ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ ЖНІВЕНЬ

Паважаныя спадарыні і спадары, паважаныя землякі, беларусы, грамадзяне незалежнай Айчыны.

Віншую з Дваццаць пятым Жніўнем — Днём здабыцьця Незалежнасьці Беларусі! Беларусы маюць дзьве вялікія сакральныя даты — Дваццаць пяты Сакавік 1918 года, калі Незалежнасьць Беларусі была аб'яўлена, і Дваццаць пяты Жнівень 1991 года, калі дзяржаўная Незалежнасьць была дасягнута. Сёньня абедзьве гэтыя даты пад пагрозай і забаронай, а краіна пад акупацыяй антыбеларускага рэжыму. Але Незалежнасьць ёсьць, дзяржава існуе. Яна ёсьць рэчаіснасьцю нашага дзяржаўнага існаваньня і грунтам вольнай і сьветлай будучыні. Дзе б ні былі беларусы, і як бы ні павярнуўся наш лёс, шануйма нашую дзяржаўную Незалежнасьць, як жыцьцё, як мову, як здароўе.

Радуймася, што яна існуе, бо каб яна сталася, за гэта аддадзены тысячы і мільёны жыцьцяў папярэдніх пакаленьняў народа. Памятайма і паважайма тыя ахвяры. На іх, перш за ўсё, грунтуецца наша права на жыцьцё і змаганьне.

Наперадзе лёсавыя рашэньні, якія мусяць стацца і павінны быць. Пазбаўленьне ад цемры незаконнай антыбеларускай улады будзе вялікім актам абароны Незалежнасьці, справы і ідэалаў Дваццаць пятага Жніўня.

Жыве Беларусь! Слава героям!

25 Жніўня 2013 года.

Зянон Пазьняк