БЕЛАРУСЫ МУСЯЦЬ БАРАНІЦЬ МАГІЛЫ ПАКУТНІКАЎ У КУРАПАТАХ АД МАСКОЎСКІХ ПРАВАКАТАРАЎ

(Сьнежаньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

— Падзеі ў Курапатах ёсьць супрацьстаяньне беларускага народа і маскоўскага гэбізму.

— Нікому ня ўдасца распаліць канфлікт паміж братнімі беларускім і польскім народамі.

— Ніхто ня здолее спачварыць памяць аб нашых народных пакутніках.

— Заклікаем не пакідаць Курапаты зімой у сувязі зь небясьпекай, што паўстала ад дзеяньняў маскоўскіх структураў.

— Усе дэкаратыўныя жэсты псэўдаапазыцыі ёсьць млявымі спробамі адцягнуць увагу грамадзтва ад краху антыбеларускага рэжыму.

— Беларускі шлях палітычных пераўтварэньняў — ліквідацыя антыбеларускага рэжыму і ўсталяваньне беларускай, патрыятычнай улады ў нашай дэмакратычнай краіне.

— Утварайце незалежныя асяродкі беларушчыны і навучайце сваіх дзяцей у роднай беларускай мове.

— Няхай антыбеларускі рэжым зь ягонай нянавісьцю да ўсяго беларускага гібее ў ізаляцыі ад беларускага патрыятычнага грамадзтва.

9 сьнежня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Выступоўцы распавялі пра супрацьдзеяньне маскоўскім правакатарам у Курапатах, якое разгортваецца на працягу апошніх пяці тыдняў. Зразумела, што Масква ўжо й сама ня рада, што выставіла супраць беларускіх патрыётаў сваіх падпалкоўніка ды іншыя падстаўныя фігуры. Тэма нашай нацыянальнай сьвятыні зрабілася аб'ектам шырокага абмеркаваньня, нахабныя дзеяньні маскоўскай агентуры прымусілі многіх беларусаў схамянуцца і ўбачыць, што адбываецца на роднай зямлі, дзе акупанты куражацца і нахабнічаюць, не разьбіраючы дарогі.

З усяе краіны нам паступаюць зьвесткі аб тым, што людзі разумеюць падзеі ў Курапатах як канфлікт і супрацьстаяньне беларускага народа і маскоўскага гэбізму. Нікому ня ўдасца распаліць канфлікт паміж братнімі беларускім і польскім народамі, тым больш на тэму нашай супольнай народнай трагедыі — нашага змаганьня супраць маскоўскага фашызму-гэбізму. Ніхто ня здолее спачварыць памяць аб нашых народных пакутніках, аб мільёнах ахвяраў генацыду, што тварыў на нашай зямлі расейскі імпэрыялізм. Калі (як паабяцаў расейскі падпалкоўнік-палітрук Кузняцоў) імпэрскія сілы пасунуцца ў Курапацкую сьвятыню з камянямі-валунамі (блюзьнерскімі сымваламі паганства), беларускія патрыёты будуць бараніць магілы пакутнікаў ад маскоўскіх правакатараў.

Мы заклікаем не пакідаць Курапаты на зімовы пэрыяд. У сувязі зь небясьпекай, што паўстала ад дзеяньняў маскоўскіх структураў, трэба, каб беларускія патрыёты арганізоўвалі штосуботу традыцыйныя талокі (пачатак аб 11.00). Трэба расчышчаць сьнежныя заносы, не дапускаць, каб у Курапатах праводзіліся лыжныя катаньні і блюзьнерскія дзеяньні.

Выступоўцы згадалі таксама апошнія ваяжы А. Лукашэнкі па беларускіх прадпрыемствах дрэваапрацоўкі. Рэжыму спатрэбіліся апошнія беларускія прадпрыемствы, якія яшчэ прыносяць прыбытак. Заявы начальніка рэжыму адэкватна зразумелыя рабочаму люду Беларусі. Рабочыя і інжынэры кажуць: “Ён сказаў, што нельга звальняцца. Дык гэта значыць — прыгоннае права!” Людзі канчаткова страцілі веру ў рэжымныя абяцанкі.

Усе чакаюць, што пасьля навагодніх сьвятаў адбудуцца падзеі ў фінансава-эканамічнай сфэры. Гэтае чаканьне ёсьць такім натуральным і ўнівэрсальным, што цяжка знайсьці ва ўсёй Беларусі людзей, якія б не чакалі калапса. Добрага ад антынароднага рэжыму ў нашай краіне не чакае ўжо ніхто. Усе здольныя на аналіз людзі разумеюць, што рэжым мае адзіны спосаб працягнуць сваё існаваньне — атрымаць адкуль-небудзь чарговыя мільёны на рэанімацыю свайго эканамічна-сацыяльнага маразму.

Гэта ёсьць тупіковы шлях. Усе дэкаратыўныя жэсты псэўдаапазыцыі зь яе “гэндэрнымі праектамі” ёсьць млявымі спробамі адцягнуць увагу грамадзтва ад краху антыбеларускага рэжыму. Але гэтая ілюзія ўжо не спрацоўвае. Людзі ведаюць, што нельга давярацца псэўдаапазыцыйным жулікам, якія атрымліваюць дакуманты на эміграцыю з Беларусі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі ў Крамлі. Адзіным шляхам пераменаў на лепшае ў Беларусі ёсьць шлях палітычных пераўтварэньняў — ліквідацыя антыбеларускага рэжыму і ўсталяваньне беларускай, патрыятычнай улады ў нашай дэмакратычнай краіне.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Людзей бянтэжыць і хвалюе ня толькі матэрыяльнае становішча, якое катастрафічна пагоршылася за часы позьняга лукашызма. Беларусы ўсё больш хвалююцца за будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў — а, значыць, за будучыню нашай Радзімы. Людзі бачаць, якія дзікія наступствы прыносіць працэс татальнай русіфікацыі беларускай вышэйшай школы, сярэдняй школы і перадшкольнай сістэмы. Падзеньне інтэлектуальнага ўзроўню, ажлабленьне дзяцей і моладзі расейшчынай і расейскім матам, гвалтоўнае адлучэньне ад нашай нацыянальнай і моўнай традыцыі — адным словам, “што не зрабіў расейскі штык, тое зробіць руская школа” (попечитель Виленского ўчебного округа И.П. Корнилов).

Па ўсёй краіне беларускія сем'і, расчараваўшыся ў рэжымных абяцанках, пачынаюць утвараць свае незалежныя асяродкі беларушчыны, дзе навучаюць сваіх дзяцей у роднай мове. Гэта ёсьць шлях нашага паратунку і нашага нацыянальнага супраціву. Няхай антыбеларускі рэжым зь ягонай нянавісьцю да ўсяго беларускага гібее ў ізаляцыі ад беларускага патрыятычнага грамадзтва.

На Сойме былі разгледжаны захады па стварэньні групаў падтрымкі нашай народнай партыі КХП — БНФ па ўсёй краіне.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

9 сьнежня 2012 г.