СІРЫЙСКІЯ ПАЎСТАНЦЫ АТРЫМАЛІ ЦЯЖКУЮ ЗБРОЮ

20 чэрвеня славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Сірыйскія паўстанцы атрымалі першую партыю цяжкой зброі”. Вось гэты артыкул:

Мяркуецца, што Савудаўская Аравія паставіла паўстанцам супрацьтанкавыя кіруемыя ракеты расейскай вытворчасьці тыпу Конкурс.

Лёндан, Ерузалем. Сірыйскія паўстанцы атрымалі першую партыю цяжкой зброі, якую ім паставіла Савудаўская Аравія.

Гэта паведаміў ізраільскі сэрвэр IsraelNationalNews.com.

Мяркуецца, што Савудаўская Аравія як ключавы рэгіянальны хаўрусьнік ЗША паставіла паўстанцам супрацьтанкавыя кіруемыя ракеты расейскай вытворчасьці тыпу Конкурс.

Сірыйскія паўстанцы ўжо раней мелі невялікую колькасьць гэтай зброі, якую яны захапілі на армейскіх складах.

Цяпер яны ўжо атрымалі ад Савудаўскай Аравіі большую колькасьць гэтай зброі, а да таго ж і абяцаньне ў хуткім часе паставіць яшчэ больш складаную зброю.

Супрацьтанкавыя ракеты Конкурс здольныя прабіваць браню расейскіх танкаў Т72с, найсучасьнейшых баявых машын ў арсэнале сірыйскай арміі.

Ракеты Конкурс ў значнай колькасьці зьявіліся на зонах баёў у Сірыі з пачатку гэтага месяца.

Гэта пацьвярджае інфармацыю аб тым, што Вашынгтон разьвязаў рукі сваім рэгіянальным хаўрусьнікам, каб яны маглі пастаўляць цяжкую зброю сірыйскай апазыцыі.

Злучаныя Штаты на мінулым тыдні заявілі, што вырашана аказаць ваенную дапамогу сірыйскім паўстанцам, абгрунтаваўшы гэта доказамі аб прымяненьні хімічнай зброі сіламі Асада.

Першую інфармацыю пра пастаўку Конкурсаў у Сірыю дала ў сераду брытанская газэта “Daily Telegraph” са спасылкай на сірыйскую апазыцыю.

Petit Press

(Пераклаў з славацкай В. Буйвал)

Крыніца: http://www.sme.sk/c/6842407/syrski-povstalci-dostali-prvu-dodavku-tazkych-zbrani.html

Такім чынам, распачынаецца “конкурс” пад дэвізам “хто каго” — расейскія танкі або расейскія супрацьтанкавыя ракеты? Дакуражылася Масква з сваім крывавым бізнэсам зброяй. Наляцела на свае ж ракеткі. Гэта не ўпершыню. Была кітайска-в'етнамская вайна 1979 года, дзе абодва бакі страляліся савецкай зброяй, было шмат чаго ў сьвеце.

Дзікі прамаскоўскі рэжым Асада стаміў увесь рэгіён. Нават Савуды (якія не вызначаюцца прыхільнасьцю да дэмакратычнага ладу) вырашылі пакласьці канец гэтаму кашмару. Мяркуем, што гэта толькі пачатак шырокамаштабнай міжнароднай апэрацыі па ўзбройваньню сірыйскага народа, які вядзе справядлівую вайну за вызваленьне ад тыраніі. Цяпер інсургенты напаляць маскоўскіх танкаў, трэба чакаць фотаматэр'ялаў на гэтую тэму.

Блізкія і далёкія краіны дапамагаюць сірыйскаму народу, таму што сьвет дапамагае толькі тым, хто змагаецца і ідзе да перамогі.

Сяргей Камароўскі