ВЫНІК МАСКОЎСКАЙ АКУПАЦЫІ

21 жніўня аўстрыйская газэта “Der Standard” апублікавала артыкул пад тытулам “Размалявалі на ружова помнік Савецкай Арміі”. Вось гэты артыкул:

Невядомыя папрасілі прабачэньня за інвазію і разгром Пражскай Вясны 45 гадоў таму.

Сафія. З нагоды 45-й гадавіны ўводу войскаў Варшаўскага Пакту, сярод іх таксама й баўгарскіх войскаў, супраць Пражскай Вясны, уноч на сераду быў размаляваны ружовай фарбай помнік савецкай Арміі ў цэнтры баўгарскай сталіы Сафіі. Пад помнікам невядомыя напісалі ружовым па-чэшску: “Баўгарыя просіць прабачэньня”.

Баўгарыя настойвала на ваенным умяшальніцтве

Прыватная нацыянальная радыёстанцыя Дарык нагадала, што ўноч з 20 на 21 жніўня 1968 г. 7000 танкаў і амаль 600000 жаўнераў Варшаўскага Пакту з былога Савецкага Саюза, ГДР, Вугоршчыны і Баўгарыі распачалі інвазію, каб пакласьці канец чэхаславацкаму руху рэформаў “Пражская Вясьна”. Пры гэтым Баўгарыя была першай краінай, якая настойвала на ваенным умяшальніцтве. У 1990 годзе баўгарскі Парлямант прыняў рашэньне папрасіць прабачэньня і ў 1997 г. гэта было паўторна выказана прэзыдэнтам Пэтарам Стаянавым падчас ягонага візыту ў Прагу.

Акцыя адначасова нагадвае аб чэшскім мастаку Давідзе Чэрным, які колькі гадоў таму памаляваў на ружова расейскі танк у Празе, а ў 2009 г. выклікаў скандал у Баўгарыі, сымвалічна паказаўшы краіну як клазэт.

Хусткі, маскі і героі коміксаў

Фігуры з помніка савецкай арміі ў Сафіі сталіся ў апошнія гады любімым аб'ектам невядомых мастакоў. Так ім дадалі хусткі ў знак пратэсту супраць арышту расейскага гурта музыкантак “Pussy Riot” на пачатку года, маскі і грымасы Гая Фоўкса ў знак пратэсту супраць запланаванага раней антыпірацкага пагадненьня ACTA, а ў 2011 г. яны былі размаляваныя як героі коміксаў — у фарбах Супэрмэна, Джокэра, Санты Клаўса і Рональда Макдональда.

Ужо больш за два дзесяцігоддзі працягваюцца спрэчкі наконт помніка, які грамадзянскія рухі ўсё настойлівей вызначаюць як “недапушчальны” з прычыны савецкай інвазіі 6-7 верасьня 1944 г. Яны патрабуюць разбурыць яго або перанесьці з цэнтру баўгарскай сталіцы. Але яны за кожным разам сутыкаюцца з масіўным супрацівам з боку расейскай амбасады ў Сафіі і левых груповак былых афіцэраў і партызанаў.

АРА

Пераклаў зь нямецкай В. Буйвал

Крыніца: http://derstandard.at/1376534193084/Denkmal-der-sowjetischen-Armee-in-Sofia-rosa-bemalt

Адразу трэба падкрэсьліць, што ружовая фарба выкарыстоўваецца не на надмагільным помніку, а на “манумэнце” таталітарнага савецкага стылю, які заўсёды вызначаўся фальшывай вобразнасьцю і дзікай пластыкай — адным словам “сацыялістычным рэалізмам”. Такіх “манумэнтаў” ужо процьма выдалена з цэнтральных плошчаў эўрапейскіх гарадоў. У іх няма і ніколі не было сапраўднай павагі да ахвяраў вайны, гэта былі знакі маскоўскай тыраніі і акупацыі ў розных краінах.

Мы ведаем, што бальшыня жаўнерскай масы ішла на змаганьне з фашызмам з жаданьнем сапраўды прынесьці свайму і іншым народам вызваленьне ад нямецкага таталітарызма. Але за імі стаялі і іхнай перамогай пакарысталіся крамлёўскія монстры, НКВД і СМЕРШ — маскоўскія адпаведнікі СС, гестапа і берлінскіх фюрэраў. Вэтэраны ўспамінаюць, як радасна сустракалі іх у тых жа Баўгарыі і Чэхаславакіі. Многія людзі шчыра крычалі там “Слава Сталіну!” А потым сталінская Масква наладзіла пад прыцэлам сваіх гармат антынародныя васальныя дыктатуры, на дзесяцігоддзі спыніўшы дэмакратычнае разьвіцьцё “вызваленых” краін. Гэтага саветам ніколі ня выбачаць прыніжаныя народы. Няхай маскоўцы не пытаюцца разгублена: “И за что везде так не любят русских?” Пара б даўно ўжо разабрацца, за што...

Павел Гулевіч