АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (26–29.04.2013)

Масква сьмяецца

26 красавіка 2013 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” напісала, што ФСБ арыштавала ў Маскве 140 асобаў, падазраваных у супрацоўніцтве з ісламісцкімі групоўкамі. На фота ў газэце Пуцін сьмяецца.

Наш камэнтар: Пра гэта “маланкай” паведамілі ўсе СМІ сьвету (“сусьветная сэнсацыя”). Некаторыя зь іх не забыліся ўдакладніць, што йдзецца пра затрыманьні, праведзеныя ў апошнія месяцы. Цікава, што Масква не дае ні прозьвішчаў, ні фота, ні іншых падрабязнасьцяў. Адчуваецца, што пад бостанскі тэракт Масква проста ўдае “актыўнасьць у змаганьні з ісламістамі”. А калі б Крэмль паведаміў, што арыштаваў 140 тысячаў ісламістаў, гэтыя таксама паверылі б? Мабыць, так. Масква сьмяецца.

Юрка Марозаў


У іх свае “прыярытэты”

27 красавіка 2013 г. нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” цытавала міністра замежных справаў ФРГ Гвіда Вэстэрвэле, які папікаў Пуціна ў тым, што той “не разумее дэмакратыі”. Міністар паабяцаў, што Нямеччына й надалей будзе падтрымліваць няўрадавыя арганізацыі ў Расеі.

Наш камэнтар: Павесяліў нас гэты Вэстэрвэле. Яны там, аказваецца, чакалі, што гэбэшнік будзе “разумець дэмакратыю”... Бачна, што пагром у трэцім сэктары (сярод тлустых грантасмокаў) усхваляваў немцаў і іншых заходнікаў значна больш, чым тэрарыстычныя дзеяньні расейскай арміі і іншых структураў на Каўказе. У іх свае “прыярытэты”.

Юрка Марозаў


Знаёмая песьня

27 красавіка 2013 г. нарвэжская газэта “Aftenposten” напісала пра дыскусію, што разгарнулася ў Нарвэгіі ў сувязі са здымкамі нарвэжскага мастацкага кінасэрыяла пад назовам “Акупаваная”. Сэрыял прысьвечаны савецкаму абрабаваньню нафтавых рэсурсаў Нарвэгіі пасьля ІІ Сусьветнай вайны. Русіст Б'ёрн Ністад выступіў з пратэстам супраць гэтага кіно. Ён кажа, што такі фільм быў бы блюзьнерскім, бо Чырвоная армія вызваліла ў 1944 г. паўночную Нарвэгію, дзе загінула 2000 савецкіх вайскоўцаў. Трэба паляпшаць адносіны з суседняй Расеяй. Іншыя аналітыкі пярэчаць яму, кажуць, што трэба казаць праўду, як было.

Наш камэнтар: Русіст на то ён і русіст, каб бараніць сваю Маскву. Русісты заўсёды забываюцца пра беларусаў, украінцаў, грузінаў і іншых, што змагаліся супраць фашызма. Для іх “усе рускія” і “усе перамогі і ахвяры — гэта Расея”. Таму, маўляў, нельга казаць пра “расейскую акупацыю”. Знаёмая фальшывая песьня ўсіх аматараў і прафэсіяналаў, што кормяцца з рук Масквы.

Алесь Хадасевіч


Гульцы ў палітыку і вайну

27 красавіка 2013 г. дацкая газэта “Politiken” напісала пра заяву Масквы. Нам. міністра МЗС М. Багданаў, сказаў, што калі амэрыканская выведка сьцьвярджае аб прымяненьні хімічнай зброі ў Сірыі, то Масква будзе гэта правяраць. Усё трэба рабіць паводле міжнародных правіл.

Наш камэнтар: Агульна вядома, што менавіта Масква трымае на плаву крывавы антынародны рэжым Асада. Сам дыктатар сядзіць на расейскім эсмінцы і камандуе бамбіць гарады і вёскі, забіваць сірыйцаў. Зброю яму пастаўляе Масква. І цяпер тая ж Масква будзе “правяраць” ды яшчэ “паводле міжнародных правілаў”. Але цынізм!

Алесь Хадасевіч


Напад на прэм'ера Сірыі

29 красавіка 2013 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” паведаміла пра напад на прэм'ера Сірыі Ваэля аль-Халькі. Калі ягоны картэж ехаў у цэнтры Дамаска, выбухнула замінаваная машына на ягоным маршруце. Мінімальна 6 чалавек загінулі, 15 паранены. Прэм'ер не быў паранены, але загінулі яго кіроўца і адзін ахоўнік.

Наш камэнтар: Лепш бы і прэм'ер сядзеў на расейскім караблі разам з тыранам Асадам. Няхай бы Масква пасадзіла на свае караблі ўсю хунту і адвезла яе да сябе. Мяркуем, што сірыйскі народ быў бы ня супраць гэтага.

Юрка Марозаў


Субсідыі скончаны

29 красавіка 2013 г. бэльгійская газэта “Het Nieuwsblad” апублікавала артыкул пад тытулам “Фландрыя больш ня будзе субсідзіраваць прыём дзяцей Чарнобыля”. Пра гэта заявіў флямандскі міністар ў справах моладзі Паскаль Смэт. Субсідый ня будзе таксама для прыёма дзяцей з былой Югаславіі. Рашэньне прынята ў сувязі з эканамічнм крызісам.

Наш камэнтар: Патрыёты-фронтаўцы даўно тлумачылі беларусам, што вечна спадзявацца на чужую дапамогу нельга. Заўсёды настане момант, калі яна будзе спынена. Неабходна пераадольваць цяжкасьці сваёй працай, шляхам мацаваньня сваёй Дзяржавы, культуры і нацыянальнай салідарнасьці. Вось якраз народы былой Югаславіі, якія перажылі жудасную вайну і разбурэньні, гэтым шляхам наладзілі заможнае жыцьцё, дэмакратычныя грамадзтвы і незалежныя дзяржавы. Яны не згубілі, не змарнавалі часу на пустыя ілюзіі.

Алесь Хадасевіч