ВУГОРСКАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ

Уся Вугоршчына і многія людзі ў сьвеце 23 кастрычніка адзначылі чарговыя ўгодкі самага вялікага народнага паўстаньня супраць камуністаў і савецка-маскоўскай акупацыі. У гэты дзень у 1956 годзе спачатку ў Будапэшце, а потым па ўсёй краіне вугорцы заявілі, што ня хочуць камуны і маскоўскіх войскаў, і пачалі дзейнічаць.

Ад самага 1945 года ў краіне кіравала хунта з прамаскоўскіх камуністаў. Як і ў іншых бараках “сацыялістычнага лягеру”, мясцовая хунта капіявала ўсё тое, што адбывалася ў сталінскай саўдэпіі: калектывізацыю, здушэньне грамадзкай думкі і культуры, “прамываньне мазгоў”, ізаляваньне эўрапейскай краіны ад цывілізаванага сьвету, зьдзек з рэлігійных пачуцьцяў і касьцёлаў. Вугорцы змрочна жартавалі: “Усё насельніцтва падзелена на тры катэгорыі: тых, што сядзяць; тых, што адседзелі; тых, што яшчэ сядуць...” Мясцовыя спэцслужбы, вывучаныя вырадкамі з НКВД, катавалі і забівалі лепшых людзей нацыі. І вось у 1956 годзе пасьля ХХ зьезду КПСС вугорцы паверылі, што настаў новы час. Разгарнуліся дыскусіі, загучалі патрабаваньні рэформаў.

У кастрычніку паступілі зьвесткі пра пратэстныя выступы рабочых у польскім Познані. 23 кастрычніка студэнцкая моладзь арганізавала мітынг у падтрымку палякаў. На мітынгу выступілі актывісты, якія заклікалі да вываду савецкіх войскаў з Вугоршчыны, адмены цэнзуры, легалізацыі некамуністычных арганізацый, дэмакратызацыі грамадзкага жыцьця, адстаўкі ненавіснай бальшавіцкай хунты. Праз цэнтар гораду тысячы людзей пайшлі маршам да помніка польскаму генэралу Бэму, герою Вясны Народаў 1848 года. Да студэнтаў далучыліся рабочыя прадпрыемстваў, пачалося магутнае народнае рушаньне за вызваленьне радзімы. Людзі патрабавалі, каб урад узначаліў вядомы дзеяч кампартыі Імрэ Надзь, які таксама патрапіў быў пад перасьлед хунтай. Надзь спачатку разгубіўся і адмаўляўся ад новай гістарычнай ролі. Ён выйшаў перад шматтысячным мітынгам і пачаў сваю прамову: “Дарагія таварышы...” Мітынг загудзеў: “Мы больш не таварышы!..” Людзі вырывалі з нацыянальных сьцягоў ненавісныя камуністычныя сымвалы.

Хунта прыступіла да рэпрэсіяў, спрабуючы здушыць народны выступ. Калі масы няўзброеных людзей набліжаліся да ўрадавых і кампартыйных будынкаў, па іх адкрывалі агонь гэбоўскія зьвяругі. Стралялі разрыўнымі кулямі дум-дум. Ад такой зброі чалавек калі не гінуў, то станавіўся калекам. Убачыўшы гэтыя зьверствы, паўстанцы вырашылі ня браць катаў у палон. Вугорская армія амаль ад самага пачатку далучылася да народа. Афіцэры арміі і паліцыі адкрылі арсэналы і пачалі ўзброіваць людзей. Баявымі атрадамі камандавалі афіцэры, а таксама рабочыя. У хуткім часе камуна і яе спэцслужбы засталіся ў некалькіх месцах, заблакаваных паўстанцамі.

З Масквы паступіў загад ратаваць хунту. З вайсковых базаў выехалі савецкія танкі і пайшлі разбураць і душыць усё ў Бударэшце. Стралялі па людзях, па жылых дамах без разбору. Па ўсім Будапэшце народ пабудаваў барыкады і пачаў адбіваць атакі маскоўскага ворага. Нехта прыдумаў арыгінальны спосаб супраціву — “кухонную зброю”. Абаронцы выкладвалі перад барыкадамі шэрагі патэльняў, і танкісты, думаючы, што гэта міны, спынялі машыны. Юнакі і падлеткі стварылі невялікія атрады. Цудоўна ведаючы родны горад, яны перабягалі з квартала ў квартал па дахах дамоў і закідвалі танкі “кактэйлямі Молатава”. Саветы панесьлі цяжкія страты. Каля маста Альжбэты падлеткі спалілі цалкам вялікую танкавую калёну.

Гэта прымусіла акупантаў пайсьці на саступкі. Масква заявіла, што выводзіць свае войскі з Вугоршчыны. Яны сыходзілі прэч, пашкуматаныя і пераможаныя народам. Новы ўрад пачаў дэмакратычныя рэформы, прыняў рашэньне аб выхадзе краіны з Варшаўскай дамовы. Але ўжо 7 лістапада вугорскую мяжу прарвалі орды савецкіх танкаў. Вугорская армія ўступіла зь імі ў бой. Адбыліся нават танкавыя баі, дзе па абодвух баках дзейнічалі “Т-34”. Масква ўтварыла марыянэткавы ўрад пад кіраўніцтвам Янаша Кадара, які фармальна зьвярнуўся па дапамогу да Масквы (ужо пасьля пачатку інвазіі).

Савецкія танкі задушылі рэвалюцыю ў Будапэшце. Але ў розных правінцыях краіны ўзброены супраціў працягваўся яшчэ да канца лістапада 1956 г. Загінулі тысячы людзей. Многія паўстанцы разам з сем'ямі ўцяклі праз мяжу ў суседнюю Аўстрыю, дзе іх прымалі на загад уладаў. Але ў цэлым Захад не аказаў ніякай падтрымкі вугорскім паўстанцам. Захад быў заняты блізкаўсходнім крызісам, дзе якраз у гэтыя дні адбывалася вайна вакол Суэцкага каналу, Эгіпет заатакавалі войскі Вялікай Брытаніі, Францыі і Ізраіля.

Прамаскоўскі рэжым і савецкія акупанты на працягу некалькіх гадоў перасьледвалі патрыётаў. Тысячы чалавек былі ўвязьнены, сотні пакараныя сьмерцю. Загінулі Імрэ Надзь і многія ягоныя паплечнікі. Да самага 1989 года камуна рэгулярна тварыла акты вандалізму на іх магілах.

Вугоршчына ўрэшце вызвалілася ад маскоўскай акупацыі. Ушанаваныя жывыя паўстанцы і памяць ахвяраў. Моладзь выховаецца на прыкладзе продкаў, якія не збаяліся ўступіць у бітву з Імпэрыяй зла.

P.S. Як жа адзначылі ўгодкі Вугорскай рэвалюцыі “дэмСМІ” РБ? Флагман гэтых “дэм” — Радыё Свабода — аддаў свой эфір “гісторыку ўсіх гісторый” Бахарэвічу і той накляпаў тэксьцік, ад якога ў душы застаецца мярзотнае ўражаньне. Гэты спэц, як, зрэшты, заўсёды, перакатаў аргумэнтацыю і стыль з самай гнюснай савецкай гэбельсаўшчыны (якую ў цяперашняй расейскай прасторы сустрэнеш не штодня). Вось такая цяпер РС, зь якой у савецкі час мы атрымлівалі сапраўдную інфармацыю, калі там працавалі сапраўды творчыя людзі.

Валеры Буйвал