РАСЕЙСКАЯ БАЗА АТАБАРЫЦЦА Ў ЛІДЗЕ — ПАГРОЗА ДЛЯ БЕЛАРУСІ

27 чэрвеня летувіская газэта “Lietuvos Rytas” апублікавала артыкул пад тытулам “Расейская ваенна-паветраная база каля межаў Летувы не палепшыць адносінаў”. Вось гэты артыкул:

Размяшчэньне каля мяжы з Летувой расейскіх ваенных сілаў не палепшыць адносінаў з Летувой, — сказаў старшыня камісіі Сэйма па Нацыянальнай бясьпецы і абароне (NSGK), “працавік” Артурас Паўлаўскас.

Паводле парлямантара, мэтай стварэньня ў Беларусі базы ваеннай авіяцыі зьяўляецца дэманстрацыя Эўразьвязу і НАТО сваёй баявой гатоўнасьці, а таксама таго, што Расея залічае Летуву да краінаў, якія нясуць магчымую небясьпеку.

“Атрымліваецца вельмі дзіўна: на дыпляматычным узроўні вядзецца гаворка пра пацяпленьне ўзаемных расейска-летувіскіх адносінаў, а праводзяцца такія стратэгічныя вайсковыя дзеяньні, якія наўрад спрыяюць наладжваньню добрых адносінаў і нясуць небясьпеку. Мы выразна бачым, як каля нашых межаў канцэнтруецца ваенная моц і рэалізуюцца стратэгічныя планы хаўрусных краінаў, якія імкнуцца аказаць уплыў на нашую ўнутраную палітыку”, — гаворыцца ў дакладзе, распаўсюджаным аддзелам сувязяў Сэйма з грамадзтвам, дзе цытуецца А. Паўлаўскас.

Пра расейскую ваенна-паветраную базу ў горадзе Лідзе, які знаходзіцца ў 40 кілёмэтрах ад межаў Летувы у сераду паведаміў галоўнакамандуючы расейскіх ваенна-паветраных войскаў генэрал-лейтэнант Віктар Бондараў.

“Стварэньне расейскай ваенна-паветранай базы ў Беларусі зьяўляецца вынікам міждзяржаўнага пагадненьня аб умацаваньні Саюзнай дзяржавы ў вайсковай сфэры, якое мы павінны выконваць. Будучы часткай Саюзнай дзяржавы, Расея абавязана стварыць і мець тут ваенна-паветраную базу”, — сказаў журналістам генэрал. Яго працытавала агенцыя навінаў Інтэрфакс.

Міністэрства абароны края ацаніла сытуацыю як такую, што не стварае небясьпекі, але і не сьведчыць пра добрую волю.

“У ваеннай сфэры гэта не нясе пагрозы. У палітычнай сфэры гэта, зразумела, не зьяўляецца дэманстрацыяй імкненьня да ўзаемнага даверу і добрасуседства ні з боку Расеі, ні з боку Беларусі. І ўсё ж Міністэрства абароны краю лічыць, што Беларусь як незалежная дзяржава мае права сама вырашаць, ці дазваляць стварэньне на сваёй тэрыторыі базы іншых дзяржаваў або не”, — напісана ў камэнтары міністэрства, перададзеным у агенцыю BNS.

BNS i lrytas.lt inf.

(Пераклаў з летувіскай В. Буйвал)

Крыніца: http://www.lrytas.lt/pasaulis/konfliktai-ir-saugumas/rusijos-kariniu-oro-pajegu-baze-prie-sienos-su-lietuva-santykiu-nepagerins.htm

Зразумела, што афіцыйнай Вільні нічога не застаецца, як рабіць стрыманы выраз пасярод чужой гульні. З дыпляматычнай лексікі бачна, што кіраўніцтва краіны вельмі незадаволена і нават бачыць у дзеяньнях каля сваёй дзяржмяжы спробу “аказаць уплыў на ўнутраную палітыку” Летувы. У той жа час летувіскія дзярждзеячы спасылаюцца на “самастойнасьць рашэньняў” Беларусі. Яны можа ня ведаюць, што Беларусь знаходзіцца пад рэжымам унутранай акупацыі маскоўскай імпэрыяй?

Яны б можа і не згадвалі пра гэта. Але менавіта зараз з Брусэля ім паступіла ўводная “паддаць цяплыні” у эўраадносіны з рэжымам Лукашэнкі. Яны, зразумела, кажуць, што хочуць падагрэць адносіны з Беларусьсю, зь яе грамадзянскай супольнасьцю. Мабыць таму днямі яны прымалі ў Вільні “прадстаўнікоў” згаданай супольнасьці і вялі зь імі перамовы на тэму “Усходняга партнёрства” Эўразьвязу зь Беларусьсю. Можа яны ня ведаюць, што “прадстаўнікі” сп. Івашкевіч, Лябедзька, Янукевіч і “прімкнувшій к нім” канторскі правакатар Дзімітрыеў зьяўляюцца прадстаўнікамі падначаленай рэжыму і кіруемай рэжымам псэўдаапазыцыі? Можа яны не здагадваюцца, што гэтыя пэрсанажы не прадстаўляюць нашае грамадзтва? У нас усё-ткі склалася ўражаньне, што ўсё летувіскія парлямантары цудоўна ведаюць і аб усім здагадваюцца. Адной з прыкметаў гэтага зьяўляецца той факт, што ніводны СМІ Летувы не паведаміў нат словам пра “саміт” з Дзімітрыевым і іншымі. Ім сорамна было гэта рабіць. Яны саромеліся, але рабілі, выконвалі брусэльскую ўводную. Хаця цалкам лагічным было б запрасіць на перамовы спраўдных прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Але вось загвоздка, з Брусэля такі вось сьпіс прыслалі...

А тым часам Расея прэ нахрапам, яна ўжо ў 40 км ад летувіскай мяжы. Маскоўскія генэралы спасылаюцца на “Саюзную дзяржаву РБ і РФ” — на незаконнае ўтварэньне, якога не існуе ў Канстытуцыі Беларусі. Расея “канцэнтруе моц і рэалізуе стратэгічныя планы” (як пішуць летувіскія СМІ), а палітыкі краіны сарамліва вядуць дэкаратыўныя дэбаты з падстаўнымі фігурамі ад лукашыстоўскай псэўдаапазыцыі. Вельмі дзіўная тактыка ва ўмовах рэальнай расейскай пагрозы. Але, мабыць, так прасьцей існаваць у сучасным шматвэктарным сьвеце. У гэтым былі ўпэўнены таксама й летувіскія палітыкі хісткай эпохі 1939-40 гадоў.

Янка Базыль