НЯВЕЧАЦЬ ДУШЫ ДЗЯЦЕЙ

У Сеціве разыходзіцца кліп, які пасланы ад Беларусі на конкурс дзіцячага “Эўрабачаньня-2013”. На ім паказаны 11-гадовы Ілюша Волкаў са шматлікай падтанцоўкай. Зразумела, што нашу акупаваную краіну можа прадстаўляць толькі песьня на расейскай мове. Так было заўсёды пад васальным прамаскоўскім рэжымам.

Але гэта ня проста замена роднай мовы чужым лексічным сурагатам (хаця невядома, ці зь беларускай сям'і падлетак Волков). Тут назіраецца цэлы комплекс дэструктыўных захадаў з боку лукашыстоўскіх “дзеталюбаў”. Голас у І. Волкава і незакамплексаванасьць на публіцы ёсьць. Яго і шматфігурную падтанцоўку з іншых дзяцей і дарослых запхнулі ў бэтоннае, змрочнае сутарэньне. На фонавай сьцяне сутарэньня вялізнымі каракулямі з дапамогай распыляльніка напісалі імя нашай краіны па-ангельску. Такім чынам арганізатары падказалі дзятве, як трэба забаўляцца з фарбамі ў сутарэньнях і іншых грамадзкіх месцах, а таксама ў якіх фарбах трэба ўспрымаць імя нашай краіны. Змрочнымі па-хэлуінску ёсьць ня толькі фарбы ў гэтай пастаноўцы. Змрочнае тут усё. Голас выканаўцы зрываецца на дзікія пералівы. Што, аднак, выклікае дэманстрацыю задавальненьня ў дзяцей з падтанцоўкі і ў статыстаў, якія ўдаюць “молодых белорусскіх пап і мам”. Дрыганьне ва ўсіх “хіповае” і “озорное”.

На наш погляд, з гадамі назіраецца сістэматызацыя дэмаралізатарскага стылю і вобразнага ладу сюжэтаў, што пасылаюць на дзіцячае “Эўрабачаньне”. Даўняя лаўрэатка К. Сітнік у параўнаньні з гэтым “хэлуінам” успамінаецца нам дастаткова настальгічна. У яе выступе не было нічога беларускага, але была пэўная нармальнасьць. У выпадку з апошнім кліпам неабходна тэрміновае ўмяшальніцтва спэцыялістаў па псіхіятрыі. Перш за ўсё яны павінны ратаваць ад русіфікатарскай “эстэтыкі” дзяцей, а потым трэба б было займацца дарослымі арганізатарамі гэтага відовішча. Вядома, на жаль, што рабіць гэтага ня будуць.

Беларусам зноў трэба ратаваць сваіх дзяцей самастойна. Бываюць у кожнага народа такія цяжкія пэрыяды. Досьвед іншых народаў сьведчыць, што ратавацца і ратаваць значна лягчэй аб'яднаўшыся разам на аснове сваёй мовы і іншых нацыянальных каштоўнасьцяў, у непрыняцьці ўсяго антычалавечага і антынацыянальнага, што навязваюць акупанты.

Валеры Буйвал