ПАДЗЕЯ АГУЛЬНАНАРОДНАГА ЗНАЧЭНЬНЯ

Фрагмэнт залі. Нью-Ёрк. Новы Ёрк.

Святар Леанід ля стэнда. Новы Ёрк.

Выступае Ганна Сурмач. Новы Ёрк.

Выступае Галіна Пазьняк. Новы Ёрк.

(Да 25-й гадавіны Беларускага Народнага Фронта)

19 кастрычніка 1988 года — знамянальны дзень у беларускай гісторыі, дзень, які зьмяніў яе хаду. Гэта дзень утварэньня Беларускага Народнага Фронта “Адраджэньне”.

Сёлета (2013 г.) 25-я ўгодкі Фронта адзначылі ўсе беларусы, якім дарагая нашая Бацькаўшчына, яе будучыня, яе незалежнасьць.

Беларусы, якія знаходзяцца ў Нью-Ёрку, сьвяткавалі гэтую падзею 3-га лістапада ў грамадзкай залі Сабору імя Св. Кірылы Тураўскага. Сьвяточная заля, упрыгожаная беларускімі нацыянальнымі сымваламі і выстава “Беларускаму Народнаму Фронту — 25 год!” — сьведчаньне нашага нацыянальнага імкненьня да чысьціні і прыгажосьці, а ў сьвяты — да ўрачыстасьці. Таму пачалася імпрэза з узьнёслага гімну Народнага Фронта (аўтарства С. Сокалава-Воюша):

Айчына, сьветлы вобраз твой
Нязьменны наш маяк.
Хай цемра ладзіць нам канвой,
Я добра бачу, як працяг суседняга плача
Жыве ў маім плячы.
І людажэрам-крумкачам нас не перамагчы!
Фронт, Фронт, Фронт!
Ён маё і тваё абуджэньне,
Ён народу майго Адраджэньне,
Фронт, Фронт, Фронт!

Для нас, удзельнакаў мінулых вялікіх падзеяў, прыемна было ўспомніць часы, калі мы ўсе змагаліся супраць камунізму за беларускую незалежнасьць; для маладзейшых беларусаў цікава было пачуць і даведацца пра шмат якія факты з нашай найноўшай гісторыі, з гісторыі Народнага Фронту.

Айцец Леанід (Акаловіч) прачытаў малітву ў памяць адышоўшых змагароў Народнага Фронту — Васіля Быкава, Міхася Дубянецкага, Ігара Герменчука, Галіны Сямдзянавай, Яўгена Куліка і іншых вялікіх нашых людзей, — і імпрэза пачалася.

У сваім уступным слове старшыня Бруклінскага аддзелу БАЗА Тацьцяна Красоўская падкрэсьліла вялікую ролю БНФ “Адраджэньне”, які ўпершыню за 200 гадоў расейскай акупацыі дамогся рэальнай дзяржаўнай незалежнасьці, нягледзячы на велізарныя цяжкасьці ў сваім змаганьні. Гэта было зьвязана з тым, што на Беларусі не было нацыянал-камуністаў. На месцы зьнішчаных нацыянальных кадраў падчас рэпрэсіяў Масква прысылала свае, з Расеі. Яны і стварылі тут атмасфэру непрыняцьця, грэблівых адносінаў да ўсяго беларускага.

“Роля, якую ўзяў на сябе Народны Фронт, — казала сп. Красоўская, — гэта роля выратаваньня Беларускай нацыі і аднаўленьня Беларускай дзяржаўнасьці, свабоды і дэмакратыі. За часы СССР беларускі народ быў культурна прыгнечаны. Народ ня ведаў сваёй вялікай гісторыі (пры камуністах гісторыя Беларусі пачыналася з 1917 года), беларуская мова была зьнішчана ў гарадах (дзе пражывала 80 адсоткаў беларусаў), эканоміка была каляніяльнай (амаль палову свайго нацыянальнага прыбытку Беларусь, як даніну, аддавала Маскве), народ Беларусі ў складзе імпэрыі не валодаў сваёй тэрыторыяй, прыроднымі багацьцямі, вытворчымі рэсурсамі і г. д. Вялікія задачы, якія паставіў перад сабой Народны Фронт, ён выканаў выдатна, і ў вельмі складаных умовах дамогся найбольшых вынікаў, якія былі магчымыя — незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны. Вялікую ролю ў гэтым змаганьні адыграў Зянон Пазьняк.”

