А ЯНЫ ПРА “КЛУБНІЧКУ”...

7 чэрвеня партугальская газэта “Diario de Noticias” апублікавала артыкул пад тытулам “Змагарка затрыманая, бо высьмейвала развод Пуціна”. Вось гэты артыкул:

Жанчына, сяброўка ўкраінскай фэмінісцкай групы Femen, была затрымана ў Кіеве падчас пэрформансу, дзе яна паказвала грудзі, каб высьмеяць развод расейскага прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна і яго мяркуемую сувязь з адной былой гімнасткай.

Пуцін і ягоная жонка Людзьміла, якіх не бачылі на публіцы разам ужо на працягу гадоў, паведамілі ў сераду пра свой развод падчас тэлеінтэрв'ю. Падтрымала пацьверджаньне меркаваньне, якое пацьвярджае чуткі пра мяркуемую сувязь расейскага Прэзыдэнта з былой чэмпіёнкай па гімнастыцы Алінай Кабаевай.

Сяброўка Femen з стужкай для гімнастыкі мела на грудзях і плячах надпісы “Уперад Расею” і крычала “Вова (памяншальнае ад Уладзімір Пуцін), я цябе кахаю!”, набліжаючыся да расейскай амбасады ва ўкраінскай сталіцы.

Н.Т.

(Пераклаў з партугальскай В. Буйвал)

Крыніца: http://www.dn.pt/inicio/globo/interior.aspx

Ну, ці ж не прыдурачныя паводзіны! Але “Клубнічка” пра дурнічку з Femen распаўсюдзілася за некалькі гадзін па ўсяму сьвету. Яно распаўсюджвалася ў якасьці нумара цэлай сэнсацыйнай праграмы. Усе зашумелі: “Пуцін разводзіцца з жонкай! РПЦ заклікае рускі народ маліцца за Уладзіміра і Людзьмілу!” Мяркуем, што ў бліжэйшыя дні гэты “накал” ня будзе спадаць. Ёсьць пра што пісаць у рубрыцы “Расея”. Аналітыкі ня трэба — тут суцэльныя “голыя факты”. Некаторыя (як, напрыклад, нідэрляндская прэса) так сьпяшаліся, што выдалі эпізод і фота пра “змагарку Femen” з тлумачэньнем, што ўсё гэта адбывалася ў Берліне з удзелам нямецкай паліцыі.

Яно можа і нічога, улетку пажадана забаўляцца і адпачываць. Але гістарычная практыка паказвае, што пад “клубнічку” нават улетку ў Эўропе адбываліся розныя драматычныя падзеі. Напрыклад, дзьве сусьветныя вайны распачаліся пасярод пляжнага сэзону. Але бачым, што ў заходнікаў памяць кароткая.

Практычна ніхто з эўрапейскіх СМІ ані словам не згадаў пра прыезд у Беларусь маскоўскага генэралітэта начале з міністрам абароны РФ Шайгу. А тыя не хавалі (наадварот уцямна дэкляравалі), што мэтай іхняга візыту ёсьць пошук месца для расейскай ваеннай базы на тэрыторыі Беларусі (накіраванай супраць Эўропы). Заходнім СМІ гэта не цікава. Вось каб Шайгу ўзяў ды разьвёўся з жонкай або зьняў мундзір ды агаліўся на трыбуне — вось гэта была б сэнсацыя. А маскоўскія ракеты і самалёты з бомбамі, накіраваныя на Эўропу, — гэта нудна і чытачоў не зацікавіла б...

Часткова зразумела, чаму так адбываецца. Reuters і іншыя, што маюць свае прадстаўніцтвы і расейскі штат у Маскве (яны маюць нават сваіх рэпарцёраў у Менску) “не заўважылі” менскі візыт генэралітэта і не паведамілі пра яго. Усё засьціў Пуцінскі развод. Але ж у Маскве сядзяць на стаўках больш за сотню русістаў з розных заходніх агенцый і газэт. Яны і вухам не зварухнулі. Ёсьць нават пару польскіх журналістаў у самым Менску ды й Вільня недалёка. І яны, як кажуць маскоўскія генэралы, “ни гу-гу”. Цікава, і чаму яны так сябе паводзяць? Можа яны думаюць, што ракеты і бомбы Масква падрыхтавала выключна для нас — для беларусаў?

А нават на першым курсе журфакаў вопытная прафэсура тлумачыць студэнтам, што ў журналістыцы бывае, калі падзеі прымушаюць аглядальніка сьвецкай хронікі раптам ператварыцца ў ваеннага рэпарцёра.

Янка Базыль