МАДАМ ЗНОЎ ЗЛАВІЛІ НА БЕЛАРУСАФОБСТВЕ

23 чэрвеня ў інфармпрасторы разьляцелася навіна:

Дэпутат Бундэстага Марылуізэ Бэк павіншавала пісьменніцу Святлану Алексіевіч з прысуджэннем Міжнароднай прэміі міру нямецкіх кнігагандляроў за 2013 год.

Як адзначаецца ў віншаванні, “Святлана Алексіевіч вельмі чуйна і чула апісвае рэальнасць Беларусі, якая рабілася ўсё больш жорсткай”, піша БелаПАН. (Канец цытаваньня).

У гэтым паведамленьні мадам Алексіевіч названая “беларускай пісьменьніцай”. Але мы дазволім сябе засумнявацца ў абгрунтаванасьці гэткага тытулаваньня (дый не пісьменьніца яна, а журналістка, якая займаецца дакумэнтальнай прозай). Бо адбылася нечаканая для лаўрэаткі (прэмія ад нямецкіх кнігавыдаўцоў раўняецца 25 тыс. эўраў) “уцечка інфармацыі”. І чуйныя людзі прыхапілі “пісьменьніцу” на беларусафобстве. Справа ў тым, што даючы інтэрв'ю нямецкай газэце “Frankfurter Allgemeine Zeitung” (нумар за 20 чэрвеня сёлета), Алексіевіч не стрымалася, калі пачула пытаньне журналісткі:

Obwohl Minsk Ihre Heimat ist, schreiben Sie nicht auf Belorussisch.

Хаця Менск ёсьць Вашай радзімай, Вы ня пішаце па-беларуску.

І “урэзала ад усяе душы” наступны пасаж:

Ja, ich schreibe nur russisch und verstehe mich auch als Angehörige der russischen Kultur. Die weißrussische Sprache ist sehr bäuerlich und literarisch unausgereift.

Так, я пішу толькі па-расейску і разумею сябе таксама як прыналежную да расейскай культуры. Беларуская мова вельмі вясковая і літаратурна недасьпелая. (Канец цытаваньня).

Да такой нізасьці трэба дадумацца. Праўда, цяпер сп. Алексіевіч апраўдваецца на старонцы і хвалях Радыё Свабоды. Маўляў, яе ня так зразумелі і пераклалі. Яна завярае ў сваёй адданасьці беларускай культуры. А нам нешта ня верыцца ў шчырасьць заяваў і творчасьці гэтай мадам. Перш за ўсё таму, што яе антыбеларускія заявы маюць рэцыдыўны характар. Яе прыхапілі на гэтым ня ў першы раз. Думаем, што таксама не ў апошні. А галоўная прычына паводзінаў мадам у тым, што менавіта за гэта яе і аплочваюць-друкуюць-узнагароджваюць немцы і віншуюць з Бундэстага. Германскаму афіцыёзу (які на працягу гадоў муштраваў лукашыстоўскія рэпрэсійныя структуры, вучыў іх душыць наш народ) важна, каб да ўсяго была таксама й “духоўная падкладка” — аўтарытэтнае сьведчаньне ў стылі салоннай баячкі з 19-га стагоддзя пра “вясковасьць і недасьпеласьць” вялікай мовы.

Мяркуем, што ня тое яшчэ пачуем. Цалкам верагодна, што пасьля гэтай прэміі германцы будуць спрабаваць зрабіць мадам лаўрэаткай Нобэлеўскай прэміі па літаратуры. Гісторыя паказвае, што гэтая кантора можа зрабіць сваім лаўрэятам нават казу, быў бы заказ і кан'юнктура. Ці такое ўжо было! Дарэчы, Беларусы маглі б спыніць гэту германскую інтрыгу.

Янка Базыль