УКРАІНСКІ БАЙКОТ РАСЕЙСКІХ ДЫПЛАМАТАЎ

4 верасьня польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

Нацыяналістычная ўкраінская партыя “Свабода” на працягу двух дзён будзе пікетаваць усе дыпламатычныя ўстановы Расеі. Актывісты дамагаюцца вызваленьня ўкраінскага рыбака, затрыманага ў ліпені расейскімі маракамі.

У бліжэйшыя два дні (5-6 верасьня) мы будзем маніфэставаць перад усімі кансулатамі і амбасадамі Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны. Мы патрабуем вызваліць украінскага грамадзяніна Аляксандра Фэдаровіча і вярнуць яго ў краіну, — заявіў дэпутат “Свабоды” Ігар Швайка. На думку палітыка, справай Фэдаровіча павінна заняцца ўкраінская пракуратура. — Шмат экспэртаў, якія дасьледуюць інцыдэнт, вызначылі дзеяньні расейскіх маракоў як “пірацкія”. У выніку гэтых дзеяньняў загінулі людзі. — дадае Швайка.

Інцыдэнт адбыўся 18 ліпеня на Азоўскім моры. Украінскі рыбацкі човен перасёк мяжу з Расеяй у раёне мясцовасьці Варанцоўка. Марская памежная ахова Расеі распачала пагоню. На палубе рыбацкага чаўна былі пяцёра грамадзянаў Украіны. У выніку сутыкненьня з расейскім кацерам чатыры зь іх загінулі, выжыў толькі адзін — Аляксандр Фэдаровіч, які зараз знаходзіцца ў Расеі і яго абвінавачваюць у браканьерстве.

Украінская ўлада асудзіла дзеяньні расейскіх маракоў. Адразу ж пасьля інцыдэнта МЗС Украіны ўручыла расейскаму амбасадару дыпламатычную ноту. — Україна дамагаецца аб'ектыўнага сьледства ў гэтай справе з удзелам расейскіх і ўкраінскіх адмыслоўцаў. Мы павінны прадухіліць такія інцыдэнты ў будучыні, — заявіла ўкраінскае МЗС.

У сваю чаргу расейскі бок ад самага пачатку выказваецца за супрацоўніцтва з Украінай. Расейцы паабяцалі, што акажуць любую дапамогу ў гэтай справе, сярод іншага бяруцца даставіць целы рыбакоў, што трагічна загінулі, і дапамагчы адшукаць астатніх. Паводле расейскай памежнай аховы, рыбакі на працягу гадоў займаліся браканьерствам, а падчас пагоні самы справакавалі сутыкненьне з кацерам.

На думку ўкраінскіх нацыяналістаў, Расея не трымае свайго абяцаньня. — Расейская памежная ахова любым спосабам спрабавала затушаваць справу. — камэнтуе Швайка.

Украінская прэса шмат разоў паведамляла на тэму рыбакоў, якія “няўдала” заплылі ў расейскія воды. Колькі дзён таму ў СМІ зьявіліся відэаздымкі ўсяго інцыдэнту. На відэа бачна, як кацер расейскай памежнай аховы распачынае пагоню за рыбацкім чаўном, а праз хвіліну ідзе на таран.

У сувязі з трагедыяй украінская пракуратура распачала крымінальную справу. Аднак цяжка паставіць кропку ў справе, калі галоўны сьведка знаходзіцца на тэрыторыі Расеі.

Целы двух рыбакоў былі знойдзены, а вось двух іншых мужчынаў прызналі загіблымі бязь вестак. Усе яны з вёскі Безыменнае, што знаходзіцца на заходнім беразе Азоўскага мора ў Данецкай вобласьці.

“Свабода” некалькі разоў заяўляла, што Расея зьдзяйсьняе ціск на Ўкраіну, блакуючы падпісаньне дамовы аб супрацоўніцтве з Эўразьвязам. На іхную думку, інцыдэнт з украінскімі рыбакамі — з гэтай катэгорыі падзей.

Украінскае Аб'яднаньне Свабода мела посьпех у 2012 годзе падчас парляманцкіх выбараў, здабыўшы падтрымку больш як 10% выбаршчыкаў і трапляючы ў склад украінскіх парляманцкіх партый.

Руслан Сошын

Пераклаў з польскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/11,1044859-Ukrainski-bojkot-rosyjskich-dyplomatow.html