ПАПА РАСПАЧАЎ РЭВАЛЮЦЫЮ

22 ліпеня польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала інтэрв'ю пад такім тытулам. Вось гэтае інтэрв'ю:

Пачатак канца эўрапейскага камунізма настаў 2 чэрвеня 1979 года, калі Ян Павел ІІ выйшаў з самалёта на аэрадроме ў Варшаве — падкрэсьлівае амэрыканскі пісьменьнік і тэолаг Джордж Вэйгэль у размове з Янджэем Бялецкім.

Журналіст: “Няхай прыйдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі! Гэтай зямлі!” — памятныя словы, сказаныя Янам Паўлам ІІ на варшаўскай плошчы Перамогі, былі адрэсаваныя ня толькі палякам, але й усім народам савецкай імпэрыі. Як хутка Крэмль сарыентаваўся, што зямля, пра якую кажа папа, гэта таксама й Расея?”

Вэйгэль: Амаль адразу. Я заўсёды лічыў надзвычайным, што тымі, хто хутчэй за ўсіх зразумелі, што абраньне папы-паляка патэнцыйна зьменіць накірунак гісторыі сьвету, былі два расейцы. Першы — гэта Аляксандр Салжаніцын, які адразу сказаў сваёй сям'і, што абраньне Вайтылы ёсьць найважнейшай падзеяй з часу, калі пачалася Першая сусьветная вайна — гэта ёсьць нешта, што “зьменіць усё”. А другі — гэта Юры Андропаў, тадышні начальнік КГБ. Дакумэнты, якія былі рассакрэчаны, паказваюць, што на працягу некалькіх тыдняў пасьля абраньня Вайтылы Андропаў загадаў падрыхтаваць даклад аб яго патэнцыйным уплыве на сытуацыю як у краіне, так і ў сатэлітных краінах СССР і ў самым Савецкім Саюзе. А гэта сьведчыць аб тым, што Андропаў ведаў пра сымпатыю, якую новы папа меў як да Летувы, так і да Ўкраіны. Яны адразу распачалі разгортваць праграму, якая мелася абмежаваць уплыў Яна Паўла ІІ на міжнародную сытуацыю. Йшлося аб тым, каб прадставіць Вайтылу ў заходней прэсе як небясьпечнага экстрэміста, пагрозу для міру ў сьвеце.

Журналіст: Ці была кульмінацыяй гэтых намаганьняў спроба замаху на папу ў супрацоўніцтве з баўгарскімі спэцслужбамі?

Вэйгэль: Мне здаецца, што ў бліжэйшай будучыні зьявіцца ясны вобраз ланцуга падзеяў, якія прывялі да замаху на Яна Паўла ІІ 13 траўня 1981 года. Калі б нават дайшло да нейкіх радыкальных зьменаў у Маскве, я сумняваюся, што мы б знайшлі ў архівах КГБ дакумэнт, падпісаны Леанідам Брэжнявым або Юрыем Андропавым, які гучаў бы, як у драме Е.С. Эліёта “Забойства ў саборы”: “Урэшце хто-небудзь пазбавіць нас ад гэтага навязьлівага ксяндза?” Такія рэчы напэўна ніколі не запісваліся на паперы. Аднак повязь баўгарскіх службаў бясьпекі з Мэхмэтам Алі Агчой ясныя і задакумэнтаваныя. А баўгарскія службы бясьпекі не зьмянілі б нават гатунку кавы ў сваіх бюро без згоды КГБ. Зрэшты менавіта савецкія ўлады мелі б найбольш карысьці з удалага замаху на папу. Ён здарыўся амаль адначасова са сьмерцю кардынала Вышыньскага — савецкія службы бясьпекі ведалі пра стан ягонага здароўя. Такім чынам, сьляды паказваюць, што Савецкі Саюз ня быў нэўтральным сьведкам той справы.

Журналіст: Ці спрабаваў Ян Павел ІІ зьдзейсьніць зьмену палітычнай сістэмы ў СССР праз праваслаўную Царкву, так, як гэта было ў Польшчы дзякуючы каталіцкаму Касьцёлу?

