А ВОСЬ І ЁН, ЖЫВЫ КУРЫЛКА!

16 чэрвеня Радыё “Свабода” некалькі разоў па жывому падала зьвесткі пра рэпарцёрскае геройства і журналісцкую самаахвярнасьць. Міліцыя затрымала ў Стаўбцоўскім раёне журналіста Алеся Сіліча (жывы курылка!) і завезла яго ў Стаўбцоўскі РАУС. Сіліч паехаў быў туды, атрымаўшы рэдакцыйнае заданьне на рэпартаж пра падзеж сьвіней у мясцовых калгасах. На яго склалі пратакол, а потым падвезьлі на вакзал. Цяпер А. Сіліч у нашай сталіцы. Але можа быць і ня ў нашай...

А. Сіліча мы памятаем недзе з пачатку гэтага тысячагоддзя. Ён друкаваўся ў “Нар. Волі”, некаторыя зь ягоных тэкстаў не былі пазбаўлены рэзкасьці тону. У 2004 годзе ён даў публічны адказ на выступ у друку Зянона Пазьняка, які ўскрываў сутнасьць псэўдаапазыцыі, што падтрымлівае сваімі дзеяньнямі антыбеларускі рэжым. А. Сіліч тады кінуў з размаху сваю сэнтэнцыю: “А што, Зянон Станіслававіч, Вы лепш прыязджайце ў Беларусь ды прыступайце да змаганьня супраць рэжыму разам з намі...”

Усе і забыліся б пра гэты інцыдэнт, але на наступны год сам А. Сіліч падаўся ў палітычную эміграцыю. Што ўжо ён там расказваў бэльгійцам, невядома (ніхто не памятае, каб Сіліча перасьледваў рэжым), але яму ў Бэльгіі далі палітпрытулак. Ён і пражыў там восем гадоў. Ягоны стан на Захадзе можна вызначыць як “ляжаньне на дне”. Толькі аднойчы ён раптам зьявіўся ў ЗША ў амплуа “дэмакратычнага журналіста”. Але патрыёты-фронтаўцы патлумачылі беларускім суполкам у гэтай краіне, што гэта ёсьць, мякка кажучы, “неадназначная асоба”. Пасьля той няўдалай камандыроўкі (і хто ж яго туды паслаў?) А. Сіліч вярнуўся на дно.

І вось мы раптам бачым, што “палітэмігрант, які ўцёк ад бесчалавечнага рэжыму”, усплывае зноў. Прычым не дзе-небудзь, а проста пасярод згаданага бесчалавечнага рэжыму. Ён шчыра распавядае СМІ, што “ня можа жыць без Беларусі”, таму “увесь час езьдзіць з Брусэля ў Менск” (гэта са статусам палітуцекача!) і наадварот. Робіць рэпартажы і, як бачым, дарабіўся да страшных рэпрэсій у рамках правінцыйнай сьвінячай справы.

Тут трэба нагадаць пра ўнівэрсальны закон палітычнага прытульства. Палітпрытулак даецца асобе толькі ў тым выпадку, калі гэтай асобе на радзіме пагражае небясьпека жыцьцю, свабодзе і здароўю за яе (асобы) палітычныя перакананьні і дзейнасьць. Калі гэтая асоба вяртаецца на радзіму і не падвяргаецца палітычнаму перасьледу, то яе пазбаўляюць права на палітпрытулак. Гэта элемэнтарна.

Можа быць, што А. Сіліч атрымаў за гэтыя гады бэльгійскі (ці які яшчэ) пашпарт. Але гэта не мяняе справы: ён жа ўсяроўна застаецца “ахвярай пад пагрозай” з боку таго самага рэжыму, ад якога ён некалі ўцёк. Як бачым, сп. Сіліч “езьдзіць туды-сюды” і ўсё ў поўным парадку, рэжым упускае яго ў Беларусь і выпускае зь яе. Гэта, мякка кажучы, нетыповая штатная сытуацыя.

Што праўда, мясцовая пракуратура ўжо папярэджвала яго аб ягоным супрацоўніцтве з тэлеканалам Белсат (безумоўна вялікае злачынства і ня меншае асабістае геройства журналіста). І цяпер вось яго прыпуталі “апрычнікі рэжыму” каля стаўбцоўскага сьвінакомплексу. Але з кім не бывае?

Мы мяркуем, што сытуацыя сама па сабе штучная, як паралон або шкловалакно. Езьдзіць чаўнаком наш герой-журналіст таму, што не ўяўляе ніякай пагрозы для рэжыму (яе ніколі яму не было). Проста сіламі і намаганьнямі віртуальнай прасторы, надзьмутай “дэмСМІ” адбываецца рэкламная раскрутка забытага, але рэанімаванага кадра. Яшчэ парачка папярэджаньняў з пракуратуры, яшчэ адзін вэтэрынарны рэпартаж з правінцыі, і ў Брусэлі адбудзецца ўзнагароджаньне А. Сіліча залатым вянком “за пакутніцтва ў журналістыцы”. І з гэтым галаўным уборам ён прыступіць да акрэдытаванай дзейнасьці пры брусэльскай канторы Эўразьвязу (з выездамі ў розныя краіны, зразумела). Паўсюль гэтая венцаносная асоба будзе даваць “каштоўнейшую інфармацыю” пра Беларусь і яе людзей. Магчыма нават, што ён станецца “прадстаўніком беларускай дэмакратыі” на Брусэль і ўсея Эўропа. Да яго будуць прыслухоўвацца, цытаваць яго, рабіць лёсавызначальныя рашэньні ў тым ліку і на аснове яго, героя А. Сіліча, аналітычных рэпартажоў.

Усё гэта раскрыецца ў бліжэйшай будучыні. Калі б такі вадэвіль разыгрываўся ў акупаванай Польшчы часоў хунты генэрала Ярузэльскага або нават у постсавецкай Латвіі ці Эстоніі, такога вадэвільшчыка паднялі б на сьмех спачатку палітычныя і журналісцкія колы нацыянальнага супраціву, а потым пачало б сьмяяцца і ўсё грамадзтва. Але, мабыць, арганізатары гэтай афёры разьлічваюць на легендарную сур'ёзнасьць беларусаў, якіх нялёгка рассьмяшыць...

Ян Булыга