МЭМАРЫЯЛЬНЫЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ Ў ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ АХВЯРАЎ ЧАРНОБЫЛЮ



27 красавіка ў сувязі з тым, што рэжым забараніў правесьці мэмарыяльныя чарнобыльскія мерапрыемствы ў Кіеўскім скверы ў Менску, энтузіясты нашай народнай партыі прышлі ў Курапаты. А 12.00 там сабралося некалькі дзясяткаў чалавек, яны ўзьнялі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі, усклалі да курапацкіх крыжоў кветкі, запалілі сьвечкі.

Грамада заслухала зварот Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ сп. Зянона Пазьняка — “Чарнобыль за намі, чарнобыль перад намі” (апублікаваны).

Потым выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў на Беларусі старшыні Фронту і Партыі. Ён нагадаў аб тым, што наступствы Чарнобыльскай катастрофы ўзмацняюцца дзеяньнямі антыбеларускага рэжыму. Рэжым прымушае апрацоўваць забруджаныя радыяцыяй землі і вырабляць атручаную прадукцыю, якая потым разыходзіцца па ўсёй краіне і за яе межамі. Працягваецца антычалавечы экспэрымэнт над нашым народам, нашымі дзецьмі. Але арганізатары гэтых злачынстваў у Маскве і Менску ўжо адчуваюць, што іхнаму панаваньню над народам прыходзіць канец. Не выпадкова яны шалёнымі тэмпамі вывозяць за мяжу нарабаваныя капіталы, скупляюць зямлю і маёмасьць у Фінляндыі і іншых краінах. Кіпрыйскі крызіс паказаў, якія пачварныя формы можа набываць гэты працэс. Там злачынцы рэжыму патрапілі пад нацыянальную канфіскацыю іхных капіталаў.

Многія зь іх пэўна маюць толькі адну думку: калі пачнецца абвал антынароднай сістэмы, пасьпець дабегчы да вакзала. Каб прыкрыць свае злачынствы, рэжым блытае людзей сваёй псэўдаапазыцыяй. Але людзі не сьляпыя. Яны ўжо ў мінулыя гады паглядзелі, у што ператварылі падстаўныя фронтаўскі традыцыйны “Чарнобыльскі шлях” (ім, дарэчы, акупацыйныя ўлады ўвесь час даюць дазвол на дэманстрацыі, а нам — не і нідзе). На Бангалор за імі ходзіць мала людзей. Беларусы ня хочуць да іх далучацца. Але прыйдзе пара і мы адродзім традыцыю годнага ўшанаваньня памяці нашых ахвяраў.

Сёньня група энтузіястаў нашай Партыі сымвалічна сабралася ў Курапацкай сьвятыні. І Чарнобыль, і Курапаты — сымвалы народнай бяды пад расейскай акупацыяй. Тут жыве памяць аб нашых пакутніках. Наш народ абавязкава зьдзейсьніць мары пакаленьняў беларусаў. Мы пабудуем сваю нацыянальную Дзяржаву, магутную, дэмакратычную, культурную. Будучыня належыць нам і нашым нашчадкам, а не акупанцкай хеўры.

Людзі засьпявалі гімн “Магутны Божа”.

Потым усе правялі талаку, добраўпарадкавалі і ачышчалі тэрыторыю Народнага Мэмарыялу, садзілі кветкі, рэстаўравалі крыжы.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

27 красавіка 2013 г.