Айцец Леанід — удзельнік тых падзеяў — падкрэсьліў значэньне той тактыкі змаганьня, якую выбраў Народны Фронт. Першая яго акцыя “Дзяды” — была важнай у адраджэньні нашай беларускай традыцыі, і сталася вельмі правільнай тактыкай змаганьня: яна не правакавала праліцьцё крыві і насільля (што здарылася ў Тбілісі ды Вільні), а наадварот, была ськіравана на тое, каб аб'яднаць народ, сьвяткуючы Дзень задушны.

“Дзяды, — адзначыў айцец Леанід, — гэта наша мінулае і наша будучае. Дзякуючы Народнаму Фронту, гэтае сьвята стала ня проста сямейна-родавым сьвятам, а ператварылася ў зьяву больш шырокую, нацыянальную, грамадзкую. Народны Фронт зрабіў Дзяды сакральным сьвятам беларусаў. Гэты дзень стаўся Днём памяці тых, хто загінуў ад НКВД, ад сталінізму, які зьнішчаў лепшых: інтэлігенцыю, працавітых сялян і рабочых, астатніх жа (праз страх) ператвараў у нявольнікаў. Хто не згаджаўся — расстрэльвалі.

Фронт дапамог аднавіць традыцыю і ўваскрасіць памяць пра бязьвінныя ахвяры сталінізму. Дзякуючы адкрыцьцю Курапатаў, паступова сталі вядомыя і іншыя таямніцы сталінізму. Зараз ўжо існуе Народны Мэмарыял — Курапаты. Тут паўсталі Крыжы і агульныя, і канкрэтныя, з прозьвішчамі загіблых людзей.

Адкрыўшы Курапаты, Зянон Пазьняк, навукова даказаў, што за саветамі адбываўся генацыд беларускага народа. Гэта ўскалыхнула людзей, абудзіла яго на змаганьне супраць камунізму.

Нягледзячы на жаданьне камуністычнага рэжыму расправіцца з Народным Фронтам падчас гэтага масавага сьвята на Маскоўскіх могілках Менска і праліць беларускую кроў 30 кастрычніка 1988 г., кіраўнік БНФ Зянон Пазьняк папярэдзіў людзей, заклікаў не адказваць на правакацыю ўлады, не ўвязвацца ў бойку, і павёў людзей праз поле на Курапаты. Там, у полі, упершыню быў падняты Бел-Чырвона-Белы сьцяг.”

Ганна Сурмач — удзельніца сходу, на якім быў утвораны Аргкамітэт БНФ, — успамінала пра сакрэтнасьць, у якой ішла падрыхтоўка да сходу 19 кастрычніка 1988 г. (запрашэньне на сход па ўтварэньні Мартыралёга Беларусі ёй прынесьлі літаральна за дзьве гадзіны да пачатку). Спадарыня Сурмач казала пра ўтварэньне БНФ як аб падзеі агульнанацыянальнай, пра значэньне БНФ як агульнанароднага руху.

“Беларуская нацыянальная ідэя за часы савецкай імпэрыі як бы ляжала пад спудам. Арганізацыя Народнага Фронту дазволіла ўсім (падкрэсьліла спадарыня Ганна), для каго яна была важнай, — дзейнічаць. Усе, хто быў духоўна падрыхтаваны, былі з Народным Фронтам. Таму гэта быў сапраўды народны рух.”

