40-ГОДДЗЕ ЧЫЛІЙСКАЙ ДРАМЫ

10 верасьня славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Для многіх Піначэт застаецца выратавальнікам ад камунізма”. Вось гэты артыкул:

Армія прыняла Чылі, якое было ў дрэнным становішчы. Грамадзяне дагэтуль спрачаюцца аб тым, ці армія выратавала краіну, ці ўвяла там брутальную дыктатуру.

Санцьяга, Браціслава. На пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя Чылі знаходзілася ў вельмі дрэнным становішчы.

Краінай валадарыў камуністычны прэзыдэнт Сальвадор Альендэ, краіна была падзелена на два ідэалагічныя лягеры. На думку многіх, Чылі было на мяжы грамадзянскай вайны.

А потым было яшчэ горш

Эканоміцы, што ішла да краху, яшчэ больш шкодзілі страйкі кіроўцаў грузавікоў, якія тармазілі здабычу сыравіны. Правыя групоўкі нападалі на транспартныя і электрычныя камунікацыі.

А ў 1971 годзе на вуліцы выйшлі жанчыны і разгарнулі свой “каструльны пратэст”. Бо яны не маглі нідзе дастаць нават асноўныя харчовыя прадукты.

“А ў 1972-1973 гадах сытуацыя яшчэ больш пагоршылася”, — цытуе ВВС гісторыка Адольфа Ібаньеса. У гэтай сытуацыі да ўлады прышоў камандуючы арміяй Аўгуста Піначэт.

Альендэ прызначыў яго на гэтую пасаду на прыканцы жніўня 1973 г., а ўжо 11 верасьня Піначэн арганізаваў пераварот. Ягоныя жаўнеры атачылі прэзыдэнцкі палац, і калі Альендэ адмовіўся здацца, пачалі бамбаваць яго.

Урэшце прэзыдэнт пакончыў жыцьцё самагубствам, і ў Чылі распачалася правая дыктатура, якая працягвалася 17 гадоў.

Піначэт, які трымаўся пры ўладзе таксама дзякуючы амэрыканскай падтрымцы, пачаў ліквідаваць сваіх левых праціўнікаў. Падчас свайго валадараньня ён даў забіць каля трох тысячаў людзей, целы многіх зь іх ніколі не былі знойдзены. Каля 40 тысяч прайшлі праз катаваньні.

Дзякуючы амністыі 1978 года, якая забараніла перасьлед за тадышнія злачынствы ў імя новай дыктатуры, за гэтыя забойствы былі асуджаны ўсяго 262 асобы.

Мае нават свой музей

Піначэт апошнія гады свайго жыцьця правёў у хатнім арышце, куды патрапіў за парушэньне правоў чалавека. Ён памёр ў 2006 годзе ва ўзросьце 91 года.

“Чылійскія ўлады павінны зьвесьці рахункі са спадчынай сур'ёзных і вельмі распаўсюджаных злачынстваў мінуўшчыны, неадкладна адмяніць дзейнасьць амністыі, якая ёсьць зьдзекам з тысячаў ахвяраў рэжыма Піначэта і іхных сем'яў”, — заявіла ў сваёй адозве Ана Пікэр, дырэктарка чылійскага аддзяленьня Amnesty International.

Нядаўна прынамсі чылійскія суды папрасілі прабачэньня за падтрымку рэжыму.

Піначэт мае ў сьвеце імідж жорсткага дыктатара, Чылі праз чатыры дзесяцігоддзя пасьля пачатку яго ўлады падзелена ў пытаньні яго спадчыны.

Для адных ён ёсьць чалавекам, які скінуў дэмакратычна абранага прэзыдэнта і ўвёў фашыстоўскую дыктатуру. Для іншых ён — абаронца краіны ад камунізма. Толькі дзякуючы яму, паводле іх, Чылі не сталася яшчэ адной Кубай.

Левацкая гісторыя Чылі

Піначэт прыватызаваў прадпрыемствы, нацыяналізаваныя пры Альендэ, распачаў з дапамогай амэрыканскіх лібэральных эканамістаў правыя рэформы, якія паспрыялі далейшаму разьвіцьцю краіны. Таму чылійскія правыя ставяцца да яго больш цярпіма.

У Санцьяга ёсьць музэй, дзе ўслаўляецца яго эра. Цяперашні прэзыдэнт Сэбасьцьян Піньера сьцьвярджае, што пераварот быў непазьбежным вынікам улады Альендэ.

“Армія тады не дазволіла, каб я жыў у марксісцкай дыктатуры. Піначэт выратаваў жыцьці цэламу пакаленьню”, — сказаў у гэтым месяцы па чылійскаму дзяржаўнаму тэлебачаньню правы кангрэсмэн Іван Марэйра.

Марэйра сказаў, што ў Піначэта толькі дрэнны імідж. “Колькі яшчэ мы будзем цярпець, што нашую гісторыю пішуць лявацкім пяром?” — цытуе яго ВВС.

Піначэтаўскую эру лічаць дрэннай, паводле нядаўняга дасьледваньня, 55% чылійцаў. Амаль траціна лічыць, што яна мела свае станоўчыя і адмоўныя бакі.

Характар падзелу чылійскага грамадзтва дэманструюць таксама й прэзыдэнцкія выбары, якія адбудуцца ўвесну. На іх будуць змагацца паміж сабой левая Мішэль Бачэлет, бацьку якой закатавалі ў 70-я гады, бо ён быў генэралам і адмовіўся падпарадкавацца Піначэту, і Эвэлін Матэі.

Бацьку апошняй хочуць апошнім часам судзіць, бо ён быў начальнікам вязьніцы, дзе памёр Бачэлет. Абодва генэрала перад пераваротам былі суседзямі і добрымі прыяцелямі.

Матуш Крчмарык

Пераклаў з славацкай В. Буйвал

Крыніца: http://www.sme.sk/c/6929973/pre-mnohych-je-pinochet-stale-zachrancom-pred-komunizmom.html