“А ДЗЕ Ж КРОЎ БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ?”

25 верасьня Радыё Свабода распавяла аб прыбыцьці міністра замежных справаў РБ Ул. Макея зь візытам у Нью-Ёрк “на чале беларускай дэлегацыі” (гэтак РС у сваім звычайным стылю называе дэлегацыю ад мясцовага рэжыму). Пасьля кароткага выкладаньня творчых плянаў “беларускай дэлегацыі” у ЗША РС не забылася паведаміць наступнае пра яе кіраўніка:

“Макей, які раней быў кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта, да 2013 году знаходзіўся ў сьпісе беларускіх чыноўнікаў, якім быў забаронены ўезд у шэраг заходніх краінаў. У сьпіс неўязных ён быў унесены як асоба, датычная да жорсткага разгону акцыі 19 сьнежня 2010 году і перасьледу апазыцыі”. (Канец цытаваньня).

Дзякуй, што яны не забыліся. І вось да гэтага тэксту прыкладзены фотапартрэт тав. Макея — “самы чалавечны чалавек”, весела сьмяецца проста нам у твар...

Цяпер зразумела, што балада пра Макея-эўрапейца і цывілізатара ад А. Мілінкевіча ў аўстрыйскай газэце “Die Presse” (пераклад нядаўна апублікаваны на нашым сайце), — гэта першы сігнал для агульнай раскруткі гэтай постаці ў “дэмСМІ”.

Людзі спытаюцца ў спэцоў “флагмана дэмжурналістыкі”: “А дзе ж кроў беларускай моладзі?”

А свабодаўскія спэцы адкажуць: “А мы памылі-с, адрэтушыравалі-с...”

Сяргей Камароўскі