НАЧАЛЬСТВА СЬВЯТКУЕ — НАРОД МАЎЧЫЦЬ

РПЦ доўга займалася прапагандай амаль круглага юбілею — 1025-годдзя хрышчаньня Русі. І вось на прыканцы ліпеня яно пачалося ў Маскве. Адтуль і быў зададзены агульны стыль гэтых “праваслаўных урачыстасьцяў”. Як бачым, яны вырашылі адсьвяткаваць дату “у сваім коле” (вузкім яго не назавеш, бо начальства ў царкоўным аблачэньні і раскошных кабінэтных касьцюмах было шмат). Сапраўды, начальства было шмат, а людзей амаль не было. Правялі службу ў саборы Хрыста Збаўцы, дапусьціўшы для антуражу некалькі сотняў чалавек ад грамадзтва (толькі Бог ведае колькі там было ў гэтай групе лубянскіх “ціхуноў”).

Потым паехалі ў Кіеў, дзе 1025 гадоў таму і адбываліся вядомыя падзеі. Тут таксама арганізавалася ўсё неяк “кулуарна”. Адслужылі службу на Андрэеўскай горцы і пайшлі ў тэатр на юбілейны канцэрт. Пуціна, Януковіча і суправаджаючых асобаў за нейкім імправізаваным плотам віталі некалькі дзясяткаў псэўдаманашак у белых хустках. Беларусы добра ведаюць гэтую катэгорыю служак РПЦ, якія паўсюль (у мэтро, у падземных пераходах і на вакзалах) за грошы запаўняюць для грамадзянаў нейкія свае індульгенцыі. Для “карцінкі” іх гэтым разам мабілізавалі ў Кіеў. Украінскія тэлеканалы паказалі, як на ўрачысты канцэрт зьбіраюцца 4 тысячы асобаў па запрашальніках. Вось уласна і ўсё. Супраць гэтага “усяго” нават амаль не было ўкраінскіх пратэстаў. Патрыёты ўбачылі гэты начальніцкі “міжсабойчык” і вырашылі не рабіць яму драматызаванай рэкламы.

З тэлематэр'ялаў цікава было паслухаць, як патрыярх Кірыла маскоўскі сказаў, што ў 988 годзе “узьнікла культурная аснова нашых народаў”. Ён тут нешта пасьпяшаўся ў ацэнках. На прыканцы Х стагоддзя, як вядома, “велікороссов” яшчэ не было. Яны пачнуцца на некалькі стагоддзяў пазьней, калі міграцыя з ускраінаў славянства гвалтоўна зьмяшаецца з фіна-угорскім субстратам (і з мангольскай міграцыяй). Пуцін прачула філасофстваваў, згадваючы слова “Бог”. Хто ня ведае яго і ягоную краіну (дзе адбываецца афіцыйнае пакланеньне шматлікім ленінскім ідалам), то мог бы й падумаць: які “чінный і благостный руководітель”!

29 ліпеня працяг начальніцкага сьвяткаваньня адбудзецца ў нашым Менску. Мяркуем, што й тут усё абмяжуецца “кулуарам”. Цікава было назіраць, як Радыё Свабода няўклюдна спрабавала прыўзьняць галоўнага начальніка мясцовага рэжыму. Некалькі разоў прагучала рыторыка наконт “Чаму Лукашэнка ня хоча ехаць у Кіеў?” (як быццам ён “не хацеў”). Але людзі па-за рэдакцыяй РС ведалі, што справа была ў тым, што Лукашэнку ніхто ў Кіеў і не запрашаў, не хацелі фатаграфавацца побач з “праваслаўным атэістам”. За гэта (помсьцячы) ён публічна прадэманстраваў сваю новую іпастась — “атэістычнага тэолага”. Запатрабаваў рэфармацыі РПЦ “на пользу простым людям”. У прамове дасталося і Каталіцкаму Касьцёлу. Зразумела было, што начальнік пакрыўдзіўся і нагадаў, хто ў краіне “хозяін”.

Юбілейныя сьвяткаваньні выразна паказалі, што ад РПЦ адвярнуліся людзі. Безумоўна, бацюшкі ня супраць былі б сабраць сотні тысячаў вернікаў і стаць начале. Але яны добра рыхтаваліся да сваіх мерапрыемстваў і ведалі, што ніхто ня прыйдзе. Вось адкуль уся “кулуарнасьць” і недарэчнасьць відовішча.

Янка Базыль