НЯ ТРЭБА БАЯЦЦА СЬВЯТОГА КРЫЖА

(ліст у рэдакцыю)

На Дзень памяці продкаў 2 лістапада я прышла ў Курапаты. Адразу пайшла па Крыжовай Алеі на пагорак, які мы традыцыйна называем Кальварыяй. Там памалілася перад Трыма Крыжамі. А потым пачала зьбіраць сухое гальлё і лісьце з магілак каля крыжоў. І вось бачу па Алеі на Кальварыю ідуць чалавек 12, сьвятары Каталіцкага Касьцёла. Ды ня проста сьвятары, а важныя асобы, герархі. Я падышла да Трох Крыжоў, думала памалюся з сьвятарамі.

Усім кіраваў айцец Уладыслаў з Чырвонага Касьцёла. У невялікай групе сьвятароў былі прадстаўнікі Папскай Нунцыятуры і сам Нунцый. Я ўбачыла, як яны спыніліся перад вялікім каменем, а потым прысланілі да яго вянок, на якім было напісана “Ад Папскай Нунцыятуры”. Памаліліся і пайшлі. Я хацела была падказаць ім, што ў трох мэтрах ад гэтага каменя знаходзіцца сымвал Кальварыі — пакуты Гасподняй. У трох мэтрах стаяць велічныя Крыжы, вакол — сотні крыжоў на магілах беларускіх пакутнікаў, а мясцовыя герархі з прадстаўнікамі ватыканскай дыпламатыі маліліся на камень, на якім няма выявы Крыжа, і прысланілі да яго свой вянок. Нагадаю, што збоку на камені вісіць мэталічная шыльдачка, на якой напісана, што ў 1989 годзе Савет міністраў БССР паабяцаў паставіць у Курапатах помнік ахвярам рэпрэсій. Прамінула 24 гады, няма ўжо ні саўміна, ні БССР, ні фармальнай улады камуністаў. Абяцанка абяцальшчыкаў дагэтуль ня выканана. Яно й добра, таму што яны (калі б існавалі яшчэ ў сваёй уладзе) паставілі б у Курапатах якую-небудзь бэтонную “Родіну-маць” з чырвонай зоркай. Некаторы час гэтай кур'ёзнай шыльды не было на камені. А некалькі гадоў таму асобы з псэўдаапазыцыі (Янукевіч, Сіўчык і іншыя) аднавілі яе. Задумка зразумелая — павінен існаваць вялікі прадмет, які блытаў бы людзей і прэтэндаваў бы на ролю галоўнага цэнтру усяго Мэмарыялу. Маўляў, цэнтрам зьяўляецца не выява Сьвятога Крыжа, а вялікі камень-булыга з мэталічнай абяцанкай ад неіснуючага саўміна БССР.

На вялікі жаль, многія людзі сапраўды блытаюцца. Савецкая звычка настолькі моцная, што іх цягне да саўмінаўскага каменя, яны ўскладаюць да яго кветкі і г.д. Яны забываюцца, што каменю, сасьне, німфам, крыніцам і падобнаму пакланяліся і пакланяюцца паганцы. Сьвяты сымвал хрысьціяніна — Крыж. Я пішу банальныя, агульнавядомыя рэчы. Але сёньня я ўбачыла, як каменю пакланяліся герархі Касьцёла, не зважаючы на Крыжы. Безумоўна, адказнасьць за гэты дзіўны рытуал ляжыць на мясцовых сьвятарах. Яны так патлумачылі прадстаўнікам замежжа. Маўляў, так тут прынята. Тыя, мабыць, паціснулі плячыма і пагадзіліся (хаця гэта вельмі дзіўна).

Ёсьць і яшчэ пытаньне да герархаў. У гэты Дзень Памяці яны прышлі ў Курапаты з сваім вянком у маленькай групцы. Чаму яны не зьвярнуліся да людзей у касьцёлах з заклікам-запрашэньнем далучыцца да малітвы ў Курапатах? Чаго і каго яны збаяліся? Чаму яны баяцца заклікаць беларусаў ісьці ў Курапаты і маліцца на магілах пакутнікаў, бараніць ад вандалаў сьвятыню, не забывацца пра яе?

Ужо вядома, што яны ў герархіі баяцца выявы Сьцяга Хрыста — Бел-Чырвона-Белага Сьцяга. На пілігрымках, на службах нідзе ня ўбачыш сьвятой беларускай сымволікі. Няхай тады прызнаюцца герархі — “мы баімся ўладаў, ня хочам канфліктаваць зь імі”. Дык мы б паспачувалі герархам, папрасілі б заступіцца за Сьцяг Хрыста Папу Францішка. Толькі, калі ласка, ня трэба маўчаць і рабіць выгляд, што ўсё неяк склалася само сабой. У касьцёлах вельмі шмат дарослых людзей, якія ўсё разумеюць.

І я ўсё разумею. Толькі адно застаецца загадкай — чаму яны баяцца Сьвятога Крыжа?

Марына Вайцяшонак