“ЁН ПРАГРЭСІЎНЫ, ЁН РЭФАРМАТАР МАКЕЙ”

14 верасьня аўстрыйская газэта “Die Presse” апублікавала інтэрв'ю з А. Мілінкевічам пад тытулам “Мілінкевіч: “Вязьні — гэта Лукашэнкаў тавар на абмен”. Спачатку мы думалі прэзэнтаваць найбольш яркія пэрлы з выказваньняў “отца белорусской демократіі”, але потым вырашылі даць тэкст цалкам. “Едіный лідер” раскрываецца тут ва ўсёй “красе”. Пачынаць чытаць тэкст можна з канца, там самае цікавае — прызнаньне ў любові да тав. Макея (роўнае анегінскаму “я вас люблю, чего же боле?!”). Вось тэкст інтэрв'ю:

Апазыцыйны лідэр Аляксандр Мілінкевіч патрабуе “яснай прапановы” ад Эўразьвяза аўтакратычнаму прэзыдэнту Лукашэнку і скардзіцца на “апартуністычную” моладзь у сваёй краіне.

Die Presse: Інтарэс да становішча ў Беларусі выдахся ў сувязі з крызісам у Сірыі і Эўропе — хаця прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка падтрымлівае рэжым Асада.

Мілінкевіч: Эўразьвяз сапраўды расчараваны. Паспрабавалі з санкцыямі, але гэта нічога не дало. З Лукашэнкі не атрымаецца дэмакрата, дэмакратычная апазыцыя не аб'ядноўваецца. І Польшча, якая заўсёды рабіла ціск у Брусэлі, таксама не хавае расчараваньня.

Die Presse: Ваш рух “За Свабоду” хоча разам з іншымі апазыцыйнымі групоўкамі правесьці рэфэрэндум. Гэта зьменіць нешта?

А.М.: Мы спадзяемся на гэта. Прынамсі Польшчы падабаецца гэты плян: ён азначае дыялог з народам, унёсак у дэмакратызацыю зьнізу і спрыяе ўзмацненьню незалежнасьці Беларусі. Усё наладзіць ня ўдасца, але Польшча ня хоча ніякай рэвалюцыі, але эвалюцыі.

Die Presse: А за што павінны прагаласаваць беларусы?

А.М.: Найперш мы павінны сабраць паўмільёна подпісаў. Сам рэфэрэндум задуманы не за і не супраць Лукашэнкі. Бо мой досьвед з прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2006 г. паказвае, што дыскусія аб прыгнёце цікавая толькі для вузкага кола дэмакратаў, а большасьць мае зусім іншыя праблемы. Таму мы рыхтуем чатыры або пяць канкрэтных пытаньняў: сярод іншага аб фінансаваньні сістэмы адукацыі і аховы здароўя, аб тым, ці трэба абіраць мэра на вольных выбарах або яго мусіць прызначаць Лукашэнка.

Die Presse: Чаму ўпала падтрымка апазыцыі нягледзячы на гаспадарчы крызіс 2011 года?

А.М.: Крызіс заўважны паўсюль. Сярэдні заробак толькі на паперы роўны 500 далярам, інфляцыя зжырае большую частку. На працягу 12 гадоў дэмакратычная апазыцыя мела на незалежных апытаньнях ад 20 да 30%. Цяпер мы маем усяго 15-17%. Апазыцыя зрабіла вялікія памылкі: перш за ўсё яна ўшчэнт перасварылася. На працягу гадоў мы змагаліся за лідэрства, за запрашэньне па перамовы ў Брусэль. Гэтыя прымітыўныя мэты і грызьня напалохалі грамадзтва. Да таго ж апазыцыя ставіла перад выбарамі пытаньні, якія былі незразумелымі для большасьці грамадзянаў — успомніць хаця б спрэчку наконт байкота выбараў. Людзям жа ўсяроўна, бо і так і гэтак няма вольных выбараў. Акрамя таго, рэпутацыя часткі апазыцыі пагоршылася пасьля эканамічных санкцый: большасьць грамадзянаў ня хоча крызіса і баіцца беспрацоўя.

Die Presse: І Лукашэнка мае меншую падтрымку...

А.М.: На працягу гадоў Лукашэнка меў 50-60%. Пасьля гаспадарчага крызісу ён апусьціўся ў апытаньнях на 20%. Дзякуючы расейскай дапамозе сёньня ён палепшыў падтрымку на 30%. Спрэчка вакол дзяржканцэрна “Беларуськалій” выклікала прыліў сымпатыі да яго. Нават праціўнікі хваляць яго за ўдар па расейскіх алігархах, якія хацелі перахапіць прадпрыемства.

Die Presse: Апытаньні паказваюць таксама, што каля паловы беларусаў не падтрымліваюць ні Лукашэнку, ні апазыцыю. Многія зь іх — гэта маладыя людзі.

А.М.: З моладдзю ў нас вялікая праблема. Праграмы абмену ад Эўразьвязу нам бы дапамаглі. Месцы для навучаньня ў Польшчы і Балтыі важныя, кіруючыя кадры многіх краін пераходнай фазы рэкрутаваліся з такіх студэнтаў, што вучыліся замяжой. Наша моладзь вырастае пакаленьнем апартуністаў, якое за працоўнае месца прымае любую форму ўлады. Яны ўжо не савецкія людзі, але і не эўрапейцы. Я гэтым вельмі заклапочаны.

Die Presse: Каго вы зможаце пераканаць хутчэй за ўсё?

А.М.: лягчэй за ўсё нам з сярэднім пакаленьнем, якое памятае пра час да Лукашэнкі, але ўжо ня хоча назад у савецкую эру. Мы павінны ня толькі ўвесь час папярэджваць аб дыктатуры, але й паказаць, што мы можам памяняць свае патрабаваньні і вывесьці краіну з крызісу. Мы павінны падкрэсьліваць, што мы ня хочам памяняць усё, бо ў апараце ўлады Лукашэнкі ёсьць добрыя спэцыялісты, рукі якіх не заплямлены крывёй. Усіх замяніць немагчыма.

Die Presse: Кампанія збору подпісаў за рэфэрэндум павінна распачацца незадоўга да саміту Эўразьвязу па Усходняму партнёрству, які адбудзецца ў лістападзе ў Вільні. Чаго Вы чакаеце ад саміту для Беларусі?

А.М.: Усё залежыць ад таго, ці выпусьціць Лукашэнка палітычных зьняволеных, як гэтага патрабуе Эўразьвяз. Брусэль павінен падумаць на тым, што Лукашэнка павінен мець магчымасьць захаваць свой твар. Лукашэнка — гандляр, палітычныя вязьні — яго тавар на абмен. Ён павінен атрымаць ясную прапанову, каб запабегнуць таму, што пасьля саміту зноў будуць арыштоўваць актывістаў.

Die Presse: Магчыма, што Беларусь будзе прадстаўляць у Вільні міністар замежных спраў Уладзімір Макей. Чаго можна чакаць?

А.М.: Для Макея важнай ёсьць незалежнасьць Беларусі. Ён праэўрапейскі, працаваў у Эўропе, закончыў дыпламатычную Акадэмію ў Вене. Ён ведае і цэніць Эўропу. Ён прагрэсіўны, ён рэфарматар.

Паўль Флюкігэр

Пераклаў зь нямецкай В. Буйвал.

Крыніца: http://diepresse.com/home/politik/aussenpolitik/1452654/Milinkewitsch_Gefangene-sind-Lukaschenkos-Tauschware?_vl_backlink=/home/politik/aussenpolitik/index.do