КІТАЙСКАЯ АТРУТА

26 чэрвеня польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Кітайскія зёлкі заражаныя пэстыцыдамі”. Вось гэты артыкул:

Папулярныя ва ўсім сьвеце кітайскія зёлкі, што выкарыстоўваюцца ў мэдыцыне і на кухні, у значнай ступені заражаныя пэстыцыдамі — вынікае з апошняй справаздачы Greenpeace.

Арганізацыя папярэджвае, што выкарыстаньне іх на працягу доўгага часу стварае сур'ёзную пагрозу здароўю.

Зёлкі, што спрадвек выкарыстоўваюцца ў кітайскай мэдыцыне, папулярныя таксама й за мяжой. Кітайскія фірмы зарабляюць на іх экспарце каля 60 мільярдаў даляраў штогод.

Справаздача пад тытулам “Кітайскія зёлкі: эліксір здароўя ці кактэйль пэстыцыдаў” утрымлівае вынікі дасьледваньняў кітайскіх зёлкавых прадуктаў, сярод якіх 65 мелі парэшткі пэстыцыдаў, у тым ліку забароненых рэчываў.

Некаторыя з пэстыцыдаў знаходзяцца ў сьпісе “надзвычай небясьпечных” рэчываў, падрыхтаваным Сусьветнай Арганізацыяй Здароўя (WHO). Іншыя парушаюць эўрапейскія стандарты бясьпекі харчаваньня.

Паводле Greenpeace, прычынай узьнікненьня гэтай сытуацыі зьяўляецца выкарыстаньне неправераных сумесяў угнаеньняў у сувязі з ростам попыту на кітайскія зёлкі ва ўсім сьвеце.

Аддзел Greenpeace, якія дзейнічае ў Азіі, запатрабаваў ад кітайскага ўраду, каб той зрабіў больш строгім дагляд і кантроль за выкарыстаньнем пэстыцыдаў, забесьпячэньнем сялянаў бясьпечнымі ўгнаеньнямі і за поўным выдаленьнем з рынку забароненых рэчываў.

Куі Чэн, адзін з галоўных дзеячаў абароны навакольнага асяроддзя ў Кітаі, сказаў, што ён агаломшаны справаздачай Greenpeace. — Тое, што мы рэкламуем як цудоўныя кітайскія лекі, на самой справе зьяўляецца атрутай, — сказаў ён.

Прафэсар эканомікі Ху Сінгду з пэкінскага University of Science and Technology мяркуе, што гэтую праблему цяжка будзе давесьці да ладу. — Кітайскія традыцыйныя зёлкі вырошчваюцца галоўным чынам прыватнымі прадпрымальнікамі, дробнымі сялянамі, што надзвычай абцяжарвае кантроль. Няма таварыстваў прадпрымальнікаў, якія б дбалі аб аўтарытэце сваёй прадукцыі. А чыноўнікі альбо ставяцца абыякава да выкананьня правілаў выкарыстаньня пэстыцыдаў, альбо проста сьведама не зважаюць на парушэньне заканадаўства — сказаў Ху Сінгду.

У Кітаі ўсё часьцей выбухаюць скандалы, зьвязаныя з атручваньнем харчаваньня. У апошнія гады шмат шуму было вакол атручваньня мэламінам малака для дзяцей, што прывяло да масавых атручваньняў людзей.

У мінулым месяцы ўлады паўднёвакітайскай правінцыі Гуандонг правялі квартальныя выбарачныя праверкі рыса. Сярод 18 правераных партый рыса ў 8 былі знойдзены надта высокія колькасьці канцэрагеннага кадмія.

Павышэньне ўзроўню забруджваньня, усё большая колькасьць цяжкіх мэталаў у вадзе і паветры прывялі да таго, што ўсё больш кітайцаў далучаюцца да справы аховы навакольнага асяроддзя. Гэта выклікана таксама тым, што групы эколагаў паведамляюць пра ўсё большую колькасьць выпадкаў фальшаваньня пры праверках узроўню забруджваньня і ацэнак уплыву яго на навакольнае асяроддзе.

rfa.org

(Пераклаў з польскай В. Буйвал)

Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/11,1023676-Chinskie-ziola-skazone-pestycydami.html

Вось яно — чарговае паведамленьне з кітайскага фронта. Кулі робяць пасьпяховы бізнэс — труцяць увесь сьвет, кланяюцца і ўсьміхаюцца. Ды чакаюць, пакуль антыбеларускі рэжым шырэй расчыніць для іх брамы нашай краіны. Калі яны паводзяць сябе такім чынам на ўласнай зямлі, у сваёй дзяржаве, дык чаго ж нам чакаць ад іх на нашай тэрыторыі? Зразумела, што пытаньне гэтае мае рытарычны характар.

Янка Базыль