ПСЭЎДЫ ЗНОЎ ЗА СВАЁ

Як кажуць, чаравікоў не пасьпелі знасіць, а псэўдаапазыцыянэры ўжо ствараюць “новую кааліцыю”. Пра гэта 9 верасьня паведаміла Радыё Свабода. У Бабруйску прайшоў сход, дзе выступалі В. Карніенка і С. Калякін. Сходы сходзяцца ў шэрагу іншых гарадоў нашай краіны. Дзеячыкі сфармулявалі сваю чарговую “ідэю” наступным шматслоўным чынам: Кааліцыя “За сумленныя справядлівыя выбары для лепшага жыцьця”. Ня будзем доўга аналізаваць гэтае тытульнае шматслоўе. Яно відавочна непісьменнае, сьведчыць пра неадукаванасьць фармулёўшчыкаў. Напрыклад, а як гэта “для лепшага жыцьця”? У кожнага ёсьць сваё разуменьне гэтага. У стваральнікаў “кааліцыі” — гэта жыцьцё да сьмерці на халяўныя гранты і падачкі. Але усе ня могуць жыць у такім “шчасьці”.

Паводле паведамленьняў арганізатараў, на сходы зьбіраюцца дзесяткі людзей. Зразумець можна, людскі досьвед падказвае: зноў “пад выбары” будуць раздаваць грошы, энную колькасьць цэнтаў за аркуш з подпісамі выбаршчыкаў і даляры за кілю распаўсюджаных улётак — “Іді і скажі ему нет!” І тут не так важна, што ў папярэднія кампаніі жулікі не заплацілі сотням людзей. Можа гэтым разам яны заплоцяць...

А. Лябедзька (той самы, што на апошнім выбарчым шоў карцінна выступаў “за байкот”) гэтым разам тлумачыць РС: “Мы хочам стварыць кааліцыю дзеля галоўнай мэты — дамагчыся, каб у краіне на выбарах лічылі галасы”. Што ж, задача гэта даўняя (і настолькі ж даўно дэскрыдытаваная).

Аднак, з кожным годам жульніцкая “задача” становіцца ўсё больш невыканальнай. Беларусы зразумелі, што іх падманваюць на выбарчых шоў. Народ ня пойдзе на фарс пад дудку гэтай кампаніі.

Сяргей Камароўскі