АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (17–22.10.2013)

Ксэнафобія ў Расеі

17 кастрычніка 2013 г. партугальская газэта “Jurnal de Noticias” напісала, што паліцыя затрымала ў Маскве 2 тысячы нелегальных імігрантаў пасьля падзеяў у Бірулёве.

Наш камэнтар: “Сэнсацыя” актыўна распрацоўваецца ў СМІ ўсяго сьвету. 2 тысячы схоплены паліцыяй, аблавы, наводзяць парадак! СМІ забыліся, што працэс патапленьня Масквы і Расеі экзатычнай навалай мае неабарачальны характар. Іх нішто не выратуе. Застаюцца мільёны чужаніцаў, якія ненавідзяць усё маскоўскае. Вось галоўны вынік вавілонскай мяшанкі рас.

Юрка Марозаў


Рабства ў сьвеце

17 кастрычніка 2013 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” апублікавала дадзеныя справаздачы дабрачыннай арганізацыі Walk Free. Паводле справаздачы, ў сучасным сьвеце каля 30 мільёнаў чалавек жывуць у рабстве, многія зь іх нарадзіліся ў рабстве. Справаздача згадвае такія краіны, як Індыя, Кітай, Пакістан, Нігэрыя.

Наш камэнтар: Падобна, што міжнародныя арганізацыі забываюцца пра 2 мільёны беларускіх работнікаў, якіх эксплуатуюць у Расеі. Пра беларусаў сьвет заўсёды схільны не згадваць. Але вельмі важна, каб пра гэта ведалі і памяталі самы беларусы.

Алесь Хадасевіч


Успомнілі пра расейскія турмы

18 кастрычніка 2013 г. дацкая газэта “Berlingske” напісала з Масквы пра справу затрыманых у Баранцавым моры актывістаў “Greenpeace”. Сярод затрыманых ёсьць датчанка. Газэта нагадвае дацкаму грамадзтву, што суайчыньніца патрапіла ў самыя тубэркулёзныя турмы Эўропы.

Наш камэнтар: Дзякуй, што заходнікі нагадалі пра гэта лішні раз. Толькі чаму яны забываюцца пра гэта ў іншыя дні, калі апісваюць Расею, як яна “ідзе да дэмакратыі”, якая яна “сучасная” і г.д. — ? Ды заадно беларусам падказваюць, як хораша “рэінтэгравацца ў больш дэмакратычную Расею”. Няхай пераканаюцца ў тым, што гэта такое на самой справе. Можа паразумнеюць.

Юрка Марозаў


Вугорскі пакутнік за Веру

19 кастрычніка 2013 г. славацкая газэта “SME” напісала пра рэлігійныя падзеі ў Будапэшце. Тысячы людзей на плошчы сьв. Стэфана ўзялі ўдзел у сьвяткаваньнях з нагоды абвяшчэньня Касьцёлам добрасным цывільнага сябра ордэна Салезіянаў Іштвана Шандара. Ён быў арыштаваны камуністычнымі спэцслужбамі, асуджаны на фальшывым працэсе і павешаны 8 чэрвеня 1953 года “за здраду айчыне”. Шандар быў работнікам друкарні і распаўсюджваў сярод моладзі каталіцкія выданьні, забароненыя ўладай.

Наш камэнтар: У нас (у Каталіцкім Касьцёле ў Беларусі) было шмат пакутнікаў за народ і веру, ахвяраў бальшавіцкай улады. Можа некалі і мы перастанем маўчаць.

Алесь Хадасевіч


Мяшанка рас і народаў

21 кастрычніка польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Расея для расейцаў”. У артыкуле распавядаецца пра падзеі ў Бірулёве, забойства азэрбайджанцам маладога маскоўскага чалавека і пра лакальны бунт супраць “чурак” (газэта выкарыстоўвае гэты тэрміні тлумачыць, што ён значыць для расейцаў). Улады і многія людзі ў Азэрбайджане патрабуюць выдачы забойцы Зэйналава на суд у Баку. Яны называюць мэтады, выкарыстаныя пры арышце і падчас сьледства над Зэйналавым “неадэкватнымі” і абяцаюць адпомсьціць расейцам, што жывуць у Азэрбайджане.

Наш камэнтар: Мяшанка рас і народаў — вялікае няшчасьце для людзей і народаў. А быў час, калі пасьля антыармянскіх пагромаў у Сумгаіце (каля Баку) у 1990 годзе расейцы пачалі ўцякаць з Азэрбайджана. Народны Фронт Азэрбайджана выставіў тады пікеты з лёзунгамі “Русские братья, не покидайте Азербайджан!”

Алесь Хадасевіч


З Масквой бессэнсоўна шукаць праўды

22 кастрычніка 2013 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Расейскі страх перад Катыньню”. Гэта ёсьць камэнтар на вэрдыкт Эўрапейскага Трыбунала па Правах Чалавека ў Стразбурзе, дзе было заяўлена, што Трыбунал ня можа даваць ацэнкі расейскаму сьледству ў справе расстрэлаў польскіх афіцэраў у 1940 г.

Наш камэнтар: Зразумела, што Масква баіцца раскрыцьця сваіх злачынстваў у Катыні, у Курапатах і г.д. Бароніць “свой гонар” Масква любымі сродкамі і паўсюль. Нават на стразбургскі трыбунал здолела паўплываць.

З гэтага ўсяго польскае грамадзтва павінна зрабіць выснову, што з Масквой бессэнсоўна шукаць праўды і справядлівасьці. Сярод іншага, ня трэба шукаць яе з падстаўленымі Масквой “мэмарыялістамі” кшталту падпалкоўніка-палітрука Кузняцова або псэўда-вязьня ГУЛАГу Раманоўскага. Праўды яны не адкрыюць, а якраз зробяць наадварот.

Юрка Марозаў