РЫЦАР

7 траўня сёлета споўнілася 250 год з дня нараджэньня князя Юзэфа Антонія Панятоўскага (1763-1813). Пляменьнік апошняга караля Польшчы і вялікага князя ВКЛ Станіслава Аўгуста Панятоўскага, будучы славуты ваяр нарадзіўся ў Вене, там вучыўся ваеннай справе і пачаў ваенны шлях ў вайне Аўстрыйскай імпэрыі супраць турак. Ужо маладым чалавекам ён часта бываў у Варшаве, стаўся вельмі блізкім чалавекам Станіславу Аўгусту. У 1789 г. кароль і Сэйм заклікалі яго на службу ў польскую армію. Разам з Касьцюшкам і трыма іншымі афіцэрамі Панятоўскі атрымаў званьне генэрал-маёра і камандваньне над дывізіяй, якая фармавалася ва Украіне. Але ён пасьпеў адыграць важную ролю ў падзеях, што разгарнуліся ў Варшаве. Падчас дэбатаў над Канстытуцыяй Рэчы Паспалітай у каралеўскім замку, войскамі, што атачалі замак, камандваў менавіта генэрал Панятоўскі. Сам ён знаходзіўся з атрадам уланаў у зале паседжаньняў (каб змарнаваць спробы праціўнікаў Канстытуцыі сарваць яе прыняцьце).

У войнах Рэчы Паспалітай супраць расейскіх агрэсараў генэрал Панятоўскі праявіў ваенны талент і асабістую адвагу. Як вядома, змаганьне народаў Рэчы Паспалітай скончылася паразай. Але ўсе чакалі далейшай магчымасьці ўдарыць па спрадвечнаму ворагу. Пасьля Тыльзіцкага міру ў 1806 г. французкія войскі занялі Варшаву, і Панятоўскі стаў на чале войскаў Варшаўскага княства. Далейшы ягоны баявы шлях прайшоў у хаўрусе з Напалеёнам, у агульным спадзяваньні адраджэньня Рэчы Паспалітай.

У вайне супраць Аўстрыі Панятоўскі з сваімі палкамі рашуча дзейнічаў супраць аўстрыйскай арміі, якая перавышала яго колькасьцю ў два разы. У бітве пад Рашынам князь асабістым прыкладам натхняў жаўнераў на змаганьне і прадухіліў катастрофу. Потым ён узначаліў пераможную выправу, якая прывяла да вызваленьня ад аўстрыйцаў Кракава і Львова.

Падчас наступу на Маскву ў 1812 годзе Панятоўскі з сваімі войскамі ваяваў у авангардзе і вызначыўся ў бітвах пад Смаленскам, Барадзіным, Вязьмай, Чырыкавым і Вінкавым. Падчас пераправы войскаў праз Бярэзіну ён ледзь не патрапіў у палон да расейцаў. У 1813 г. ён камандваў войскамі, якія змагаліся з войскамі антынапалеёнаўскай кааліцыі ў Саксоніі. У першы дзень бітвы пад Лейпцыгам (“Бітвы Народаў”) 16 кастрычніка 1813 г. Напалеён надаў яму тытул маршала Францыі (такога гонару быў удастоены толькі адзін замежны генэрал — Панятоўскі). 19 кастрычніка Панятоўскі з сваімі аддзеламі прыкрываў адступленьне французкай арміі, быў цяжка паранены, а потым патануў, перапраўляючыся праз раку Эльстэр.

Польскія эліты не забыліся свайго героя, які стаўся сымвалам змаганьня за вызваленьне айчыны ад маскоўскай акупацыі. У 1817 г. быў замоўлены помнік нацыянальнаму герою ў знакамітага на ўсю Эўропу дацкага скульптара Бэртэля Тарвальдсэна. Пластык зрабіў эскіз помніка на ўзор антычнай коннай статуі імпэратара Марка Аўрэлія, што дагэтуль стаіць на Капітоліі ў Рыме. У 1832 г. урэшце быў адліты помнік. Але пасьля паўстаньня 1830-31 гг. устанавіць яго ў Варшаве не дазвалялі акупацыйныя расейскія ўлады.

Помнікам завалодаў князь Іван Паскевіч, які камандваў здушэньнем паўстаньня і быў прызначаны генэрал-губэрнатарам захопленых тэрыторый. Паскевіч завёз помнік у Гомель і паставіў яго каля свайго палаца як сымвал перамогі над паўстанцамі. Там помнік Панятоўскаму прастаяў да 1922 г., калі пасьля польска-бальшавіцкай вайны ў рамках кантрыбуцый паводле Рыжскага міру ён быў вывезены назад у Варшаву, дзе яго ўсталявалі перад Саскім палацам і Магілай Невядомага Жаўнера. У 1944 г. немцы зьнішчылі помнік (у 1945 г. былі знойдзены некалькі фрагмэнтаў помніка ў руінах Варшавы). Новую адліўку статуі выканалі ў 1948-51 гг. паводле мадэлі, што захоўваецца ў Музэі Тарвальдсэна ў Капэнгагэне. Каралеўства Данія падарыла Варшаве адноўлены помнік, які дагэтуль стаіць насупраць Радзівілаўскага палацу ў сталіцы Польшчы.

Я добра памятаю пастамэнт помніка Панятоўскаму, які доўга стаяў каля палаца Паскевіча ў гомельскім парку. У культурнай краіне нават гэты элемэнт скульптурнай кампазыцыі захоўваўся б як помнік культуры і гісторыі. Але правінцыйнаму савецкаму начальству гэты пастамэнт (ужо без надпісаў і знакаў, г. зн. у прынцыпе бяскрыўдны) назаляў вочы. Яго разбурылі недзе ў сярэдзіне 1970-х гадоў...

Валеры Буйвал