УГОДКІ ВАЛЫНСКАЙ ТРАГЕДЫІ

2 ліпеня польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Украінская партыя Свабода: Ня хочам тут прэзыдэнта Камароўскага. Няхай лепш Польшча папросіць прабачэньня за злачынства”. Вось гэты артыкул:

Візыт прэзыдэнта Браніслава Камароўскага на Валыні цяпер непажаданы і можа прывесьці да абвастрэньня адносінаў з Украінай, — лічаць прадстаўнікі ўкраінскай партыі Свабода. — Прэзыдэнт хоча працягваць справу яднаньня. — адказвае ягоны дарадчык Томаш Налэнч.

14 ліпеня прэзыдэнт Камароўскі маецца ўшанаваць ахвяраў валынскага злачынства 1943-44 гг. у Луцку. Польскі бок лічыць, што ў гэтых урачыстасьцях возьме ўдзел таксама прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч.

Свабода: Гэты візыт бессэнсоўны

Пасьля прыняцьця Сэнатам 20 чэрвеня 2013 года антыўкраніскай, псэўдагістарычнай і шавіністычнай ухвалы аб падзеях на Валыні візыт прэзыдэнта Польшчы ў Луцку непажаданы і бессэнсоўны. Украінскае грамадзтва можа зразумець гэтую ініцыятыву польскага прэзыдэнта як правакацыю — заявіў у аўторак дэпутат Свабоды ў Вярхоўнай Радзе (парляманту) Украіны і кіраўнік гэтай партыі ў Валынскай вобласьці Анатолі Вітів.

На думку Вітіва, у Польшчы маем справу з “раскручваньнем антыўкраінскай істэрыі”, а мэтай візыта Камароўскага ёсьць “сымвалічнае прыніжэньне ўкраінцаў”. “Валыняне могуць зразумець гэты жэст (візыт прэзыдэнта РП у Луцку) як імкненьне польскага боку навязаць нам іхную, нэаімпэрыялістычную вэрсію падзеяў 1943 года на заходняй Украіне, якая абапіраецца на сфабрыкаваных і неверагодных гістарычных фактах” — чытаем мы ў спавешчаньні ўкраінскага дэпутата.

Вітів падкрэсьліў, што візыт прэзыдэнта РП на Валыні меў бы сэнс толькі ў сытуацыі, калі ён публічна папрасіў бы прабачэньня ва Ўкраіны “за шмат гадоў захопніцкай палітыкі Польшчы”, а таксама за злачынствы, “зьдзейсьненыя палякамі на ўкраінцах на Хелмшчыне ўвесну 1944 года і падчас акцыі “Вісла”.

Ва ўхвале польскага Сэнату валынскае злачынства было вызначана як “этнічная чыстка, што мела прыкметы генацыду”.

Налэнч: Прэзыдэнт не заслугоўвае на такі камэнтар

Польская Прэсавая Агенцыя зьвярнулася па камэнтар да дарадчыка прэзыдэнта РП праф. Тамаша Налэнча. Ён сказаў, што прэзыдэнт едзе на ўрачыстасьці на Валынь, каб “працягваць справу яднаньня, у якой важны крок ужо быў зроблены польскімі і ўкраінскімі рэлігійнымі дзеячамі”. — Прэзыдэнт будзе маліцца ў Луцку за ахвяры — як з польскага боку, так і з украінскага. Ён не заслужыў на такі жорсткі камэнтар. — падкрэсьліў Налэнч.

14 ліпеня ў Луцку ва Ўкраіне адбудуцца ўрачыстасьці ў памяць ахвяр валынскага злачынства ў сувязі з сёлетнім 70-годдзем гэтай падзеі. Сьв. Імшу будзе весьці арцыбіскуп львоўскі лацінскага абраду Мячыслаў Макжыцкі. Цырымонія адбудзецца ў памяць палякаў, памардаваных у 1943-45 гг. Украінскай Паўстанцкай Арміяй і мясцовым украінскім насельніцтвам. Падчас урачыстасьцяў будзе ўшанавана таксама памяць тых украінцаў, якія падчас валынскай разьні з рызыкай для жыцьця ратавалі палякаў. Ініцыятыва праводзіцца ў адпаведнасьці з падпісанай у пятніцу ў Варшаве дэкларацыяй герархаў Касьцёлаў з Польшчы і Ўкраіны ў 70-я ўгодкі валынскага злачынства. Дэкларацыю падпісалі сярод інш. арцыбіскуп Сьвятаслаў Шаўчук ад імя ўкраінскага грэка-каталіцкага Касьцёла і арцыбіскуп Юзэф Міхалік ад імя каталіцкага Касьцёла ў Польшчы. Яны заклікалі ў дэкларацыі да ўзаемнага выбачэньня правінаў і яднаньня народаў.

jk, PAP

(Пераклаў з польскай В. Буйвал)

Крыніца: http://wyborcza.pl/1,75477,14211760,Ukrainska_partia_Swoboda__Nie_chcemy_u_siebie_prezydenta.html