“МАЛАДЗЁВЫ” ЖАНР

Радыё Свабода паказала нам 25 кастрычніка “рэпэтыцыю ў касьцюмах” у выкананьні структуры пад назовам “Малады Фронт”. Перадзьездаўская рэпэтыцыя прайшла калі не пасьпяхова, то дастаткова сцэнічна. Цытуем з маналогаў асноўных акцёраў:

“Ідэалягічна наўрад ці нешта зьменіцца. Калі б былі такія ініцыятывы нешта ідэалягічна мяняць, я б, безумоўна выступіў супраць.

Трэба аддаваць уладу ў рукі маладзейшых і ня стрымліваць сваім пэсымізмам рэвалюцыйнага запалу больш маладых чальцоў арганізацыі.

Трэба адзначыць, што ў ідэалягічным пляне пэўная інтрыга ёсьць: будзе супрацьстаяньне паміж лібэральным крылом, якое прадстаўляе, напрыклад, Іван Шыла, і нацыяналістычна-хрысьціянскім крылом, сярод прыхільнікаў якога можна назваць Яўгена Скрабца ці Андруся Цянюту.

Сёньня ў палітычным жыцьці, і ня толькі ў Маладым Фронце, назіраецца часовы застой. Я спадзяюся, што новае кіраўніцтва разварушыць масы Маладога Фронту і дасьць новы подых жыцьця.

Мне здаецца, што сёньня Маладому Фронту патрэбнае больш кансэрватыўнае стаўленьне да рэчаў”. (Канец цытаваньня).

Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/25148116.html

Шматслоўнае схаластычнае гаварэньне, на жаль, так і не дазволіла нам зразумець, пра што йдзецца ў іхных маналогах. Але засталіся пытаньні. Куды ськіраваны згаданы “рэвалюцыйны запал”? Што такое “кансэрватыўнае стаўленьне да рэчаў”? Наогул, чым займаецца і да чаго імкнецца МФ? Такое ўражаньне, што ніхто з стракатай трупы над гэтым нават і не задумваўся.

Мы б і не кпілі з гэтага дзіцячага спэктакля і рэпэтыцыі (абы, як кажуць, не плакалі). Толькі ўжо цяпер зразумела, які ім будзе зададзены “новы подых жыцьця” дарослымі дзядзькамі з-за кулісаў. Безумоўна, на сваім “зьезьдзе з інтрыгай” палітюнгі прымуць рашэньне гукаць беларусаў на “выбары” і сказаць тыраніі “сваё не”.

Няўжо беларуская патрыятычная моладзь у гэтым не разьбярэцца?

Ян Булыга