НЕДАКЛАДНАЯ ІНФАРМАЦЫЯ ПРА ПАДЗЕІ Ў МАСКВЕ

20 красавіка беларуская рэдакцыя Радыё “Свабода” зрабіла паведамленьне пад тытулам “У Маскве людзей затрымалі за “маўклівы пратэст”. Радыё спаслалася на “расейскія ўлады” і маскоўскую агенцыю Інтэрфакс. У паведамленьні гаворыцца пра затрыманьне людзей на Краснай плошчы ў Маскве, якія мелі на вопратцы белыя стужкі, што зрабіліся сымвалам апазыцыі да Пуціна. Завяршаецца паведамленьне наступным пасажам:

“Апошнім часам расейскія апазыцыянэры спрабуюць ладзіць маўклівыя акцыі пратэсту, падобныя на тыя, што некалі былі ў Беларусі — тлумачачы, што яны не парушаюць закону, бо проста зьбіраюцца разам на шпацыр”.

А цяпер мы пазнаёмімся з паведамленьнем пра гэтыя падзеі, што апублікавана ў маскоўскай інтэрнэт-газэце Грані.Ру. Цытуем:

“На Краснай плошчы затрыманы 24 удзельнікі шпацыра ў падтрымку “балотных вязьняў”. Як паведамляе карэспандэнт “Граняў”, пасьля заканачэньня аўтапрабега “Белае кальцо” актывісты зь белымі стужкамі сабраліся каля помніка маршалу Жукаву, дзе штодня адбываюцца адзіночныя пікеты ў падтрымку “вязьняў 6 траўня”. Адтуль каля 30 чалавек зь белымі стужкамі на вопратцы накіраваліся да Лобнага месца.

Першых двух актывістаў паліцыя затрымала за тое, што яны разгарнулі плакат “Свабоду Сяргею Удальцову”. Потым былі затрыманы яшчэ шасьцёра ўдзельнікаў шпацыра, адзін зь якіх трымаў пусты аркуш ватмана. Актывісты чыталі ўслых Кастытуцыю і пісалі крэйдай на асфальце і бруку “Пуцін — злодзей” і “Свабоду вязьням 6 траўня”. Адразу ж былі выкліканы палівальная машына і брыгады прыбіральшчыкаў, якія змылі надпісы. Аўтараў надпісаў затрымалі вельмі жорстка”. (Канец цытаваньня).

Мяркуем, што паверыць варта “Граням”, якія мелі свайго рэпарцёра на акцыі і выставілі ў Сеціве відэаздымкі драматычных падзеяў. Шкода, што РС пачала абгрунтоўваць свае паведамленьні для беларусаў інфармацыяй з МУС РФ і афіцыёзнага Інтэрфакса. Даверу такая інфармацыя не выклікае.

Удзельнікі маскоўскай акцыі сапраўды пэўны час маўчалі. Але зусім некарэктна прыпадабняць (нават параўноўваць) іхныя дзеяньні да таго, што адбывалася пазалетась у Менску. Маскоўскія людзі прынамсі начапілі на сябе нейкія стужачкі, якія абазначаюць пратэст (у Расеі не забаронены расейскі імпэрскі сьцяг). Некаторыя зь іх пісалі выразныя і адназначныя лёзунгі на асфальце. А потым яны пачалі ўслых зачытваць брашуру з Канстытуцыяй.

У Менску групы “падсадных” на працягу даволі доўгага часу вадзілі па вуліцах тысячы маўклівых людзей. Людзі маўчалі і проста ішлі (без нацыянальнага, забароненага акупантамі Сьцяга, без ідэі, без лёзунгаў). А іх за гэта зьбівалі, зьневажалі і арыштоўвалі. Крыху пазьней тыя ж ініцыятары прапанавалі людзям тупаць па асфальту і пляскаць у ладкі (зноўку без Сьцяга, без беларускай мовы і ідэі). І шмат людзей рабіла гэта. Усе, відаць, думалі, што гэта ёсьць пратэст супраць дыктатуры. Народ нічога не разумеў.

У выніку арыштаў і рэжымных нападаў гэты дзіўны пратэст згас і рассыпаўся. Беларусы засталіся з пачуцьцем паразы ў душы. Многія шчыра і менш шчыра зашумелі пра магутнасьць рэжыму. Гэтага і трэба было арганізатарам і камандзёрам ідыятызму пад назовам “маўклівы пратэст”, якіх ніхто да гэтага ня ведаў і ня чуў пра іхную апазыц-дзейнасьць. Цяпер некаторыя з гэтых падсадных прыгрэліся на эміграцыі, як правакатар маўклівага глупства Дзіянаў.

Час ад часу мы зьвяртаем увагу на эпізоды з жыцьця расейскай псэўдаапазыцыі, якія проста зрысаваныя з лабараторных вопытаў, што былі праведзены ў нашай Беларусі. Але гэтым разам нават у Маскве палічылі, што вопыт з “маўклівымі пратэстамі” тупы і тупіковы. Што нават “дорогіе россіяне” будуць з гэтай лухты сьмяяцца. І яны скарэктавалі стыль свайго пратэсту. Але, як бачым, знаходзяцца нават у рэспэктабэльных СМІ аматары параўнаньняў і прыпадабненьняў.

Ян Булыга