ЯК АРГАНІЗУЕЦЦА “ПАДЗЕЯ”

“Падзея” арганізуецца “падручнымі сродкамі”. Спачатку фармулюецца назоў-дэвіз. Гэтым разам групка прафанатараў (Раманоўскі-Шапуцька) запусьціла ў інфармацыйную прастору свой “дэвіз” — “Марафон”. У нармальных людзей гэта выклікала непрыемныя асацыяцыі з групавым беганьнем па магілах і месцах расстрэлаў. Няма і ніколі не было “марафонаў” у беларускай нацыянальнай і хрысьціянскай традыцыі правядзеньня мэмарыяльных мерапрыемстваў. Тут папахвае блюзьнерскай творчасьцю спэцоў, якія кіруюць прафанатарамі.

І вось 29 красавіка яны пабеглі свой “марафон”. “Марафонцаў” перасьледвала некалькі журналістаў і цяпер пра іх “знает вся страна” (а можа і “весь мір”). Яны пазіравалі з нацыянальнымі сьцягамі, сьвечкамі і нават з крыжом. Але галоўны эпізод адбыўся ў інтэр'еры. Радыё Свабода паведаміла, што з “марафону” асобаў завезьлі ў міліцэйскі пастарунак. Але вельмі добра, што іх ў хуткім часе выпусьцілі. На волю “марафонцы” вынесьлі відэасюжэт, зроблены “схаванай камэрай”. Паглядзець цікава. Камандуе парадам спадарыня Г. Сіўчык, з моцным расейскім акцэнтам. Купка (сярод яе бачныя Раманоўскі і Шапуцька) сьпявае нейкі рэлігійны тэкст насупраць вывешанага на сцэне сьцяга міліцэйскага падраздзяленьня. Уражаньні ад гэтай мізансцэны застаюцца кур'ёзныя, як ад нейкай недарэчнасьці.

У мінулыя гады сапраўды арыштаваныя патрыёты таксама траплялі ў гэтую залю РАУС. Там адбываліся першыя допыты і высьвятленьне асобаў. Адтуль арыштаваных людзей вывозілі на Акрэсьціна. Нікому не прыходзіла ў галаву арганізоўваць тады калектыўныя маленьні і сьпяваньні. Тым больш, што людзі ўвесь час заставаліся пад канвоем лукашэнкаўскіх службаў.

А тут, паглядзіце — проста хор імя Пятніцкага... Даўно вядома: дзе таварышы Раманоўскі, Шапуцька і хто-небудзь з Сіўчыкаў — там фальшывы тэатр і прафанацыя.

Да таго ж вядома, што кантора імкнецца навязаць беларускім нацыянальным суполкам штучныя прыкметы рэлігійнай секты.

Павел Гулевіч