АВЕЧКІ НА МЕСЦЫ БІТВЫ

29 жніўня Радыё Свабода выдала “актуальны рэпартаж” з правінцыі пад тытулам “Аршанскія актывісты ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 года ў Пагосьцішчах”. Сьпіс “прадстаўнікоў дэмграмадзкасьці” дастаткова прадстаўнічы: гэта рух “За Свабоду”, партыя БНФ (маецца на ўвазе псэўда-БНФ Янукевіча), АГП, БХД, “Говправду”, моладзевы “Зьвяз”. Было ўсё: дэкламавалі вершы, трымалі хвіліну маўчаньня, сьпявалі пад гітару, заслухалі краязнаўчы выступ. Не было толькі галоўнага — Сьцяга, пад якім змагаліся нашы паўстанцы 1863 года — Бел-Чырвона-Белага Сьцяга Ісуса Хрыста.

На фота бачна, як “дэмактывісты” стаяць перад крыжом, як авечкі зь вядомага твора Орвэла. Беларускія патрыёты заўважылі новую тэндэнцыю ў паводзінах “асьцярожных людзей” рознага кшталту. Яны могуць на розных імпрэзах і паразмаўляць па-беларуску, і пра гісторыю нават згадаць. Вось толькі адно: “не надо этой сімволікі, товарішчі, нікакой не надо...” Гэта назіраецца як падчас “імпрэзаў” псэўдаапазыцыі, так і ў паводзінах арганізатараў культурніцкіх і касьцельных мерапрыемстваў. Зразумела, што рэжымам вызначана новая “адміністрацыйная мяжа” для падпарадкаваных яму структур і асобаў. Ужо можна й па-беларуску пасьпяваць або памаліцца. Абы толькі не было “незарегістрірованного” (як агрэсіўна абзываюцца дзяржыморды рэжыму) Бел-Чырвона-Белага Сьцягу, абы не было нацыянальнай сымволікі. І псэўды з энтузіязмам выконваюць гэты загад сваіх гаспадароў.

Сапраўдныя беларускія адраджэнцы з грэблівасьцю глядзяць на гэтыя нікчэмныя паводзіны людзей, якія ператварыліся ў авечак.

Ян Булыга