РОВАРЫ, МАТРОШКІ І БАЛАЛАЙКІ

1 чэрвеня нарвэжская газэта “Aftenposten” апублікавала артыкул пад тытулам “Масква атрымала гарадзкія ровары”. Вось гэты артыкул:

Як і Осла, Парыж, Лёндан і Нью Ёрк, расейская сталіца Масква таксама атрымала сістэму грамадзкіх гарадзкіх ровараў для насельніцтва.

У пятніцу маскоўскія аматары ровараў памкнуліся ў цэнтар, каб апрабаваць новыя, чырвоныя на дзьвюх колах.

Праект задуманы на пэрспэктыву зьмяншэньня аўтаруху ў Маскве, якая шырока вядомая сваімі шматкілёмэтровымі коркамі.

Ровары выстаўлены на прыблізна 30 розных стаянках на гарадзкіх вуліцах, дзе найбольш напружаны рух. Для многіх маскоўцаў дарожны рух надта пагрозьлівы і яны не рашаюцца рызыкаваць на ровары ў горадзе.

— Гэта ёсьць пэрспэктыўная ідэя, і такое зроблена ў многіх эўрапейскіх гарадах, — кажа малады чалавек, які прадставіўся як Андрэй, пасьля таго, як ён апрабаваў сістэму.

— Як толькі зробяць роварныя дарогі, людзі будуць езьдзіць на вялікіх дарогах, кажа ён, і ў той жа час нагадвае, што ўзаемная павага паміж аўтамабілістамі і раварыстамі яшчэ ня так добра разьвітая ў мільённым горадзе.

На паўгадзіну ровар выдаецца бясплатна, але потым кліент павінен плаціць за вынаём па 6 крон у гадзіну.

Пачаўшы з 150 выстаўленых ровараў, улады, аднак, плануюць у хуткім часе пашырыць паслугу.

NTB

(Пераклаў з нарвэжскай В. Буйвал)

Крыніца: http://www.aftenposten.no/nyheter/uriks/Moskva-far-bysykler-7218053.html#.Uat4xGI3vWQ

“У Маскве раздаюць велікі!..” Навіна аказалася вартай савецкай радыёкропкі, называнай у народзе “калхозным радыё”. Цяпер нарвэжскі народ (спрэс лыжнікі) будзе ведаць, на чым любяць езьдзіць “дорогіе москвічі”. Ня важна, што пакуль езьдзяць 150 чалавек на 12-мільённы горад — у Массавета “планов громадьё”. І вось гэтую “туфту” (як кажуць “дорогіе москвічі”) заходнікам загрузілі балбатуны з маскоўскага прадстаўніцтва сусьветнай агенцыі Reuters. А ўжо потым “сэнсацыю” падхапіла скандынаўская агенцыя NTB. Мы ўпэўнены, што інфармхваля пакоціцца, як цунамі, па ўсім сьвеце: “Маскалі, як вьетнамцы!.. Масква — другі Ханой!.. Русский народ борется за экологию!” Будзе чым загрузіць рубрыку “Расея” у шматаблічных СМІ ўсіх краін.

Мы не фантазуем на пустым месцы ад няма чаго рабіць. Ужо на працягу чатырох апошніх дзён інфармпрастора ўсяго сьвету надрываецца: “У Расеі законам забаранілі паліць цыгарэты ў грамадзкіх месцах! Расея без тытунёвага дыму!..” Ніхто нават не хіхікнуў над гэтай штучнай мізансцэнай. Паведамяць ім з Крамля, што ў Расеі ніхто ня п'е гарэлку, бо такі прынялі закон — і СМІ ўсяго сьвету раззвоняць пра гэта, нават не папярхнуўшыся.

Потым, начытаўшыся і наслухаўшыся “сэнсацый”, заходнікі едуць у Расею, чакаючы сустрэчы з роварамі, матрошкамі, балалайкамі, балетам і “загадкавай рускай душой”. І перажываюць шок, калі спадобяцца зазірнуць на расейскую правінцыю або нават крыху далей ад цэнтра Масквы, — беспрабуднае п'янства, дзікунства міжчалавечых адносінаў, інтэлектуальная адсталасьць ад усяго чалавецтва. Затое ёсьць паўтары сотні грамадзкіх раварыстаў на ўсю неабсяжную імпэрыю. Прагрэс!

Янка Базыль