным Каўказе няма. Масква магла напісаць, што забіла 49 тысячаў паўстанцаў і разграміла мільён базаў. Па-другое, ёсьць вядомая эсэсаўская традыцыя: забьюць групу пастухоў, а потым шумяць на ўвесь сьвет пра ліквідацыю партызанскай брыгады. Як гэта ўсё абрыдла...

Юрка Марозаў


Будапэшт 1956 год

22 кастрычніка 2012 г. славацкая газэта “SME” напісала пра ўгодкі Угорскага нацыянальнага паўстаньня 1956 года. У цэнтры Будапэшта адбылося шэсьце з паходнямі ў памяць першага дня антыкамуністычных і антысавецкіх выступаў, якія перарасьлі ў збройнае змаганьне супраць маскоўскіх акупантаў.

Наш камэнтар: Народ памятае пра сваіх герояў, якія змагаліся супраць маскоўскай акупацыі і прамаскоўскай мясцовай хунты.

Алесь Хадасевіч


Лібэральная кананізацыя агентурнай “лейкі”

23 кастрычніка 2012 г. бэльгійская газэта “De Standaard” пісала на тэму “гурта Pussy Riot”. Дзьвюх з гэтага гурта асудзілі і накіравалі ў жаночыя лягяры ў Пермі і Мардовіі. Газэта напісала, што самым цяжкім для маладых жанчын будзе адарванасьць ад іхніх дзяцей і сямейнікаў. На здымку ў газэце — доўгі шэраг дзяўчын у фуфайках з арыштанцкімі нумарамі. На наступным здымку — экран у зале суда, на экране бачныя задуменныя твары дзьвюх асуджаных.

Наш камэнтар: Падобна, што заходнія лібэралы так і не зразумелі сутнасьці падзеі. Дробная лейка вулічнай шпаны (якая выстаўлялася галяком у розных позах для здымкаў у Сеціве) уварвалася ў будынак, дзе людзі моляцца, і крыўлялася. Бэльгійская газэта і ўсе астатнія чамусьці не аналізуюць той факт, што лейка блюзнерыла пад камандай ФСБ. Гэбэшнікі захацелі зьляпіць штучны канфлікт паводле заходняга лібэральнага густу і ўсё ў іх атрымалася, трашчыць па швах ад напружанасьці ўся сусьветная інфармацыйная прастора — як некалі, пры Брэжняве: “Свабоду Анжэле Дэвіс!” Мы становімся сьведкамі лібэральнай кананізацыі агентурнай лубянскай публікі.

Алесь Хадасевіч


Вечна так ня будзе

23 кастрычніка 2012 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” апублікавала рэкламу свайго інтэлектуальнага прадукта. Газэта зьмясьціла ў сваім інтэрнэт-архіве 12 дыгіталізаваных кніг класіка партугальскай літаратуры Камілу Каштэлу Бранку.

Наш камэнтар: І так робяць усе газэтныя, тым больш часопісныя выданьні ў цывілізаваных краінах. Зразумела, што яны робяць гэта таксама для самарэкламы, але вынік атрымліваецца вельмі карысны: пашыраецца знаёмства людзей з нацыянальнай культурай. Ніхто і нішто ў акупаванай Беларусі такога ня робіць. Калі і робіцца нешта, то выключна безганарарнымі энтузіястамі. СМІ, як рэжымныя, так і “незалежныя”, занятыя зусім іншым. Вечна так ня будзе.

Алесь Хадасевіч