ПОМНІК СТУДЭНТУ

У беларускім мастацтве адбылася сьветлая падзея. 7 чэрвеня ў Менску быў урачыста адслонены Помнік Студэнту. Пасьля цэлага шэрагу няўдачных і проста антыэстэтычных скульптур, што ўзьніклі ў нашай сталіцы за гады лукашызма, гэты помнік ёсьць сапраўднай зьявай у культурным жыцьці Беларусі. Аўтар работы менскі скульптар Павел Лук сказаў, што прысьвяціў свой твор усім пакаленьням беларускіх студэнтаў, але канкрэтна ўвасобіў у рабоце вобраз маладога Францішка Скарыны. Павел Лук — выдатны беларускі пластык, ён мае сваю арыгінальную творчую манеру. У цэнтры ягонай увагі — падзеі і постаці нацыянальнай гісторыі. Цяпер ён працуе над манумэнтальным помнікам Міндоўгу для Наваградка.

Скульптар удала знайшоў прапорцыі і маштабы, арганічна ўпісаў скульптуру ў навакольле. Пластыка работы жывая і трапяткая. Пастамэнт помніка — гэта невысокая пліта з стылізаваным брукам эўрапейскага горада. Гэтымі шляхамі ў Кракаў, Падую, Балонью, Парыж, Гэцінген крочылі тысячы і тысячы беларускіх юнакоў на працягу стагоддзяў. Іх дэвіз накрэсьлены на пастамэнце помніка па-лацінску і па-беларуску — “Scientia potentia est. Веды — сіла”. На твары юнака чытаецца радасьць жыцьця і пазнаньня, вера ў шчасьлівую будучыню сваю і роднага народа. Помнік ёсьць настальгічным вобразам Беларусі, якая была арганічнай часткай эўрапейскай культуры і цывілізацыі. Была, ёсьць і будзе! (Дарэчы, цяпер русіфікатарам цяжэй будзе загружаць голаў нашай моладзі чужой формулай: партрэтам Ламаносава, што ў бурках і кажуху едзе з рыбным абозам з Халмагораў у Маскву...).

Прапануем моладзі стварыць новую творчую традыцыю. Зьбірацца каля Помніка Студэнту, чытаць вершы і прозу, паказваць на імправізаваных плэнэрных выставах свае творы, выконваць свае музычныя опусы. Няхай каля гэтага помніка сустракаюцца былыя студэнты розных пакаленьняў.

Помнік усталяваны насупраць галоўнага будынка Беларускага Дзяржаўнага Эканамічнага Унівэрсітэта на Партызанскім праспэкце.

Валеры Буйвал