Вэйгэль: Спроба Яна Паўла ІІ наблізіцца да расейскай праваслаўнай Царквы, а хутчэй да праваслаўных вернікаў, была інтэгральнай часткай ягонай кампаніі дзеля зьяднаньня заходняга і ўсходняга хрысьціянства, каб Касьцёл зноў “дыхаў двума лёгкімі”. Папа, аднак, быў надта кемлівы, каб ведаць, што кіраўнікі расейскай праваслаўнай Царквы зьяўляюцца проста прыбудовай КГБ. Гэта стварала непераадольныя праблемы на працягу ўсяго ягонага пантыфіката, нават калі Савецкі Саюз абваліўся, а КГБ фармальна спыніў існаваньне. Сумняваюся, што Ян Павел ІІ калі-небудзь меў ілюзіі, што праз праваслаўе можна трансфармаваць лад СССР такім чынам, як гэта ўдалося дзякуючы католікам у Польшчы.

Журналіст: як хутка Ян Павел ІІ зразумеў, што Савецкі Саюз стаіць на парозе распаду? Ці з самага пачатку ён ставіў менавіта такую мэту перад сабой?

Вэйгэль: Ян Павел ІІ ня быў палітычным лідэрам, не ставіў перад Ватыканам або ў рамках стратэгіі каталіцкага Касьцёла мэты дэзынтэграцыі СССР. Ён быў пастырам, які вырашыў зрабіць усё, каб бараніць правы людзей, дзе б яны ні жылі. Але такім чынам ён зьдзейсьніў рэвалюцыю ў грамадзкай сьвядомасьці, якая ўрэшце прывяла да зьмены палітычнай сістэмы і дала людзям свабоду. Напэўна ён быў задаволены такім вынікам.

У цяперашні час многія схільныя маргіналізаваць роль Касьцёла і папы ў справе краху камунізма. Падобна, што гэта ёсьць адлюстраваньне тэндэнцыі ўтварэньня ў Эўропе “пустой грамадзкай плошчы” — кантынэнта, на якім рэлігійныя перакананьні будуць прыватнай справай і застануцца на ўскрайку грамадзкага жыцьця. Гэтай тэндэнцыі кідае выклік выбітнейшы амэрыканскі гісторык халоднай вайны, прафэсар Ельскага ўнівэрсітэта Джон Льюіс Гэдзіс. Гэдзіс не зьяўляецца католікам. Не дае перавагу ніякой палітычнай ці рэлігійнай тэзе. Аднак, у сваёй “Новай гісторыі халоднай вайны” ён адназначна піша, што пачатак канца эўрапейскага камунізма настаў 2 чэрвеня 1979 года, калі Ян Павел ІІ выйшаў з самалёта ў Варшаве. Я, як і Гэдзіс, лічу, што апошняя фаза халоднай вайны была складанай зьявай, як зрэшты кожная гістарычная падзея. Але мы абодва пагаджаемся таксама, што немагчыма патлумачыць, чаму “1989 год” настаў менавіта ў 1989 годзе і якім чынам гэта здарылася без поўнага прызнаньня ролі Яна Паўля ІІ і каталіцкага Касьцёла.

Журналіст: Ці існавала, як сцьвярджае Карл Бэрнстайн, “сьвяшчэннае пагадненьне” паміж Рональдам Рэйганам і Янам Паўлам ІІ на тэму развала ўсходняга блока?

Вэйгэль: Карл Бэрнстайн ужо 20 гадоў распавядае гэтую лухту, і я сапраўды не разумею, чаму яго дагэтуль успрымаюць сур'ёзна. Хаця ў ролю Бэрнстайна ўвасобіўся Дасьцін Гофман, але гэта не азначае, што ён зьяўляецца вартай веры крыніцай інфармацыі пра Ватыкан ці ў міжнародных справах. У сваёй двухтомнай біяграфіі Яна Паўла ІІ я даказаў, што не было “сьвяшчэннай дамовы” паміж папай і Рональдам Рэйганам, хаця існавала сумеснае ўяўленьне аб магчымых зьменах і супольная рашучасьць у іх пераадольваньні. Калі ж йдзецца аб перадачы амэрыканцамі разьведдадзеных, пра якія гаворыць Бэрнстайн, то Ян Павел ІІ ведаў значна больш аб тым, што адбываецца, скажам, у Польшчы, чым ЦРУ альбо якая іншая амэрыканская разьведслужба.

