АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (17–19.04.2013)

Паверылі

17 красавіка 2013 г. латвійская газэта “Diena” апублікавала артыкул пад тытулам “Расея паведаміла, што зьнішчыла амаль 75% запасаў сваёй хімічнай зброі”.

Наш камэнтар: Цікавая там журналістыка, верыць усяму. А калі б Расея заявіла, што зьнішчыла ўсю сваю хімію да апошняга патрона, ёй бы таксама паверылі?

Алесь Хадасевіч


“Працэс” — нібы чарговая піяр-акцыя

18 красавіка 2013 г. летувіская газэта “Kauno Diena” напісала пра чарговы “палітычны працэс” у Беларусі. КГБ РБ абвясьціла “экстрэмісцкім” фотаальбом “Прэс-фота Беларусі”. У Ашмянах адбываецца судовы працэс з удзелам трох фотажурналістаў.

Наш камэнтар: Выглядае, быццам гэты “працэс” — нібы чарговая піяр-акцыя псэўдаапазыцыі і яе фотапрадукцыі. Ідзе запаўненьне інфармацыйнай прасторы рознай лухтой. Сапраўднай змагарнай, патрыятычнай, беларускай фотажурналістыкі ў Беларусі няма.

Юрка Марозаў


Ізноў ён нешта кажа

18 красавіка 2013 г. румынская газэта “Adevarul” напісала з Расеі. Прэм'ер Медведев заявіў, што абяцае прэмію таму, хто распрацуе адмысловы план — план па пераадоленьню залежнасьці расейскай эканомікі ад продажу сыравіны і па дывэрсіфікацыі эканомікі краіны.

Наш камэнтар: Але спахапіліся! Мабыць справы ўжо зусім беспэрспэктыўныя. А ну, як ляснуць кошты на нафту?

Алесь Хадасевіч


У Аргентыне пратэсты

19 красавіка 2013 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведаміла з Аргентыны. Там адзін мільён чалавек дэманстравалі супраць карупцыі ў краіне, яшчэ два мільёны пратэставалі ў правінцыйных гарадах. Газэта спасылаецца на расейскую агенцыю навінаў РІА-Новості.

Наш камэнтар: Вось як пратэстуе аргентынскі народ супраць уладнай карупцыі пад кіраўніцтвам сапраўдных народных лідэраў. Няхай маскоўская РІА-Новості яшчэ раскажа пра “героя-антыкарупцыянэра” Навальнага, “ворага Пуціна нумар адзін”, які зьбірае па 400 чалавек у 12-мільённай Маскве. Бачна, дзе сапраўдны пратэст, а дзе падстаўныя “героі” і абыякавае насельніцтва.

Алесь Хадасевіч


Бяз Леніна ім не пражыць

19 красавіка 2013 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” апублікавала фотаграфію з паведамленьнем пра падрыхтоўку да сьвяткаваньня 143-угодкаў Леніна ў Расеі. На фота — рабочыя мыюць з брандсбойта каласальную статую Леніна ў Краснаярску. Чорны балван выглядае злавесна і адначасова кічава.

Наш камэнтар: “Новая руская дэмакратыя” усё адмывае Леніна і ягоную хунту, хаця даўно ўжо прылюдна раскрыта, што яны масавыя забойцы і разбуральнікі цывілізацыі. Без Леніна гэбоўскай Расеі не пражыць ні дня.

Юрка Марозаў


Гэта нікому не цікава

19 красавіка 2013 г. чэшская газэта “Ceske Noviny” напісала пра выданьне ў Польшчы кнігі ўспамінаў дачкі генэрала Ярузэльскага Монікі. Яна напісала, як “тата быў заўсёды заняты на службе і думаў пра службовыя справы”, які ён быў “чалавечны” і г.д. Паднялася бура гнеўных водгукаў у Сеціве. Палякі праклінаюць Ярузэльскага і параўноўваюць кніжку з мэмуарамі дачкі Генрыха Гімлера.

Наш камэнтар: Вядома, што напісалі б у сваіх мэмуарах Віця або Коля. Але гэта нікому не цікава.

Алесь Хадасевіч