АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (11–12 САКАВІКА 2013)

Аўстрыйцы жылі ілюзіяй

11 сакавіка 2013 г. аўстрыйская газэта “Die Presse” апублікавала падборку тэкстаў і фота, прысьвечаных 75-годдзю Аншлюса Аўстрыі ў нямецкі Райх. Уноч на 12 сакавіка 1938 г. нямецкія войскі перайшлі аўстрыйскую мяжу і гітлерская Нямечычна захапіла першую краіну. Пісьменьнік Фрэдэрык Мортан у сваіх успамінах пісаў, што “Вена зрабілася карычнявай за адну ноч... Паўсюль чуліся крыкі захапленьня. Паўсюль віталі Гітлера як збаўцу ад страшнага міжваеннага часу”.

Наш камэнтар: “Мірны” захоп краіны адбываўся пасьля шматгадовага дзеяньня гітлерскай агентуры і мясцовай пранямецкай пятай калоны ў Аўстрыі. Лібэральная дэмакратыя аказалася бяссільнай перад арганізаваным імпэрскім гвалтам. Аўстрыйцы жылі ілюзіяй, што “разам з вялікай Нямеччынай будзе лепш”. Яны моцна пралічыліся...

Гэта ёсьць лекцыя ўсім грамадзтвам, якія імкнуцца ў абдымкі чагосьці “вялікага і магутнага”.

Алесь Хадасевіч


І нічога. Ніхто нічога...

12 сакавіка 2013 г. іспанская газэта “АВС” напісала пра заявы паўночнакарэйскага кіраўніцтва. Дыктатар Кім Ён-ун загадаў войскам на мяжы з Паўднёвай Карэяй быць “у максімальнай гатоўнасьці”. Па тэлебачаньню перадалі, што “вайна можа распачацца проста зараз”.

Наш камэнтар: Па ўсяму сьвету ідуць гэтыя трывожныя паведамленьні пра шалёную дыктатуру. Гэта заўважылі ўсе.

Штогод на тэрыторыі Беларусі праводзяцца ваенныя вучэньні з удзелам расейскай арміі (гэта называецца “сумеснай групоўкай”). Сюжэтам ваеннай гульні летась было заяўлена наступнае: “контрудар на Польшчу і баявыя дзеяньні на тэрыторыі Беларусі і Польшчы”. І нічога, ніхто не назваў гульцоў шалёнымі. У Польшчы працягваюць камфортна дзейнічаць асобы, якія пад прыкрыцьцём псэўдаапазыцыйнага жупела (“белорусская оппозіція”) былі пасланы туды і ў іншыя краіны пры непасрэдным удзеле вышэйшага крамлёўскага кіраўніцтва. І нічога. Ніхто нічога...

Юрка Марозаў


І немцаў заела

12 сакавіка 2013 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” апублікавала артыкул пад тытулам “Ужо й самы немцы паўстаюць супраць эўра”. У Нямеччыне зьбіраюцца на свой устаноўчы зьезд актывісты партыі Альтэрнатыва дзеля Нямеччыны. Галоўным пунктам іх праграмы ёсьць выйсьце гэтай ключавой краіны з эўразоны. Экспэрты прадказваюць, што партыя мае вялікія шансы ў грамадзтве.

Наш камэнтар: Ну, калі ўжо і немцаў заела гэтая эўразалежнасьць...

Алесь Хадасевіч


Цяжкія справы ў Сэрбіі

12 сакавіка польская газэта “Rzeczpospolita” напісала, што прэзыдэнт Сэрбіі Таміслаў Ніколіч у Менску ўручыў Лукашэнку ордэн Рэспублікі Сэрбіі “за падтрымку Сэрбіі ў 1999 г. і умацаваньне мірнага супрацоўніцтва”. Ён зрабіў гэта, калі Лукашэнка падпісаў зь ім мэмарандум аб непадзельнасьці Сэрбіі (ад якой аддзялілася Косава).

Наш камэнтар: Цяжкія справы ў постімпэрыялістычнай Сэрбіі, калі яе кіраўніцтва шукае падтрымкі ў такіх месцах.

Юрка Марозаў


Ім застаецца сьпівацца і выміраць

12 сакавіка 2013 г. латышская газэта “Diena” паведаміла навіну з Расеі. У сібірскім горадзе Сургуце амонаўцы зрабілі рэйд і ўварваліся ў мусульманскую кавярню непадалёк ад мячэці. Яны забралі ў свой пастарунак трох таджыкаў, а там прымусілі іх пагаліць бароды. Прэс-служба МУС РФ абяцае разабрацца з гэтай інфармацыяй. Усё паведаміла ў сьвет расейская агэнцыя Інтэрфакс.

Наш камэнтар: Можа так яно і было. Але зразумела, чаму агентура з Інтэрфаксу зрабіла з гэтай лакальнай навіны сусьветную сэнсацыю. Маўляў, “у пуцінскай улады ўсё пад кантролем”. Але гэта не так. Хто пабыў у Сургуце або Маскве, той гэта ведае. На поўную шпулю ў гарадах і мястэчках Расеі камандуюць мясцовыя і прышлыя нярускія людзі. Рускім застаецца сьпівацца і выміраць.

Юрка Марозаў


Аб цэнзуры

12 сакавіка 2013 г. румынская газэта “Adevarul” апублікавала ўспаміны румынскага журналіста Вірджыла Лазэра (81 год) пра жыцьцё журналістыкі пад Чаўшэску. Ён прыгадвае, як паддаваліся цэнзуры нават прамовы самога Чаўшэску і г.д.

Наш камэнтар: О, пра лукашызм таксама будзе шмат журналісцкіх мэмуараў, языкі разьвяжуцца. Хаця і цяпер ёсьць шмат аматараў глядзець выступы начальніка рэжыма, а потым параўноўваць іх з пазьнейшымі скарочанымі рэпартажамі. Людзі добра зразумелі, што самае цікавае настае ў той момант, калі “Остапа понесло”...

Алесь Хадасевіч