Спадарыня Сурмач успомніла першы Ўстаноўчы зьезд БНФ “Адраджэньне”, правесьці які ў Беларусі ўлады не дазволілі і які адбыўся ў Вільні: “Нашыя летувісцкія сябры прынялі нас вельмі добра, прадставілі вялікае памяшканьне для нашага зьезду, і ён прайшоў урачыста. Заля была перапоўнена дэлегатамі і гасьцямі Зьезду. Адчувалася адзінства і агульнае узрушэньне. На Беларусь мы вярталіся з узьнёслым настроем, акрылённыя адбыўшыміся падзеямі”.

Прааналізаваўшы сытуацыю ў Беларусі за часы камуністычнага панаваньня і параўнаўшы яе з сытуацыяй у іншых савецкіх рэспубліках, Галіна Пазьняк абмалявала тыя цяжкія ўмовы, у якіх вырастала беларускае Адраджэньне (калі здэнацыяналізаванаму насельніцтву беларусаў трэба было цярпліва тлумачыць, чаму неабходна адраджаць нашую беларускую мову, чаму неабходна дамагацца незалежнасьці і свабоды). З цікавасьцю аўдыторыя слухала яе ўспаміны пра першыя фронтаўскія мітынгі:

масавы мітынг на стадыёне “Дынама” у Менску (19 лютага 1989 г.);

100-тысячны перадвыбарчы мітынг 26 лютага 1990 г. (калі плошча прыняла рэзалюцыю патрабаваць простага эфіру на тэлебачаньні для прадстаўнікоў Народнага Фронту, каб растлумачыць мэты і задачы народнага руха);

Чарнобыльскі Шлях (30 верасьня 1990 г.), які стаўся ўсебеларускай акцыяй пратэста супраць засакрэчваньня вынікаў Чарнобыльскай катастрофы;

першую антыкамуністычную дэманстрацыю 7 лістапада 1990 г., калі адбыўся сымвалічны акт — вяртаньне камуністычнаму ідалу Леніну “дароў” камунізма: пудзіла НКВД, ГУЛАГа, адзеньне палітвязьняў, вісельні, наручнікі і іншыя атрыбуты НКВД.

“Палымяныя і зьмястоўныя прамовы лідараў Фронту на масавых акцыях, — казала Галіна Пазьняк, — дапамагалі людзям асэнсаваць неабходнасьць барацьбы за незалежнасьць як адзінае выйсьце і выратаваньне нацыі ад зьнікненьня з мапы гісторыі. І якім бы сёньня ні было цяжкім нашае змаганьне з прамаскоўскім рэжымам Лукашэнкі на Беларусі, мы мусім працягваць нашую барацьбу, калі нам дарагая нашая сьвятая Бацькаўшчына.”

Гаворачы пра значэньне Беларускага Народнага Фронта ў беларускай гісторыі, выступоўцы адзначылі вялікую і рашаючую ролю Зянона Пазьняка як кіраўніка арганізацыі, як сапраўднага нацыянальнага лідэра ў барацьбе за сьветлую будучыню Беларусі. Прысутныя пагадзіліся, што ўтварэньне БНФ — падзея агульнанацыянальная.

Падчас сьвяточнай імпрэзы зачытваліся ўрыўкі з успамінаў Зянона Пазьняка “Курапаты. 10 гадоў пасьля”, дэманстраваліся фатаграфіі тых падзеяў і фільм пра візыт прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі Біла Клінтана ў Беларусь у 1994 годзе, пра яго наведваньне Курапатаў.

Атрымалася добрае сьвята. Усе прысутныя прышлі на імпрэзу з добрымі сэрцамі і зацікаўленьнем удзельнічалі ў імпрэзе.

Як добра, калі ўсюды — у хаце, у грамадзкай залі, на сустрэчы — зьбіраюцца свае, блізкія людзі — беларусы, якія жывуць Бацькаўшчынай.

Марыля Якушэвіч