Журналіст: У сьнежні 89-га Міхаіл Гарбачоў быў прыняты на аўдыенцыі ў Яна Паўла ІІ. Прадстаўляючы папу сваёй жонцы, ён назваў яго “найвялікшым аўтарытэтам нашага часу”. Калі Гарбачоў усьвядоміў ролю Кароля Вайтылы?

Вэйгэль: Гарбачоў высока цаніў Яна Паўла ІІ, бо той быў славянінам, які здабыў выключны аўтарытэт у сьвеце. Гарбачоў, зрэшты, быў прыстойным чалавекам. Ён належаў да іншага пакаленьня, чым Брэжняў, Андропаў і Чарненка, якія былі прадуктамі траўмы вялікіх чыстак 30-х гадоў. Дзякуючы гэтаму Гарбачоў мог сказаць кіраўнікам Варшаўскага Пагадненьня ў 1986 годзе, што яны павінны спадзявацца выключна на сябе: калі яны апынуцца ў цяжкасьцях, то савецкія танкі не прыйдуць на дапамогу, як гэта было ва Ўсходняй Нямеччыне ў 1953 годзе, ва Ўгоршчыне ў 1956 годзе і ў Чэхаславакіі ў 1968 годзе. Аднак Гарбачоў заставаўся камуністам, хаця й рэфармаваным, да самага распаду Савецкага Саюза ў 1991 годзе. Я ня думаю, што Ян Павел ІІ падзяляў ягоную ідэю “рэфармаванага камунізма”, бо ён ведаў, што фундамэнтальным дэфэктам камунізма было фальшывае разуменьне чалавечай асобы. Выпраўленьне гэтага дэфэкта азначала канец камунізма, а не яго рэформу.

Журналіст: А ў іншых краінаў усходняга блоку, напр., ва Ўгоршчыне, Ян Павел ІІ таксама адыграў значную ролю ў ліквідацыі камунізма?

Вэйгэль: Усё сьведчыць аб тым, што ўплыў Яна Паўла ІІ на эвалюцыю Летувы быў значна большым, чым ва Ўгоршчыне. Ва Ўгоршчыне рэжым сам пераўвасобіўся, і я сумняваюся, каб Касьцёл адыграў значную ролю ў гэтым “дабраахвотным” пераўвасабленьні. А вось у Летуве абраньне польскага папы і ягоныя жэсты салідарнасьці з Касьцёлам ў гэтай краіне, дзе Касьцёл перасьледвалі (як місія кардынала да Вострай Брамы), напэўна дапамаглі ўзмацніць Летувіскі Камітэт Абароны Правоў Вернікаў — выключную падземную арганізацыю, якая мае сярод сваіх заслугаў найдаўжэй рэгулярна выдаваны саміздат у СССР — “Хроніку каталіцкага Касьцёла ў Летуве”. Многія кіраўнікі каталіцкай апазыцыі ў Летуве асабіста пацьвердзілі мне, якое значэньне меў для іх прыклад Яна Паўла ІІ ў працягу антысавецкага супраціву, нават у вязьніцы. Адным зь іх быў арцыбіскуп Коўна Сігітас Тамкявічус, вязень ГУЛАГу і старшыня камітэта Абароны Правоў Вернікаў.

Джордж Вэйгэль — амэрыканскі пісьменьнік, тэолаг, знаўца думкі Яна Паўла ІІ. Напісаў біяграфію польскага папы пад тытулам “Сьведка надзеі”, якая зьяўляецца бэстсэлерам.

Пераклаў з польскай В. Буйвал.

Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/11,1032052-George-Weigel--Papiez-Jan-Pawel-II-zaczal-rewolucje.html