ПАВЕЛ СЕВЯРЫНЕЦ НЯ ЗДОЛЕЎ КАЗАЦЬ ПРАЎДУ

Гэтая рэпліка напісана пасьля нядаўняй Інтэрнэт-канфэрэнцыі Паўла Севярынца, дзе ён ня здолеў сказаць праўду. Распавяду сьцісла аб тым, што бачыў і чуў падчас зьезду БНФ у 1999 годзе на тэму ўдзелу ў ім Паўла Севярынца. Перад пачаткам працы зьезду П. Севярынец падаваў знакі рукамі і голасам, рассаджваючы маладых людзей на асобных шэрагах крэслаў. Адзін з маладзёнаў даволі ветліва сказаў мне, што “тут месцы занятыя Маладым Фронтам”. Я ветліва адмовіўся пакінуць сваё крэсла, бо такі намер маладых людзей мне падаўся дзіўным і неадэкватным. І ў выніку сядзеў якраз пасярод “маладафронтаўцаў”. Дарэчы, сярод іх я ўбачыў шмат твараў (у асноўным хлопцаў), якіх я ніколі ня бачыў дагэтуль і ніколі ня ўбачыў потым. Пазьней у сакратарыяце зьезду мне патлумачылі, што Павел Севярынец літаральна за хвіліны да пачатку зьезду прыводзіў і рэгістраваў дэлегатамі нейкіх маладых асобаў, якіх раней ніхто таксама ня бачыў.

Падчас галасаваньня Павел Севярынец стаяў каля шэрагаў крэслаў з “маладафронтаўцамі”. Ён знакамі рук і ўголас камандаваў ім, як трэба галасаваць. Я выразна бачыў і чуў, як П. Севярынец камандаваў галасаваць супраць Зянона Пазьняка.

Павел Севярынец заяўляе няпраўду наконт вынікаў галасаваньня. У галасаваньні па кандыдатурах на пасаду Старшыні БНФ “Адраджэньне” Зянон Пазьняк апярэдзіў В. Вячорку на 4 галасы. Пазьней Л. Баршчэўскі на паседжаньні Управы БНФ спрабаваў шматслоўна растлумачыць нам, што (паводле прачытанага ім у сучасных амэрыканскіх энцыклапэдыях) такі вынік азначае, што за В. Вячорку было пададзена больш галасоў і ён стаў Старшынёй. У прысутных гэтая аргумэнтацыя выклікала зразумелую рэакцыю: сьмех.

Павел Севярынец згадвае таксама пра нейкую “нянавісьць” паміж удзельнікамі зьезду. Нянавісьці я ня памятаю. Нянавісьці не было і потым. Было спачуваньне асобам, якія сьведама калолі Фронт і рабілі гэта паводле сцэнара варожых Беларусі сілаў. Праз некалькі гадоў іншыя, маладзейшыя асобы выдалілі арганізатараў расколу са структуры, якую ў народзе справядліва называюць “псэўда-БНФ”.

Павел Севярынец падае непраўдзівую інфармацыю.

Валеры Буйвал