АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (26–27.08.2013)

Падзеі ў Сірыі

26 жніўня 2013 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” паведаміла пра заяву дзяржсакратара ЗША Джона Кэры. Ён заявіў, што ўрад ЗША абвінавачвае сірыйскі ўрад ў злачынным прымяненьні хімічнай зброі супраць мірных жыхароў, у выніку чаго загінулі сотні людзей.

Наш камэнтар: У сувязі з новым маштабным злачынствам тыраніі супраць сірыйскага народу дэмакратычныя краіны разглядаюць плян ваеннага ўмяшальніцтва ў Сірыі. Ня ўсе гэта кажуць, але ўсе ведаюць і разумеюць: хунта Асада трымаецца выключна на падтрымцы гэбоўскай Масквы. Удар па Асаду будзе ўдарам па імпэрскіх інтарэсах Крамля.

Алесь Хадасевіч


Змаганьне неграў у Амэрыцы

27 жніўня 2013 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала пра 50-ю гадавіну гістарычнага негрыцянскага марша на Вашынгтон. Сотні тысячаў людзей ішлі з розных канцоў краіны пад лёзунгам “Працы і свабоды”. У цэнтры сталіцы яны правялі мітынг, на якім выступіў негрыцянскі лідэр Марцін Лютэр Кінг. Менавіта тады ён сказаў сваё знакамітыя словы: “I have a dream” (“У мяне ёсьць мара”). Амэрыканцы лічаць той дзень пераломным у змаганьні неграў за роўнасьць у ЗША.

Наш камэнтар: Амэрыканскія негры паказалі яшчэ раз: дамагаецца свайго толькі той, хто вядзе змаганьне.

Алесь Хадасевіч


Ліберальны Вавілон

27 жніўня 2013 г. бэльгійская газэта “La Libre Belgique” напісала пра драму, што адбылася ў мястэчку Трап непадалёк ад Парыжа. Пасьля сёлетніх сутычак мусульманскай моладзі з паліцыяй у Трап трымаецца напружаная атмасфэра. 16-гадовая ліцэістка (у традыцыйнай вопратцы) выкінулася з 4-га паверху пасьля таго, як невядомыя крычалі ёй ісламафобскія выразы з машыны і зьехалі. Стан дзяўчыны крытычны.

Наш камэнтар: Розныя цывілізацыі ня здольныя мірна суіснаваць у адным месцы. У выніку фальшывага інтэрнацыяналізма лібэралаў Эўропа патанае ў нянавісьці.

Алесь Хадасевіч


Канфіскавалі груз

27 жніўня 2013 г. славацкая газэта “SME” напісала, што на пачатку сёлетнега красавіка ўлады Паўночнай Карэі спрабавалі правезьці ў Сірыю вялікую колькасьць газавых масак і зброі для рэжыма Асада. Турэцкія службы спынілі і канфіскавалі груз.

Наш камэнтар: Як заўсёды, супраць народнага змаганьня ўтвараецца хаўрус: Масква і драбнейшыя пачварныя тыраніі.

Алесь Хадасевіч


Саюзьнікі Масквы

27 жніўня 2013 г. польская газэта “Rzeczpospolita” паведаміла, што Расея плаціць невялічкім ціхааакіянскім дзяржаўкам, каб тыя падтрымалі кандыдатуру Екацерынбурга для правядзеньня там сусьветнай выставы Экспо-2020. За Расею будуць галасаваць Навуру, Усходні Цімор, Тувалу, Палаў і шэраг іншых экзотаў.

Наш камэнтар: З чым мы Маскву і віншуем. Нават у такой справе ня могуць адмовіцца ад крымінальных прыёмаў.

Юрка Марозаў


Мафія разьбіраецца

27 жніўня 2013 г. летувіская газэта “Respublika” напісала пра арышт у менскім аэрапорце кіраўніка “Уралкалія” Уладзіслава Баўмгэртнэра, якому пагражае турма на 10 гадоў. Арышт адбыўся пасьля яго сустрэчы з прэм'ерам РБ Мясніковічам. Газэта паведаміла пра “напружаньне паміж Масквой і Менскам” у сувязі з арыштам. Цытуем далей: “Крыніцы газэты ў Менску мяркуюць, што “санкцыянаваць такія дзеяньні мог толькі адзін чалавек — прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка”.

Наш камэнтар: З “крыніцамі” віленскай газэты ўсё зразумела, гэта ёсьць кіруемыя і залежныя крыніцы. Цьвярозыя людзі ўпэўнены, што згаданы арышт ёсьць санкцыянаваны Масквой, адбываецца чарговы перадзел маёмасьці і замена кіруючых кадраў. Такіх “напружанасьцяў” і нават “войнаў” паміж крамлёўскім сюзэрэнам і менскім васалам мы пабачылі ўжо шмат. Усё раскрывалася потым, як сумесная маніпуляцыя на карысьць інтарэсаў Масквы.

Юрка Марозаў