МАЎР, ЯКІ ЗРАБІЎ СВАЮ СПРАВУ

У інфармацыйнай прасторы Беларусі пракацілася некалькі хваляў у сувязі з 14-мі ўгодкамі таямнічага зьнікненьня міліцэйскага генэрала Ю. Захаранкі. У некалькіх гарадах улады далі адмову на правядзеньне пікетаў у памяць гэтай падзеі. Дзясяткі такіх заяваў на пікеты падалі ў асноўным лакальныя фігуры з АГП. Асабліва вызначыўся Гомель, дзе фігуры падалі больш за 10 заяваў. Але “пальму першанства” на інфармацыйнай хвалі атрымалі ўсё ж Баранавічы. Там адна спадарыня, Камбалаева, 7 траўня стала каля гандлёвага дому “Вясёлка” і трымала ў руках плакацік з выявай генэрала. А. Камбалаеву “дэмСМІ” называюць “кіраўніцай баранавіцкай арганізацыі АГП”. Падобна, што сп. Камбалаева і зьяўляецца мясцовай ячэйкай АГП у поўным складзе, бо стаяла яна адна. Міліцыя забрала яе ў пастарунак, павінен адбыцца суд над ёю за “несанкцыянаваны пікет”. Кім жа быў згаданы генэрал, што за яго так ахвяруюцца некаторыя асобы?

Нагадаем некаторыя радкі з біяграфіі. Ю. Захаранка (нар. у 1952 г. на Гомельшчыне). Закончыў Валгаградзкую вышэйшую школу МУС СССР, потым Акадэмію МУС СССР. Працаваў у сьледчых ворганах на Гомельшчыне. У 1992-94 гг. служыў начальнікам Сьледчага камітэту МУС РБ. Будучы начальнікам гэтага рангу, Ю. Захаранка адслужыў у камандзе кандыдата А. Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 г., у выніку якіх пачалося ўжо 19-гадовае панаваньне ў Беларусі гэтага кандыдата. 28 ліпеня 1994 г. Лукашэнка сваім указам прызначыў Захаранку міністрам унутраных справаў РБ. А 5 жніўня 1994 г. ён жа яму ж надаў званьне генэрал-маёра ўнутранай службы. Ня трэба чытаць паміж радкоў, каб здагадацца, што палкоўнік Захаранка адыграў нейкую важную ролю ў прывядзеньні да ўлады вядомага кандыдата, за што і быў узнагароджаны пасадай і званьнем. Пачалася яркая кар'ера маладога генэрала, які ўжо напоўніцу ахоўваў новы рэжым і яго начальніка. Нагадаем, што менавіта пад аховай міністра МУС у нашай краіне адбыліся сярод іншага дзьве знакавыя падзеі, якія вызначылі пачатак антынароднай дыктатуры ў Беларусі. Уноч на 12 красавіка 1995 г. будынак Вярхоўнага Савета быў брутальна заняты сотнямі ўзброеных людзей, якія жорстка зьбілі і выдалілі з будынка дэпутатаў Апазыцыі БНФ начале з Зянонам Пазьняком. Дэпутаты праводзілі ў залі паседжаньняў парляманта галадоўку пратэсту супраць антыканстытуцыйнага рашэньня аб правядзеньні рэфэрэндума па наданьню расейскай мове статуса дзяржаўнай і зьмене дзяржаўнай сымволікі. У чэрвені 1995 г. рэжым правёў гэты нелегітымны рэфэрэндум, абвясьціў расейшчыну дзяржаўнай мовай і замяніў Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня на камуністычную сымволіку БССР (крыху мадыфікаваную “в духе времені”). Антыбеларуская дыктатура пачала афармляць свой незаконны рэжым. Генэрал Захаранка “стоял на страже” гэтых “пераўтварэньняў”. Аднак, пазьней ён апраўдваўся, казаў, што “мяне не было тады ў Менску”...

Беларусам запомніўся і яшчэ адзін знакавы дзень пэрыяду кіраваньня генэралам МУС РБ. То быў Дзень Волі — 25 Сакавіка 1995 г. У сваёй Дзяржаве, у сваёй сталіцы людзі з раніцы пайшлі ў цэнтар горада, каб адсьвяткаваць найвялікшае нацыянальнае сьвята. Яны несьлі дзяржаўныя нацыянальныя сьцягі. На загад “маладога генэрала” у розных месцах сталіцы на людзей нападала міліцыя, вырывала сьцягі з рук, рвала, біла і валіла беларусаў на асфальт.

А потым пачалося выдаленьне з лукашыстоўскага Алімпа групы “маладых ваўкоў” (Ганчар, Лябедзька, Булахаў), што на загад Масквы дапамагалі прыйсьцю ва ўладу вядомага кандыдата. Калі не памыляемся, то ўсё пачалося з “маладога генэрала”. Маўр выканаў сваю ролю, маўр мог сыходзіць прэч. Ужо 16 кастрычніка 1995 г. генэрала Захаранку накіравалі ў адстаўку, а 16 красавіка 1996 г. панізілі ў званьні да палкоўніка.

Пачалася нядоўгая кар'ера Ю. Захаранкі ў “оппозіціі”. Яго прыняла ў свае шэрагі АГП. Мы ня памятаем, каб ён публічна раскайваўся або прасіў прабачэньня за свае дзеяньні ў структурах рэжыму. 7 траўня 1999 г. яго захапілі і выкралі невядомыя асобы. Ёсьць розныя вэрсіі гэтай падзеі і далейшага лёсу генэрала. Яго сям'ю прыняла ў эміграцыю Нямеччына.

Прапануем высновы з curriculum vitae генэрала зрабіць самым чытачам.

Віталь Старыкаў