ЗЬБІРАЮЦЦА СУДЗІЦЬ МАРЫН ЛЁПЭН

2 ліпеня чэшская газэта “Hospodarske Noviny” апублікавала артыкул пад тытулам “Лідэр французкіх крайне правых страціла імунітэт. Ёй пагражае перасьлед за расавую неталерантнасьць”. Вось гэты артыкул:

Эўрадэпутат Марын Лёпэн тры гады таму прыраўняла малітвы мусульманаў на вуліцах у Францыі, якія ўсе крытыкуюць, да нацыстоўскай акупацыі краіны. Эўрапарлямант цяпер пачуў патрабаваньне Парыжа і пазбавіў яе імунітэту.

Эўрапарлямант пазбавіў імунітэту эўрадэпутата Марын Лёпэн, якой пагражае перасьлед за падбухторваньне да расавай неталерантнасьці. Парыж запатрабаваў ад Эўрапарляманту выдаць лідэра французкіх крайне правых летась у лістападзе. Патрабаваньне канкрэтна тычыцца адной з прамоваў палітыка, зь якой яна выступіла ў 2010 годзе.

Эўрадэпутаты павінны былі галасаваць ў справе пазбаўленьня імунітэту яшчэ месяц таму, але адклалі справу. Ужо раней меркавалася, што эўрадэпутаты задаволяць патрабаваньне французкай юстыцыі па той прычыне, што ўжо раней у таемным галасаваньні пазбаўленьне яе імунітэту падтрымаў юрыдычны камітэт парляманту.

Абвінавачваньне тычыцца выступу Лёпэн у 2010 годзе, калі яна ў Ліёне публічна прыраўняла малітвы мусульманаў на вуліцах у Францыі, якія ўсе крытыкуюць, да нацыстоўскай акупацыі краіны.

“Як у Савецкім саюзе”, крытыкаваў парлямант эўрадэпутат

Лёпэн яшчэ перад галасаваньнем у панядзелак заявіла, што не баіцца пазбаўленьня імунітэту і адказвае за свае словы. Яна таксама назвала сябе дысыдэнткай. Непасрэдна перад галасаваньнем у спрэчках выступіў эўрадэпутат Бруна Гольніш, які зьяўляецца адным з трох эўрадэпутатаў французкага Нацыянальнага фронту (разам з Лёпэн і яе бацькам Жан-Мары Лёпэнам).

Ён абвінаваціў Эўрапарлямант у тым, што Лёпэн не дазволілі выступіць перад яе калегамі. Такая працэдура яму, маўляў, нагадала Вярхоўны савет Савецкага саюза, — дадаў ён пад гул неадабрэньня астатніх заканадаўцаў.

Аднак няма ніякога такога правіла, каб датычны да справы эўрадэпутат меўся выступаць, і як паведаміла агентура AFP, Лёпэн нібыта тры разы ўвесну летась запрашалі на паседжаньне юрыдычнага камітэту Эўрапарляманту, каб яна абаранялася, але яна не адказала ні на воднае запрашэньне.

Лёпэн зьяўляецца старшынёй ультраправага Нацыянальнага фронту, летась яна таксама ўзяла ўдзел у першым туры прэзыдэнцкх выбараў, якія далі ёй рэкордную падтрымку ў 18% выбаршчыкаў. Ейны бацька, Жан-Мары Лёпэн, у 2002 годзе прабіўся ў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў, калі яму хапіла няпоўных 17% галасоў, каб абыйсьці сацыяліста Ліянэла Жаспэна. Але ўрэшце ён прайграў Жаку Шыраку.

Пераклаў з чэшскай В. Буйвал.

Крыніца: http://zpravy.ihned.cz/svet/c1-60178700-sefka-franzouzske-krajni-pravice-ztratila-imunitu-hrozi-ji-stihani-kvuli-rasove-nesnasenlivosti

Мяркуем, што цяганьне Марын Лёпэн па судах толькі паспрыяе росту яе папулярнасьці сярод французкіх французаў, стомленых паводзінамі экзатычных “французаў”. У сувязі са справай перасьледу дадасца таксама раздражненьня ў адрас брусэльскай канторы. А што ўласна здарылася? Палітык публічна заявіла тое, аб чым патаемна думае ўсё эўрапейскае насельніцтва Францыі (нават сацыялісты). Людзі ведаюць або здагадваюцца, што было б зь імі, калі б яны пачалі выконваць хрысьціянскія рытуалы пасярод вуліцы ў любым горадзе любой мусульманскай краіны.

Сяргей Камароўскі